За што ў «справе Аўтуховіча» такія жорсткія прысуды, аж да 25 гадоў?


Мікалая Аўтуховіча 17 кастрычніка асудзілі на 25 гадоў зняволення: пяць – у турме, а наступныя – у калоніі. Яшчэ дзевяць фігурантаў справы атрымалі прысуды ад 16 да 20 гадоў. Людзей назвалі «тэрарыстычнай групоўкай», але ў чым быў той «тэрарызм», невядома.

Суд у «справе Аўтуховіча»: падсудных за час працэсу неаднаразова змяшчалі ў клеткі-«стаканы», часам – без адзення. Горадня, Беларусь. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Людмила Гладкая / Telegram

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі адбываўся ў закрытым рэжыме  ў гарадзенскай турме № 1. Пачаўся працэс 18 траўня, трываў пяць месяцаў. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).

Ці былі хоць якія доказы, невядома

Найбольш пра справу вядома з сюжэтаў дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ «Тротил протеста». Паводле яго, у кастрычніку 2020 года група падпаліла машыну і недабудаваны дом міліцыянта ў Ваўкавыску (з людзей пацярпеў толькі сусед, які бег гасіць машыну, спатыкнуўся і пашкодзіў нагу). Пасля гэтага Аўтуховіч з паплечнікамі нібыта спрабаваў здабыць зброю і выбухоўку ва Украіне. Па вяртанні ў лістападзе 2020 года нібыта падарваў машыну супрацоўніка гарадзенскага АМАПу.

Доказы паказалі вельмі ўскосна: Аўтуховіч казаў праз тэлефон, што «ў нас будзе зброя», і пытаў у краме зброі пра патроны для стрэльбы калібру .22 LR, магазіны пад спартовы пісталет і кабуру. Нейкім чынам беларускія сілавікі нібыта атрымалі запісы тэлефонных размоваў між украінскімі нумарамі. У доме Аўтуховіча нібыта знайшлі аўтаматы, пісталеты, звыш 1500 патронаў, тратылавыя шашкі і дэтанатары, 8 гранат і іншае, потым нібыта знайшлі яшчэ тайнік са зброяй і выбухоўкай у лесе. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «група Аўтуховіча» перавозіла «тонамі зброю праз Украіну», але нічога блізкага да тонаў зброі не паказалі.

Вынік атакі на машыну амапаўца. Лабавое шкло ў машыне пасля «тэракту» засталося цэлым. Скрыншот: «Беларусь 1» / Youtube

У сюжэтах ОНТ пры гэтым за 40 з лішнім хвілінаў не прадэманстравалі беспасярэдніх доказаў таго, што паказаная зброя звязаная з Аўтуховічам або што ён збіраўся рабіць нешта са зброяй, а тым больш – што рабіў. Нават перапіску Аўтуховіча паказваюць не скрыншотамі, а на карцінках, змантаваных «у стылі Telegram». Рэшта – намёкі і здагадкі. Напрыклад: Аўтуховічу паказалі яму з выбухоўкай, спыталі, што ў яме, а ён сказаў, што, «магчыма, тратыл». Так ён «фактычна пацвердзіў датычнасць».

Большасць падсудных не прызнала віны. Антон Мельхер прызнаўся ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (яго вызвалілі ў зале суда), Віктар Снегур – «у дапамозе незаконнаму пераходу мяжы». Ці былі пададзеныя нейкія доказы на судзе, невядома: туды дапусцілі толькі дзяржаўныя медыі, яны такіх доказаў не публікавалі.

BBC звяртала ўвагу на тое, што ў «тэрарыстычную групоўку Аўтуховіча» уключылі хворую на анкалогію 61-гадовую пенсіянерку Галіну Дзербыш (яе асудзілі на 20 гадоў калоніі), 62-гадовага інваліда без нагі Уладзіміра Гундара (яго асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) і 54-гадовага праваслаўнага святара Сяргея Разановіча разам з сям’ёй – у ягоным доме Аўтуховіч жыў некаторы час (яго асудзілі на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, сына – на 19 гадоў строгага, жонку – на 15 гадоў агульнага). Таксама сярод «тэрарыстаў» – 56-гадовая Вольга Маёрава, якую вінавацілі толькі ў адміністраванні Telegram-каналу, а асудзілі на 20 гадоў калоніі. Яшчэ адна «тэрарыстка» – 65-гадовая Вольга Мельхер, якую вінавацілі фактычна толькі ў перапісцы і размовах з Аўтуховічам, а прысудзілі 17 гадоў калоніі.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

З падсудных увесь час здзекаваліся

Сваякі Уладзіміра Гундара расказвалі, што яго «перакідвалі з карцару ў карцар», аднойчы прымусілі даскакаць на допыт на адной назе, закуўшы рукі ў кайданкі. На судзе яго трымалі без адзення, у адных майтках, прыкутым да батарэі. Ён трымаў галадоўку 11 дзён і затым яшчэ раз нейкі час – меркавана, 10 дзён.

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку 22 дні, схуднеў на больш як 20 кг. Нягледзячы на стан, яго падчас галадавання трымалі ў карцары, вадзілі на суд.

Гундар, Дзербыш, Маёрава і Мельхер перадавалі з няволі зварот аб фізічным і псіхалагічным ціску, нават называлі імёны вінаватых. Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў спавяшчальнікам ААН паведамленне пра катаванне абвінавачаных у «справе Аўтуховіча».

Агляд
«Такім чынам прысудзілі іх да смерці». Што адбывалася на апошнім паседжанні ў «справе Аўтуховіча»
2022.10.18 20:00

Чаму такія здзекі і прысуды?

«Акт тэрарызму», які закідалі Аўтуховічу і шэрагу іншых фігурантаў справы, нядаўна стаў расстрэльным артыкулам. Суддзя Максім Філатаў пастанавіў нікога не забіваць, але вынес рэкордна жорсткія прысуды. Раней у палітычных справах самым жорсткім пакараннем было 22 гады калоніі строгага рэжыму Вячаславу Малейчуку, які нібыта «рыхтаваў тэракт» на Дзень Волі. Віктару Бабарыку і Сяргею Ціханоўскаму, якія прэтэндавалі на пасаду прэзідэнта на выбарах-2020, прысудзілі «ўсяго толькі» 14 гадоў узмоцненага і 18 гадоў строгага рэжыму.

Беларускія праваабаронцы прызналі фігурантаў справы Аўтуховіча палітычнымі зняволенымі. Пры тым праваабарончую супольнасць падчас працэсу нямала крытыкавалі за тое, што Аўтуховіча і яшчэ трох фігурантаў справы не прызнавалі палітвязнямі да прысуду. Але 18 кастрычніка прызналі, адзначыўшы неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў (тое, што закідалі, цягнула хіба на «пашкоджанне маёмасці» і «пагрозу гвалтам»), грубыя парушэнні прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў, адсутнасць незалежнасці і аб’ектыўнасці, ужыванне катаванняў.

Для Аўтуховіча гэта ўжо трэцяе прызнанне палітвязнем.

Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення з турмы ў 2014 годзе.
Фота: svaboda.org

Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1963 годзе. Удзельнічаў у вайне ў Афганістане, мае баявыя ўзнагароды. У пачатку 2000-х стаў паспяховым бізнесоўцам, меў аўтарытэт у прадпрымальніцкай супольнасці Ваўкавыску, бараніў правы бізнесоўцаў. Праз канфлікт з мясцовымі ўладамі трапіў пад палітычна матываваны пераслед, і ўлетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 года зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Неўзабаве пасля вызвалення Аўтуховіча зноў арыштавалі – супраць яго сфабрыкавалі абвінавачванне ў рыхтаванні замаху на намесніка міністра падаткаў і збораў, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама ў падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Як і цяпер, справа была багатай на самыя фантастычныя фармулёўкі і дэталі.

Пасля вызвалення ў 2014 годзе Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Аднак у канцы 2018 года ён фактычна сышоў у падполле, бо баяўся, што на яго хочуць сфабрыкаваць новую крымінальную справу. У траўні-чэрвені 2019 года Аўтуховіч пачаў публікаваць адкрытыя звароты – напрыклад, паставіў Лукашэнку ўльтыматум: сысці ў адстаўку цягам 30 дзён або ён «запусціць механізм аднаўлення справядлівасці». Па сканчэнні 30 дзён нічога не адбылося.

Праваабаронца Раман Кісляк у эфіры «Белсату» назваў абвінавачванні «казачнымі», а тэрміны – «фантастычнымі». Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў казаў у эфіры «Белсату», што нечалавечыя пакаранні ў «справе Аўтуховіча» маюць адзіную мэту: паказаць, што ўлады не будуць праяўляць ніякай гуманнасці, не будуць запускаць «адлігу». Праваабаронца Васіль Завадскі таксама распавёў «Белсату», што «прысуды ляжаць у плоскасці нагнятання страху ў краіне», а яшчэ – што Аўтуховіч для Аляксандра Лукашэнкі «асабісты вораг».

Інтэрв’ю
Дачка Мікалая Аўтуховіча: Тата заўсёды казаў – калі не я, то хто будзе супрацьстаяць несправядлівасці?
2022.08.01 16:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў