Як справы ў ФК «Слуцк», які ў 2020 годзе стаў вядомы на ўвесь свет


Сезон каманда завершыла на восьмым месцы, перагуляўшы ў апошнім туры з лікам 5:4 у гасцях «Гомель». Цяпер на некаторых гульцоў клубу ёсць попыт, а сам клуб сядзіць без грошай яшчэ з восені.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sfc-slutsk.by

Чаму «Слуцк» стаў вядомы?

У 2020 годзе ўсе футбольныя чэмпіянаты свету спыніліся праз каронавірус, і толькі беларускія клубы працягнулі гуляць. На чэмпіянат Беларусі ўпершыню ў яго гісторыі звярнулі ўвагу ва ўсім свеце. Асабліва замежнікаў зацікавіў ФК «Слуцк», бо па-англійску назва сугучная з словам «slut» (шлюха). Камандай нават зацікавіліся ў Аўстраліі. А група падтрымання клубу на сёння складае амаль 6 тысяч чалавек. Праўда, ніякіх вялікіх бонусаў з сваёй раптоўнай папулярнасці «Слуцк» атрымаць не змог.

Што было далей?

На самым пачатку футбольнага сезону 2020 года ў так званай «цукровай справе» быў затрыманы дырэктар слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік, дзякуючы якому фінансавае становішча ў футбольнага клубу было досыць стабільнае. Але пасля затрымання Прудніка ў ФК «Слуцк» адразу ўзніклі складанасці з грашыма. Усё ж клубу ўдалося выжыць і захаваць месца ў эліце. А яго былы гаспадар атрымаў 11 гадоў калоніі. Нашмат менш пашанцавала ФК «Гарадзея». Пасля пасадкі на 13 гадоў дырэктара гарадзейскага цукровага заводу Міхаіла Крыштаповіча каманда была расфармаваная. А з чэмпіянату Беларусі знікла адна з фішак – цукровыя дэрбі. «Слуцк» змог захаваць месца ў эліце, заняўшы 14-ае месца. На наступны год «Слуцк» быў 9-ты. Праз год фінішаваў на два радкі ніжэй.

Што цяпер?

Нягледзячы на самы паспяховы за апошнія гады сезон, сітуацыя ў «Слуцку» досыць цяжкая.

У сярэдзіне восені ў клубу скончыліся грошы, з футбалістамі не разлічыліся за сезон. Падвіслі заробкі і прэміяльныя мінімум за тры месяцы. Гульцы думаюць шукаць іншыя клубы, хаця кіраўнік клубу Віталь Бунас кажа, што ўсё будзе добра, хоць такі аптымізм выклікае ў некаторых сумневы, адзначае ў размове з «Белсатам» спартовы журналіст з Беларусі.

Але лідары каманды ўжо разглядаюць варыянты. Сяргей Пушнякоў, які правёў найлепшы сезон у кар’еры (30 гульняў і 7 галоў), заявіў аднаму з футбольных рэсурсаў, што шукае новае месца працы і сумняваецца ў будучыні «Слуцку».

– Чакаю, што будзе са «Слуцкам». Да гэтага часу не выплацілі грошай. Не факт, што каманда застанецца, – заявіў Сяргей Пушнякоў.

Паводле нашай інфармацыі, міністр спорту Сяргей Кавальчук унёс чатырох футбалістаў клубу – Яўгена Вялько, Ілью Бранаўца, Паўла Шчарбачэню і Юрыя Астравуха – у чорныя спісы і забараніў іх заяўляць у гульні за клуб. Згодна з версіяй Кавальчука, гэты квартэт выступаў супраць уладаў. А ўвесну гэтага года Кавальчук не падпісаў клубу «План развіцця», і каманда на ўвесь сезон засталася без сталага фінансавання. Цукровы завод як бы і не супраць фінансаваць клуб, але не можа гэтага зрабіць, пакуль не будуць падпісаныя адмысловыя паперы. Бунас спрабаваў выказаць лаяльнасць да ўладаў, але пакуль не дасягнуў пастаўленых мэтаў, хаця большую частку сезону плаціў футбалістам, трэнерам і працаўнікам.

Цяжка сказаць, ці ўдасца захаваць слуцкі футбольны клуб, ці яго чакае лёс «Гарадзеі», якая знікла ў канцы 2020 года. Але факт застаецца фактам – усе беларускія клубы сёння залежаць ад дзяржавы. Мы бачылі, як расправіліся з «Шахцёрам», «Энергетыкам», БАТЭ і зрабілі чэмпіёнам менскае «Дынама». Цяпер у беларускім футболе стала яшчэ менш грошай, і не выключана, што некаторыя клубы могуць проста знікнуць, кажа наш суразмоўца, журналіст з Беларусі.

У «Слуцку» спадзяюцца на выпраўленне сітуацыі. Але інфармацыя пра вялікія праблемы з фінансамі прыходзіць не толькі адтуль, а яшчэ з Бабруйску, Смаргоні і іншых беларускіх гарадоў.

Аналітыка
Менскае «Дынама» – чэмпіён Беларусі па футболе. Справа ў намёках Лукашэнкі?
2023.11.26 16:24

АС belsat.eu

Стужка навінаў