Разбіраемся, чаму Беларусь засталася без тэлетрансляцыяў чэмпіянату свету па футболе – 2022


У нядзелю ў Катары стартуе 22-і чэмпіянат свету па футболе. Упершыню топ-турнір такога ўзроўню не будзе трансляваць Белтэлерадыёкампанія. Суўдзел беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі ва Украіне прывёў да шостага пакету санкцыяў Еўразвязу, з-за чаго беларускія заўзятары пазбавіліся магчымасці назіраць на тэлеэкранах не толькі матчы зборнай краіны ў Лізе нацыяў, але і гульні еўрапейскіх кубкавых турніраў.

Вуліцы Дохі ўвечары. Катар гатовы да чэмпіянату свету па футболе, які пачнецца 20 лістапада 2022 г.
Фота: Igor Kralj / PIXSELL / Forum

У першае дзесяцігоддзе незалежнасці Беларусь не клапацілася пра набыццё правоў на паказ чэмпіянатаў свету і Еўропы па футболе. У краіне транслявалі тэле- і радыёпраграмы з пераемніцы СССР – Расеі.  Тое, што купляла, напрыклад, ОРТ, спачатку Дзяржтэлерадыё Рэспублікі Беларусь, а потым і Белтэлерадыёкампанія спажывалі задарма. У 2002 годзе «лаўка» прыкрылася. Амаль. Нямецкая кампанія «KirchMedia», трапіўшы ў фінансавы крызіс, як узгадвае «Наша Ніва», прапільнавала ўласныя абавязкі да канца і забараніла Расеі выводзіць сігнал за межы краіны. Беларусь не ўбачыла ў жывым эфіры афіцыйнага адкрыцця чэмпіянату планеты, які дваццаць гадоў таму ўпершыню прымалі дзве краіны – Японія і Паўднёвая Карэя. Але матч-акрыццё паміж зборнымі Францыі і Сенегалу з’явіўся на экранах. Групавыя турніры зноў засталіся па-за межамі ўвагі беларускіх заўзятараў, але гульні раўнду плэй-оф Белтэлерадыёкампанія рэтранслявала з каналу НТВ+. Энтэвэшнікі пагражалі падаць у суд, пытанне развязвалася на самым высокім узроўні і да судовага разбору не дайшло. Далей трэба было ўжо набываць правы самастойна.

У падсумаванні ФІФА за 25 кастрычніка гэтага года ліцэнзіятаў медыяправоў, якія будуць трансляваць сусветнае першынство на 223 тэрыторыі па ўсёй планеце, застаецца і радок «Belarus. Ліцэнзіяр – ФІФА, субліцэнзіят – Еўрапейскі трансляцыйны звяз».

Як такое можа быць, мы пацікавіліся ва ўкраінскага эксперта ў сферы тэле- і радыёкамунікацыяў Аляксандра Глушчанкі.

«Для мяне самога гэта вялікая загадка. Можа, забыліся прыбраць «гачак»? Хаця я не здзіўлюся, калі ў гэтым свеце, дзе ўсё купляецца і прадаецца, раптам і Беларусь пабачыць футбол на пазнейшых стадыях чэмпіянату свету. Нейкім жа чынам прадалі правы ў Іран, дзе збіраюцца пакараць смерццю найлепшага бамбардзіра нацыянальнай зборнай за ўсю гісторыю – Алі Даі – і яшчэ каля 15 тысяч грамадзянаў за ўдзел у акцыях пратэсту. Альбо ў Туніс, які яшчэ не так даўно збіраліся выключыць з ліку ўдзельнікаў чэмпіянату планеты за ўмяшанне дзяржавы ў футбольныя справы».

Каментар
Аляксандра Герасіменя: Беларусь цяпер цалкам ізаляваная ад усяго свету ўжо і ў спорце
2022.11.17 21:56

Правы, паводле адмыслоўцы, купляюцца раз на тры-чатыры гады праз тэндар. Расейскія «Матч ТВ», «Первый канал» і ВГТРК яшчэ тры гады таму купілі ў ФІФА правы на паказ матчаў чэмпіянату свету – 2022. 39 мільёнаў долараў выдаткаў падзялілі на ўсіх пароўну, і яшчэ 1 мільён забраў сабе пасярэднік – кампанія «Телеспорт». Як паведамляецца, на канец жніўня гэтага года кампаніі ўжо выплацілі 75 % кошту кантракту, але 4 кастрычніка намеснік генеральнага дырэктара «Газпром-медиа» Ціна Кандэлакі заявіла, што ўсе гульні ЧС-2022 пакажа толькі «Матч ТВ». Іншыя партнёры адмовіліся з прычынаў, быццам бы, немэтазгоднасці. Маўляў, пры адсутнасці Расеі на мундыялі інтарэс да яго значна ўпаў, і расейцы не надта жадаюць сачыць за матчамі з удзелам «недружалюбных» краінаў. Таму і губляць няма чаго. Таксама гэта можа быць звязана і з тым, што сёлета, услед за Белтэлерадыёкампаніяй, якая была выдалена з удзельнікаў EBU на канкрэтныя тры гады (2021–2024), было прыпынена сяброўства ў Еўрапейскім трансляцыйным звязе таксама «Первого канала» і ВГТРК. Толькі на неазначаны тэрмін. Але рэсурс «Матч ТВ» не быў выдалены з еўрапейскай тэлевізійнай прасторы.

Беларусь – не сябра Еўрапейскага трансляцыйнага звязу, а менавіта ён мае права паказу матчаў чэмпіянату свету на тэрыторыі шэрагу краінаў Еўропы, у тым ліку і Беларусі.

