У Расеі можа распачацца вытворчасць іранскіх дронаў


Масква і Тэгеран дамовіліся наладзіць вытворчасць іранскіх дронаў у Расеі. Пра гэта піша газета The Washington Post, спасылаючыся на звесткі выведкі і знаёмых з пытаннем чыноўнікаў.

Іранскі беспілотнік Mohajer-6 .
Фота: Army Recognition

Масква і Тэгеран напачатку лістапада дамовіліся распачаць вытворчасць іранскіх дронаў у Расеі. Зараз ідзе перадача тэхналогіяў і кампанентаў. Вытворчасць плануюць запусціць цягам некалькіх месяцаў, паведамляе газета The Washington Post са спасылкаю на крыніцы.

Выданне канстатуе, што, здабыўшы ўласную зборачную лінію, Крэмль атрымае магчымасць павялічыць свае запасы адносна танных, але вельмі разбуральных сістэм узбраення, якія ў апошнія тыдні змянілі характар вайны ва Украіне. Расейскія войскі атакуюць іранскімі беспілотнікамі грамадзянскую інфраструктуру, у тым ліку энергааб’екты.

Таксама гэтая ўгода з Тэгеранам дапаможа Маскве задаволіць вострую патрэбу ў высокадакладных боепрыпасах, якіх не хапае пасля дзевяці месяцаў вайны.

Іран пры гэтым атрымае грошы ад Крамля і можа пазбегнуць заходніх санкцыяў, спасылаючыся на тое, што дроны для вайны фізічна будуць збірацца не на іранскай тэрыторыі.

Раней паведамлялася, што ў дадатак да беспілотнікаў-камікадзэ Іран збіраецца пастаўляць Расеі дальнабойныя балістычныя ракеты.

Hавiны
Расею абвінавацілі ў перадачы Ірану захопленай заходняй зброі ў абмен на дроны
2022.11.09 08:54

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў