Што трэба ведаць пра суполкі «Буслы ляцяць» і «ДНС», якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі


МУС Беларусі залучыў Telegram-каналы і чаты «Буслы ляцяць» і «Дружины народной самообороны» ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. Belsat.eu разбіраўся, чым адметныя гэтыя суполкі і чаму ўлады іх пераследуюць.

Што за суполкі

Telegram-канал «Буслы ляцяць» мае больш за 12,5 тысячы падпісантаў, прычым за апошні час аўдыторыя істотна вырасла: у пачатку верасня «буслы» мелі каля 9300 падпісантаў. «Актыўныя людзі, якія пастанавілі дзеяць» – апісвае сябе суполка. Telegram-канал «Дружины народной самообороны» мае трохі больш за 5 тысяч падпісантаў (аўдыторыя таксама вырасла, у верасні было 4100).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: чытачы / Белсат

«ДНС» публікуюць навучальныя ролікі ды інструкцыі пра тактыку самаабароны і заклікаюць рыхтавацца да моманту X. «Буслы ляцяць» распавядаюць пра рознага кшталту акцыі супраціву. Таксама яны складаюць сістэму ботаў для «каардынацыі партызанкі і бестэрміновага пратэсту», закрытыя мапы камунікацыяў ды распаўсюджваюць асабістыя звесткі сілавікоў.

«Буслы ляцяць» і «ДНС» разам з хакерскаю групоўкаю «Кіберпартызаны» ўваходзіць у аб’яднанне «Супраціў», пра стварэнне якога заявілі ў траўні 2021 года. У маніфесце руху адзначаюць, што яго мэта – зрынуць рэжым Лукашэнкі, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіравання і законнасці. «Супраціў» настойвае на тым, што беларусы маюць права на паўстанне супраць тыраніі.

Структуры, якія ўваходзяць у рух «Супраціў», дзеюць на ўмовах поўнай ананімнасці. Толькі два чалавекі гатовыя рэпрэзентоўваць аб’яднанне ў публічнай прасторы: псіхіятр і грамадскі дзеяч Дзмітрый Шчыгельскі (прадстаўнік у палітычных пытаннях) і былы амапавец Павел Кулажанка (прадстаўнік у пытаннях тактыкі супраціву). Абодва цяпер жывуць у ЗША.

Аналітыка
Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»
2021.09.29 19:09

Атакі «буслоў»

Суполка «Буслы ляцяць» перыядычна бярэ на сябе адказнасць за пэўныя акцыі супраціву. Спіс можна знайсці ў інтэрнэце. Сярод іх ёсць як абсалютна бяскрыўдныя акцыі (кшталту стрыт-арту або флэш-мобаў), так і акцыі ў фармаце дробных дыверсіяў. «Буслы» бралі на сябе адказнасць за знішчэнне дзясяткаў камераў відэаназірання, пашкоджанне транспарту і маёмасці сілавікоў, блакаванне чыгункі. Ёсць і больш спрэчныя дзеянні, якія патэнцыйна могуць ствараць небяспеку. Напрыклад, нядаўна «буслы» паведамілі пра пашкоджанне тармазной сістэмы аўтамабіля Дэпартаменту аховы, што прывяло да аварыі.

Самая вядомая акцыя, якую звязваюць з суполкаю «Буслы ляцяць», – гэта атака на базу менскага АМАПу ў канцы верасня 2021 года. Як сцвярджалася ў паведамленні суполкі, уначы група «Чорны бусел» пры дапамозе дрона скінула з вялікай вышыні дзве 5-літровыя ёмістасці з запальнаю сумессю на базу амапаўцаў ва Уруччы. Суполка сцвярджае, што было чуваць гучныя ўдары і бачныя выбліскі, праз што ў суседніх дамах прачнуліся людзі. Таксама «буслы» апублікавалі відэа з дрона.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: busly_laciac / Telegram

МУС тады ніяк не пракаментаваў інфармацыю пра атаку на базу АМАПу. Але пазней, у кастрычніку, Генеральная пракуратура ўскосна пацвердзіла факт нападу, прызнаўшы, што ў верасні 2021 года «меў месца акт тэрарызму з выкарыстаннем БПЛА». Хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе якраз аперацыя «буслоў». Але часцей за ўсё акцыі ў фармаце дробных дыверсіяў не набываюць шырокай агалоскі, бо вельмі складана праверыць рэальнасць гэтых дзеянняў, а самі «буслы» праз канспірацыю не могуць раскрываць дэталяў аперацыяў.

