МЗС: У Ізраілі загінулі шасцёра беларусаў


З пачатку ваеннага канфлікту ў Ізраілі загінулі трое грамадзянаў Беларусі і трое нарадзінцаў краіны, паведаміў «Sputnik Беларусь» прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Пахаванне паліцыянта Віталя Карасіка
Пахаванне паліцыянта Віталя Карасіка родам з Магілёва. Іерусалім, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Israel Police / Facebook

«На гэты момант у нас ёсць дакладная інфармацыя пра трох нашых загінулых грамадзянах і трох нарадзінцах Беларусі. На вялікі жаль, у гэтым ліку і грамадзянка Беларусі, пра шпіталізацыю якой пасля абстрэлу Ашкелёну раней паведамлялі медыі», – адзначыў прэс-сакратар ведамства.

Паводле Анатоля Глаза, цяпер цела жанчыны дастаўляюць у Беларусь для пахавання.

Раней, 12 кастрычніка, амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў паведамляў, што з пачатку вайны ў Ізраілі загінулі трое беларусаў, сярод іх былі двое паліцыянтаў – Віталь Карасік і Алена Астапенка, якая загінула ў баі з тэрарыстамі «Хамасу». Адзін беларус прапаў без вестак.

Міністэрства замежных справаў Ізраілю 19 кастрычніка паведамляла пра двух забітых грамадзянах Беларусі.

Прэс-сакратар МЗС таксама дадаў, што дыпламаты падтрымліваюць кантакт з беларусамі ў Ізраілі, фіксуюць і абнаўляюць інфармацыю. Між тым міністр замежных справаў Сяргей Алейнік 19 кастрычніка заяўляў, што ўлады не могуць арганізаваць эвакуацыйнага рэйсу для беларусаў з Ізраілю праз санкцыі ЗША супраць «Белавіі».

На дзень 12 кастрычніка ў пасольства Беларусі ў Ізраілі звярнуліся больш за 500 беларусаў. Для эвакуацыі дыпламатычнае ведамства прапаноўвала грамадзянам пакідаць Ізраіль камерцыйнымі рэйсамі, а таксама заявіла пра дамоўленасці з Расеяй вывезці дзясяткі беларусаў з сектару Газа, іх залучылі ў расейскі спіс, аднак тэрміны эвакуацыі пакуль невядомыя.

Пакуль з Ізраілю ўдалося эвакуяваць толькі адну беларуску – пенсіянерку Аляксандру Ханевіч. Ейнай эвакуацыяй займалася народная амбасада Беларусі ў Ізраілі пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрыманні фонду «I Need Help BY».

Hавiны
Алейнік: Санкцыі ЗША перашкаджаюць эвакуяваць беларускіх грамадзянаў з Ізраілю
2023.10.19 13:18

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў