Дарадца Ціханоўскай злётаў у Аўстралію. Пра што былі перамовы


У Канберы галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сустрэўся з прадстаўнікамі розных міністэрстваў Аўстраліі і з дыпламатамі, расказаў Офіс Ціханоўскай. Размаўлялі пра рэабілітацыю палітвязняў, санкцыі супраць дзейных уладаў Беларусі і патэнцыйны візіт у Аўстралію самой Ціханоўскай.

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Фота: Прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай

Франак Вячорка сустрэўся з намеснікам міністра замежных справаў Аўстраліі, з прадстаўнікамі міністэрства ўнутраных справаў, з офісам прэм’ер-міністра, новапрызначаным амбасадарам Аўстраліі ў Расеі (які таксама адказвае за Беларусь), амбасадарам па правах чалавека, лідарамі кіроўнай Рабочай партыі Аўстраліі. Вячорка правёў асобныя сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі Еўразвязу, амбасадарам Нямеччыны, амбасадарамі Францыі, Латвіі, Польшчы.

Таксама Вячорка сустрэўся з беларускай дыяспарай і экспертнай супольнасцю.

Падчас сустрэч абмяркоўвалі падтрымку для былых палітвязняў і іх рэабілітацыю, прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд, санкцыі супраць лукашэнкаўскіх памагатых і алігархаў, прапагандыстаў і суддзяў. Вячорка заклікаў падняць пытанне Беларусі на мерапрыемствах «Вялікай дваццаткі» (G20) і ASEAN. Акрамя таго, абмяркоўвалі магчымы візіт Святланы Ціханоўскай у Аўстралію ў 2024 годзе.

Вячорка заклікаў новапрызначанага амбасадара ў Расею і Беларусь не ўручаць даверчыя лісты Лукашэнку. На сустрэчы з міністэрствам унутраных справаў гаварылі пра праблемы легалізацыі беларусаў у Аўстраліі, выдачу часовых праязных дакументаў, а таксама пра прызнанне новага беларускага пашпарта.

Аўстралія не прызнала вынікі выбараў-2020. Раней Аўстралія ўвяла персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго дзяцей і блізкіх памагатых, міністра абароны Віктара Хрэніна. Аўстралія падтрымала рашэнне аб ужыванні 33 артыкулу статуту Міжнароднай арганізацыі працы супраць уладаў Беларусі за парушэнне правоў працоўных.

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала з еўрапейскімі палітыкамі пашпарты новай Беларусі і легалізацыю беларусаў у ЕЗ
2023.09.21 20:47

belsat.eu

Стужка навінаў