Чаму Кітай не дапамагае Пуціну зброяй? Інтэрв'ю з Пітэрам Залмаевым


Кітай хоча згарнуць «спецыяльную ваенную аперацыю»: быў дадзены сур’ёзны сігнал Расеі, што ён не пацярпіць рыторыку аб выкарыстанні ядравай зброі. Як Пекін намякнуў, што Пуцін варʼят? Чаму Сі Цзінь Пін ім вельмі незадаволены? Фрагмент інтэрвʼю Сяргея Пелясы з Пітэрам Залмаевым, украінскім палітолагам-міжнароднікам, журналістам, прэзідэнтам Еўразійскай дэмакратычнай ініцыятывы. Поўная версія – у відэа.

Сяргей Пеляса: Як вам бачыцца пазіцыя Кітаю? У Расеі ёсць толькі два саюзнікі – рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі і іранскі рэжым. Кітай складана назваць саюзнікам Расеі. Мне здаецца, Пекін аддаляецца ад рэжыму Пуціна пры ягоных паразах на фронце. Як вам бачыцца перспектыва падтрымання камуністычным Кітаем пуцінскага рэжыму? Пуцін усё яшчэ спадзяецца на нешта з боку Сі Цзінь Піна. Ён запрасіў яго ў Расею вясной.

Пітэр Залмаеў: Сі Цзінь Пін пастаўлены ў вельмі няёмкае становішча рашэннем Уладзіміра Пуціна наконт поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Паступова мы складаем гэтыя кавалачкі мазаікі, што на самой справе адбылося, калі яны заключылі напярэдадні Алімпійскіх гульняў дамову аб дружбе і любові назаўжды. Ужо стала відавочным, што Пуцін недагаварыў шмат чаго Сі Цзінь Піну. Паабяцаў, што ўсё будзе шыта-крыта, без шуму і пылу, і хутка. Усё сталася, як сталася. Зразумела, Кітай не быў папярэджаны, таму тут прысутнічае элемент непаразумення і крыўды. Мы ніколі пра гэта не пачуем ад кітайскага кіраўніцтва, бо гэта пытанне легітымнасці і дамоваздольнасці кітайскага кіраўніцтва.

Дэзавуявання якіх-небудзь дамоўленасцяў з Расеяй афіцыйна не будзе, але ўсё паказвае на тое, што кіраўніцтва Кітая незадаволенае тым, як усё ідзе. І нават з дапамогаю сваіх нейкіх сурагатаў з ліку экспертаў і прадстаўнікоў МЗС змясціла ананімна ў газеце «Financial Times» публікацыю пра тое, што Пуціна ў Пекіне лічаць вар’ятам (гэта літаральная цытата), што спрабуюць нейкім чынам паспрабаваць згарнуць гэтую «спецыяльную ваенную аперацыю».

Мы бачылі летам, што Кітаем быў дадзены сур’ёзны сігнал Расеі, што Кітай не пацярпіць рыторыкі пра выкарыстанне ядравай зброі. Таксама Кітай даслаў сігнал Маскве, што ён цяпер – гарант тэрытарыяльнай цэласнасці цэнтральнаазіяцкіх рэспублік. Я кажу пра Казахстан, у прыватнасці. Кітай ужо атрымлівае свае дывідэнды ад аслабленай Расеі, якая на нашых вачах становіцца ў пазіцыю васальнай залежнасці ад Кітаю. Расея на нашых вачах губляе ўплыў у Казахстане. Гэтым тлумачыцца куды актыўнейшая пазіцыя Казахстану. Казахі нядаўна паставілі ў нас юрту нязломнасці ў Кіеве, куды людзі могуць прыйсці пагрэцца, падладаваць тэлефоны. Гэта раз’юшыла Марыю Захараву. Казахі сказалі, што гэта іхная прыватная ініцыятыва. Арменія ў 2023 годзе выйдзе з шэрагаў АДКБ. І Казахстан можа выйсці. Мы ўжо бачым вынікі грубага праліку Пуціна. Зразумела, Кітай усё роўна возьме сваё. Я думаю, што галоўны разлік Пуціна – што Кітай дапаможа Расеі – не спраўдзіўся. Кітай не гатовы дапамагаць Расеі зброяй у той колькасці, якая цяпер дазволіць Пуціну пераламіць сітуацыю на полі бою.

СП: Я думаю, што маюць рацыю тыя, хто лічыць Пуціна хутчэй вар’ятам, чым разважлівым цынікам. Уся глабальная сітуацыя вакол Расеі – страта пазіцыяў, санкцыі, выгнятанне Расеі з Паўднёвага Каўказу і з усёй Цэнтральнай Азіі (там усюды ўваходзіць Кітай, і ў больш паўднёвыя дзяржавы таксама) – кажа пра тое, што ён не зусім адэкватны і ўвязаўся ў авантуру, якая яму не па сілах.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 13.02.23

Стужка навінаў