Пакуль не вядомыя выпадкі, каб ад дзеянняў «Супраціву» пацярпеў хаця б адзін чалавек.

«На гэты момант усе акцыі, праведзеныя «Супрацівам», цалкам адпавядаюць крытэрам негвалтоўнага супраціву», – сцвярджаў у верасні ў інтэрвю «Белсату» Дзмітрый Шчыгельскі.

Але адсутнасць пацярпелых не перашкаджае дзяржаўнай прапагандзе вінаваціць «Супраціў» у «крывавым тэроры».

Аналітыка
Радыкалізм з удзелам КДБ. Што не так з афіцыйнай версіяй «справы ОГСБ»
2021.07.15 07:00

Адказ сілавікоў

Мяркуючы з усяго, спецслужбы сапраўды сур’ёзна заняліся рухам «Супраціў». Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч 1 кастрычніка ў інтэрв’ю ОНТ заявіў, што «буслы» – гэта «найбольш радыкальная частка руху», а «ДНС» прапануюць «замяніць сабою праваахоўныя органы і заклікаюць да ўзброенага супраціву».

«З гэтымі рухамі нельга дамаўляцца. Тэрарыстаў можна толькі знішчаць», – падкрэсліў Казакевіч. Ён дадаў, што сілавікі не баяцца і будуць стаяць да канца.

Заяўлялася і пра арышты людзей, звязаных з «бусламі». Неўзабаве пасля таго, як з’явіліся звесткі пра атаку на базу АМАПу, МУС распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманне «выканаўцаў тэрактаў» на Магілёўшчыне: трох жыхароў Бабруйску – 27, 30 і 45 гадоў. Мужчынаў вінавацяць у тым, што яны закладалі «прадметы, падобныя да выбуховых прыладаў», на рэйках, а таксама каля шапіку «Табакерка». Гаворка не пра бомбы, а менавіта пра навучальныя міны і муляжы. То бок ад гэтых дзеянняў нават тэарэтычна ніхто не мог пацярпець. Таксама як тэракт сілавікі кваліфікавалі начны падпал ціру, які належыць в/ч 5527. Пацярпелых і там не было.

Hавiны
У МУС заявілі пра затрыманне «выканаўцаў тэрактаў» на Магілёўшчыне
2021.09.25 21:46

Інфармацыю пра ілжэмініраванне «Табакеркі» ды інфраструктуры палігону раней распаўсюдзілі ў канале «Буслы ляцяць». Выканальнікам акцыяў называлі групу «Злыя бабры».

Тэлеканал ОНТ 1 кастрычніка паведаміў пра затрыманне ў Дзяржынскім раёне яшчэ двух чалавек, якія нібыта хацелі спаліць дом дзяржаўнага службоўцы на заданне «буслоў». Падкрэслівалася, што за выканальнікамі доўга сачылі спецслужбы і пры спробе падпалу іх затрымалі. Але сваю датычнасцю да гэтай акцыі суполка «Буслы ляцяць» якраз адмаўляе і называе тое, што адбылося, правакацыяй. Нібыта «буслы» адразу зразумелі, што з імі на сувязь выйшлі агенты спецслужбаў пад выглядам людзей, якія хочуць далучыцца да барацьбы супраць дыктатуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: busly_laciac / Telegram

«Спецслужбы рэжыму перайшлі да стандартнай практыкі, што актыўна ўжывалася як НКВД/КГБ, так і Гестапа: стварэнне ілжывых групаў, спробы укараніць сваю агентуру ў рух супраціву», – падкрэсліваюць «буслы».

Прызнанне «ДНС» і «Буслы ляцяць» экстрэмісцкімі фармаваннямі пашырае магчымасці спецслужбаў для пераследу людзей, звязаных з гэтымі суполкамі. Начальнік аддзелу ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі раней заяўляў, што пасля прызнання Telegram-рэсурсаў экстрэмісцкімі фармаваннямі «паўстане пытанне пра крымінальны пераслед іх стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў, якія сваімі рэпостамі, рознымі злівамі, перапублікацыямі ды іншымі дзеяннямі папулярызуюць іх сярод насельніцтва». Імаверна, для пераследу можа выкарыстоўвацца арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу – «Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў.

Аналітыка
За падпіску на Telegram-каналы (пакуль) не пасадзяць. Што насамрэч мяняе пастанова пра «экстрэмізм»
2021.10.15 11:04
  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 20 кастрычніка 812 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 20 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў