У Гомельскім СІЗА №3 запланаваны рамонт, на правядзенне якога абвешчаны тэндар. Прыблізны кошт – 26 777 беларускіх рублёў. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце дзяржзакупак.
Рамантаваць будуць калідоры, камеры, інжынерныя сеткі. У дэфектным акце, прымацаваным да пакету дакументаў на сайце дзяржазакупак, ёсць апісанне цяперашняга стану таго, што падлягае рамонту.
«У выніку абследавання аб’екту Рэжымны корпус №2 (камеры, інжынерныя сеткі), 3-і паверх, выяўлена: у камерах стальныя трубаправоды водазабеспячэння пакрытыя іржой, – гаворыцца ў акце. – На асобных участках адзначаюцца працёкі – 60,0 м. Паўсюль іржой пакрытыя каналізацыйныя чыгунныя трубы, чыгун часткова рассыпаецца – 48,0 м. На паверхні стальных эмаляваных умывальнікаў (15 шт.) – шматлікія сколы, эмаль месцамі сцёртая. Ва ўсіх камерах падлогавыя чыгунныя чашы «Генуя» (15 шт.) (унітазы «дзірка ў падлозе» – рэд.) пакрытыя іржой, эмаль паўсюль сцёртая, адзначаюцца расколіны, арматура пакрытая вапнавым налётам і іржой».
Акрамя пракладкі трубаправоду, падлогавыя ўнітазы будуць усталяваныя на цагляныя тумбы, а таксама заменяць цагляныя агароджы санвузлоў.
Прыём прапановаў на тэндар завяршаецца 27 лістапада.
У Гомельскім СІЗА №3 праходзіць суд у справе Ціханоўскага, Лосіка, Статкевіча і іншых. 16 лістапада распачаліся спрэчкі бакоў.
ГГ, belsat.eu