У Варшаве і онлайн пакажуць спектакль паводле раману «Сфагнум» Віктара Марціновіча


Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» завяршае год прэм’ераю паводле раману «Сфагнум» Віктара Марціновіча. 

Афіша спектаклю «Сфагнум». Крыніца: Незалежная тэатральная група «Купалаўцы»

«У няпростым 2022 годзе гэта наш пяты поўнафарматны спектакль з жывою прэм’ераю на тэатральнай сцэне і онлайн. Праца дапамагае нам быць бліжэй адно да аднаго, адчуваць глядацкую падтрымку, рассейвае цемру і дорыць надзею на выхад з адвечнай багны. Ці нават на саму пераацэнку гэтай з’явы. У гэтым снежні мы зацягнем вас у нашае балота», – адзначаюць купалаўцы.

Спектакль пройдзе ў Варшаве 22 снежня а 19:00 на гасціннай сцэне драматычнага тэатру «Scena Przodownik».

Онлайн-трансляцыю можна будзе паглядзець на YouTube-канале.

«Сфагнум» – гэта сума назіранняў за тым, як дзіўна ўсё ўладкавана ў сучаснай Беларусі, сфармуляваная ў не зусім цэнзурнай форме. Гэта не спектакль пра вёску. Гэта не спектакль пра балота. Гэта спектакль пра абсурд, у які пагрузілася Беларусь.

Што значыць сфагнум? Сфагнум – гэта балотная расліна, тарфяны мох. Як кажа адзін з герояў п’есы: «Тут з яго ўсё, паглядзіце пад ногі: купіны – жывы сфагнум, торф – перагнілы сфагнум. Партызаны сухі сфагнум бралі замест бінтоў і ваты. А людзі мясцовыя, калі хаты будуюць, сфагнум між бярвення кладуць, каб цёпла было. А яшчэ ён гарыць добра. Сфагнум – лекі, сфагнум – паветра, сфагнум – агонь, сфагнум – вада, сфагнум – зямля пад нагамі. Уся краіна – сфагнум».

А што адбываецца на гэтым балоце? Трое маладзёнаў, можна сказаць, «злачынцаў-пачаткоўцаў», правальваюць першую сур’ёзную справу, даручаную ім бандай. Яны губляюць грошы і вырашаюць схавацца ў аддаленай беларускай вёсачцы. Аднак вёска не такая простая, і тут жывуць зусім не такія простыя людзі…» – кажуць пра спектакль купалаўцы.

Раман Віктара Марціновіча «Сфагнум» рэпрэзентаваны ў беларускім перакладзе Віталя Рыжкова.

Рэжысёр, аўтар інсцэнізацыі – Аляксандр Гарцуеў. Сцэнаграфія, касцюмы – Аляксандра Канарска. Мастачка святла – Моніка Сідар. Памочнік рэжысёра – Пётр Непагода.

Ролі выконваюць: Сяргей Чуб, Мікалай Стонька, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Казела, Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Ігар Сігоў.

У спектаклі выкарыстаная музыка Міхала Клеафаса Агінскага, Антоньё Вівальдзі, Жана-Марка Біркгольца, Aляксандра Зелянкf.

belsat.eu

Стужка навінаў