Спробу вярнуць магчымасць трансляцыяў здзейсніла Беларуская федэрацыя футболу, якая звярнулася ў ФІФА напрыканцы жніўня з просьбай аб магчымасці дадатковай купля тэлеправоў. Хаця гэта быў запыт у нікуды, бо, як прызнаўся пазней старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў, нацыянальная федэрацыя на гэтае пытанне паўплываць не здольная, бо тэлевізійныя кампаніі мусяць кантактаваць з уладальнікамі тэлеправоў наўпрост.

Рэклама гульняў чэмпіянату свету па футболе ў сталіцы Катара.
Фота: star-images / ddp images / Forum

Беларусь – рэдкая  краіна-няўдачніца ў гэтым сэнсе. Чэмпіянат свету будуць трансляваць усе нашыя суседзі, убачаць мундыяль па нацыянальных тэлеканалах таксама ў Казахстане (телеканалы «Qazsport» и «Qazaqstan»), у Азербайджане (AZƏRTAC), ва Узбекістане (O‘zMTRK), у Таджыкістане (турэцкі медыяхолдынг «Saran Media International» пратранслюе гульні на мясцовых тэлеканалах «Варзиш» і «Футбол»). Усе 64 матчы чэмпіянату свету будуць транслявацца на тэлеканалах «SuperSport» у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары і распаўсюдзяцца на ўсе платформы. Катарская «beIN Sport» захапіла эксклюзіўныя медыя-правы на чэмпіянат свету ў 24-х краінах рэгіёну MENA – Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, для мільёнаў жыхароў якіх будзе трансляваць падзеі ў жывым эфіры.

Ці крытычна для Беларусі ў яе сённяшніх рэаліях адсутнасць афіцыйнай магчымасці глядзець матчы чэмпіянату свету? Беларускі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў сувязі з гэтым нагадвае, што ў 2019 годзе была надрукаваная справаздача аб правядзенні сацыялагічнага апытання аўдыторыі медыясектару, што праводзіў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі (ліквідаваны ў красавіку 2019 года). Згодна яму папулярнасць спартовага каналу «Беларусь 5» была вельмі нізкай.

Больш за тое, «Беларусь 5» – канал дзяржаўны і бюджэтны, а на пытанне, ці ёсць магчымасць стварыць у краіне штосьці больш незалежнае спартовае і самаакупляльнае, падобнае да «Матч ТБ», эксперт адказаў так:

«Сёння з шэрагу прычынаў – і эканамічных, і палітычных стварэнне такога каналу ўнутры Беларусі лічу малаверагодным».

На пытанне, якім чынам можа адбіцца адсутнасць тэлетрансляцыяў з галоўнага футбольнага форуму чатырохгоддзя на беларускім электараце і, адпаведна, на даверы беларусаў уладам, Быкоўскі зазначыў:

Даведка
Журналіст Паўлюк Быкоўскі.
Фота: Белсат

«Гэта, бясспрэчна, не застанецца без увагі. Хаця сёння ахвотныя да назірання за гульнямі высокага ўзроўню на дзяржаву і не спадзяюцца. Ужо гатовыя да таго, каб глядзець чэмпіянат свету ў інтэрнэце альбо на спадарожніку. Іншая справа, што людзі сталага веку ці малазабяспечаныя наўрад ці змогуць карыстацца такой альтэрнатываю. Таму і застануцца ў ліку незадаволеных. Прапагандысты ахвотна ўпакуюць гэтую гісторыю так, каб перанакіраваць віну на ворагаў. Альбо пераключыць увагу на штосьці іншае, гэтак званае патрыятычнае. Напрыклад, выкарыстоўваецца прыём deadcatting – укід шакавальнага паведамлення, каб адцягнуць увагу аўдыторыі ад праблемы ці паразы. Зрэшты, набор магчымых маніпуляцыйных прыёмаў вельмі шырокі, тут цяжка ўгадаць».

Меркаванне эксперта ўжо знайшло сваё пацверджанне. Яшчэ ў чэрвені старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, стаўшы госцем праграмы «Нічога асабістага» у эфіры каналу ОНТ, супакойваў:

«Не жадаеце [даваць нам] слухаць гімн Лігі чэмпіёнаў? Будзем слухаць гімны Беларусі і Расеі. Мы купім, напрыклад, правы [на паказ] расейскай [футбольнай] Прэм’ер-лігі ці расейскай валейбольнай Суперлігі. Будзем паказваць баскетбольную Адзіную лігу ВТБКХЛ будзем паказваць».

«Белсат» пацікавіўся ў калегі з залатога складу «Прессбола», які жыве ў Менску, дзе і як ён будзе глядзець матчы чэмпіянату свету – 2022. Ветэран спартовай журналістыкі адказаў, што не надта пераймаецца з гэтага пытання: «Большую частку матчаў буду глядзець у інтэрнэце альбо ў сяброў, якія маюць спадарожнікавае ТБ. На адкрытыя крыніцы блакаванне распаўсюджваюцца, але ёсць жа спосаб глядзець і закрытыя. Я памятаю час, калі Расея бясплатна давала магчымасць беларусам глядзець чэмпіянаты свету і Еўропы па футболе. Лукашэнка прывык да халявы, а тут, у 2002-м, выйшаў паказальны аблом. Праўда, мяне гэта мала датычыла. Яшчэ з канца 90-х паставіў сабе спадарожнікавую сістэму і глядзеў па ёй. Яна і цяпер у мяне ёсць, але сёння мне прасцей глядзець у інтэрнэце праз IPTV».

Катарскі чэмпіянат свету па футболе стартуе ў нядзелю, 20 лістапада, і прадоўжыцца да 18 снежня. Матч-адкрыццё, Катар – Эквадор, распачнецца а 19-й гадзіне (мясцовы час супадае з беларускім).

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў