news
Аналітыка
Імпічмент, санкцыі і дзяржаўны пераварот. Што адбываецца ў стасунках Грузіі з Захадам і РФ
Сёлета прадстаўнікі Грузіі ўпершыню трапілі пад абмежаванні ЗША.
22.09.202308:00

Грузія, як падаецца звонку, усё больш аддаляецца ад заходніх краінаў і пры гэтым збліжаецца з Расеяй, з якою ваявала ўсяго 15 гадоў таму – у 2008-м. Ці так гэта і якія ў гэтага могуць быць наступствы? «Белсат» паразмаўляў з грузінскімі палітыкамі і экспертамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўцы размахваюць сцягамі Грузіі і ЕЗ падчас мітынгу супраць законапраекту, скіраванага на абмежаванне ўплыву «замежных агентаў», ля будынку парламенту Грузіі ў Тбілісі, Грузія. 9 сакавіка 2023 года.
Фота: Zurab Tsertsvadze / AP Photo / East News

У 2022 годзе Тбілісі адначасова з Кіевам і Кішынэвам падаў заяўку на атрыманне статусу кандыдата ў чальцы Еўразвязу. Але яго далі толькі Украіне і Малдове, а ў дачыненні Грузіі проста прызналі яе еўрапейскую перспектыву, падкрэсліўшы, што для атрымання статусу ёй трэба выканаць 12 умоваў.

Паўторны разгледзець гэтае пытанне запланавалі ў снежні 2023 года. Перад тым, у кастрычніку, апублікуюць адмысловую справаздачу пра гатовасць Тбілісі да гэтага.

«Але паводле папярэдняй справаздачы, толькі тры з дванаццаці рэкамендацыяў выкананыя. Хоць і гэтыя тры таксама пад пытаннем», – заявіла ў размове з «Белсатам» Наталья Мчэдлішвілі, дарадца ў пытаннях замежнай палітыкі партыі «Адзіны нацыянальны рух», ганаровы старшыня якой – былы прэзідэнт Міхэіл Саакашвілізастаецца ў зняволенні.

Больш за тое, у дадатак да праблемаў, якія Грузія мела ў 2022 годзе, за мінулы час дадаліся новыя.

Першыя санкцыі з боку ЗША

Грузіяй з 2012 года кіруе партыя «Грузінская мара», звязаная з алігархам Бідзынам Іванішвілі. Менавіта падчас яе кіравання ўлады падпісалі дамовы аб асацыяцыі ды бязвізавы рэжым з Еўразвязам, але пры ёй жа пачалі канфліктаваць з Захадам, у тым ліку праз заявы пра фальсіфікацыю парламенцкіх выбараў 2020 года, адмову ад увядзення санкцыяў супраць Расеі за развязаную вайну ва Украіне і зняволенне Саакашвілі.

Аналітыка
«Вязень Пуціна». Жыццё Саакашвілі пад пагрозай, але яго не адпускаюць на лячэнне. Чаму?
2023.02.03 09:09

Як заявілі сёлета ў агенцтве Злучаных Штатаў у справе міжнароднага развіцця USAID, Іванішвілі «захапіў дзяржаву, што прывяло да беспакаранасці карумпаваных чыноўнікаў, росту эканамічнай залежнасці Грузіі ад Расеі і таемнага бізнесу алігарха ў Расеі». У USAID таксама заклікалі Вашынгтон ужываць «замарожванне дапамогі карумпаванаму ўраду, узмацненне грамадскай дыпламатыі і ўвядзенне санкцыяў у дачыненні карумпаваных чыноўнікаў высокага ўзроўню».

Менавіта сёлета прадстаўнікі Грузіі ўпершыню трапілі пад абмежаванні ЗША. У красавіку Вашынгтон увёў санкцыі супраць чатырох грузінскіх суддзяў, якіх падазраюць у «буйнамаштабнай карупцыі», а 14 верасня пад абмежаванні трапіў былы галоўны пракурор Отар Парцхаладзэ. Паводле звестак Дзяржаўнага дэпартаменту, ён супрацоўнічаў з ФСБ РФ дзеля «ўплыву на грузінскае грамадства і палітыку на карысць Расеі». У «Грузінскай мары» заявілі пра «антыканстытуцыйнасць» дзеянняў ЗША і раскрытыкавалі рашэнне Нацыянальнага банку Грузіі заблакаваць усе рахункі Парцхаладзэ. У выніку было пастаноўлена не блакаваць грузінскіх рахункаў экс-пракурора, пакуль таго не асудзіць грузінскі суд. Але тады ў адстаўку пачалі падаваць прадстаўнікі кіраўніцтва Нацбанку, не згодныя з гэтым, а некаторыя банкі ўсё ж заявілі, што будуць выконваць амерыканскія абмежаванні.

«Тое, як яны [«Грузінская мара». – Заўвага рэд. belsat.eu] мабілізаваліся на абарону таго, хто афіцыйна абвешчаны агентам ФСБ, паказвае, што ён, напэўна, ведае зашмат», – заявіла Мчэдлішвілі.

Замежныя агенты і ціск

Таксама ў сакавіку 2023 года Злучаныя Штаты і Еўразвяз раскрытыкавалі законапраект аб замежных агентах, які 7 сакавіка ў першым чытанні ўхвалілі грузінскія дэпутаты. Дакумент быў падобны да рэпрэсіўнага расейскага аналагу, а яго прыняцце выклікала ў Грузіі масавыя пратэсты і сутыкненні з паліцыяй. Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі падтрымала пратэстоўцаў і паабяцала накласці вета на дакумент. У выніку яго адхілілі.

Фота
Вадамёт і слезацечны газ. Як выглядала сталіца Грузіі падчас пратэстаў
2023.03.08 15:13

Паводле Мчэдлішвілі, за апошні год у Грузіі актывізаваўся таксама фізічны гвалт з боку прадстаўнікоў уладаў у дачыненні іншадумцаў – чальцоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і крытычных медыяў:

«Яны чыняць гэта проста ўдзень, каб шакаваць кожнага. Каб насадзіць страх у грамадстве і паказаць, што будзе з табою, калі ты будзеш актыўным, а беспакаранасць натхняе сілавікоў працягваць гвалт».

«Тым бліжэй мы робімся да Расеі»

Нечаканым сталася аднаўленне авіязлучэнняў паміж Грузіяй і Расеяй у траўні 2023 года. У Тбілісі пагадзіліся ўзнавіць іх адразу пасля аналагічных дзеянняў Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнтка Зурабішвілі назвала рашэнне Крамля правакацыяй, бо «Расея працягвае агрэсію супраць Украіны і акупуе нашую тэрыторыю». Але ні гэта, ні чарговыя пратэсты, ні нават магчымасць «убіць клін паміж Грузіяй і ЕЗ» не спынілі ўраду ад паляпшэння стасункаў з РФ.

«З пачатку вайны яны робяць максімум высілкаў, каб уседзець на двух крэслах: быць у Рамштайне, галасаваць за Украіну, ініцыяваць рэзалюцыі ААН аб Украіне і ў той жа час – паралельны імпарт, гандаль з Расеяй і «рабленне бабла» на расейцах», – казаў «Белсату» грузінскі палітолаг Гела Васадзэ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першы самалёт «Georgian Airways» прызямліўся ў міжнародным аэрапорце «Унукава» недалёка ад Масквы, Расея. 20 траўня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

«Чым больш недэмакратычнаю робіцца Грузія, тым бліжэй мы робімся да Расеі», – адзначыла Мчэдлішвілі.

Яна нагадала, што грузінскі ўрад усцяж крытыкуе заходніх партнёраў і ўлады Украіны, вінавацячы іх ў стварэнні «сусветнай партыі вайны», якая нібыта мае на мэце ўцягнуць Тбілісі ў вайну з Расеяй.

Імпічмент як пакаранне

1 верасня канфлікт паміж урадам і прэзідэнткаю выліўся ў пастанову кіроўнай партыі распачаць працэдуру імпічменту ў дачыненні Зурабішвілі, якая без дазволу ўраду скіравалася ў еўрапейскае турнэ. Прэзідэнтка правяла серыю сустрэчаў з еўрапейскімі лідарамі дзеля надання Грузіі статусу кандыдата на далучэнне да Еўразвязу, але ў «Грузінскай мары» ў гэтым пабачылі парушэнне Канстытуцыі.

Летась прэзідэнтку ўжо не пусцілі ў Польшчу, Францыю і Украіну. Яна тады заяўляла, што ўрад бяздзеіць у справе далучэння Грузіі да Еўразвязу і не дае ёй «эфектыўна адстойваць інтарэсы краіны». Але кіроўная партыя, наадварот, заяўляе, што менавіта прэзідэнтка ды апазіцыя перашкаджаюць Грузіі атрымаць статус кандыдата.

Палітолаг Гія Нодыя, прафесар Дзяржаўнага ўніверсітэту Іллі ў Тбілісі, у эфіры «Вот Так» заявіў, што імпічмент наўрад ці мае шанцы на поспех, бо «Грузінская мара», хутчэй за ўсё, не набярэ неабходнай колькасці галасоў у парламенце. Тым не менш кіроўная партыя такім чынам хоча «пакараць прэзідэнтку за тое, што яна ім не падпарадкоўваецца».

«Яна фармальна не ёсць кандыдаткай ад кіроўнай партыі, але фактычна сталася прэзідэнтам з падтрыманнем «Грузінскай мары». І, відаць, кіраўнікі гэтай партыі ды фактычны кіраўнік Бідзына Іванішвілі думаюць, што яна павінна прытрымлівацца іхных указанняў. Але яна не трымаецца іхных указанняў, з таго часу як «Грузінская мара» практычна адышла ад празаходняй лініі», – заўважыў палітолаг.

Паводле суразмоўцы, хоць у Зурабішвілі няшмат рычагоў для прасоўвання еўрапейскага вектару, «сам факт, што яна робіць гэта незалежна ад кіроўнай партыі, мабыць, раздражняе Іванішвілі».

На думку Мчэдлішвілі, прэзідэнтка магла б рабіць больш у пытанні атрымання Грузіяй статусу кандыдата на ўступ у Еўразвяз, а не толькі «ўпрошваць» еўрапейскіх лідараў. У прыватнасці, магла б памілаваць свайго папярэдніка Саакашвілі, зняволенне якога ёсць важным пытаннем у стасунках з Еўразвязам. Але яна гэтага не робіць. У любым разе, заявіла суразмоўца, ейная партыя не падтрымлівае імпічменту ў дачыненні Зурабішвілі.

Рыхтуецца дзяржаўны пераварот?

Тым часам 18 верасня прадстаўнік Службы дзяржаўнай бяспекі Бача Мгеладзэ заявіў, што ў кастрычніку – снежні 2023 года ў Грузіі плануюць зарганізаваць масавыя закалоты і зрынуць уладу. Аўтарамі меркаванага перавароту названыя былы намеснік кіраўніка МУС за часоў Саакашвілі, а цяпер намеснік кіраўніка вайсковай выведкі Украіны Гія Лорткіпанідзэ, былы ахоўнік Саакашвілі Міхаіл Батурын, а таксама камандзір дзейнага ва Украіне Грузінскага легіёну Мамука Мамулашвілі. Таксама да рыхтавання мяцяжу нібыта датычныя грузінскае аддзяленне грамадскай арганізацыі «Canvas» і сербскі рух «Отпор!».

«Арганізатары разглядаюць магчымасць рэалізацыі сцэнара, аналагічнага ўкраінскаму Еўрамайдану», – сказаў Мгеладзэ.

Камандзір Грузінскага легіёну Мамулашвілі заявіў, што такія абвінавачванні маюць «расейскі почырк». Батурын пабачыў у гэтым «стыль НКВД Савецкага Саюзу», а дырэктар «Canvas Georgia» Гіёргі Меладзэспробу «запалохаць актыўных людзей».

Палітолаг Нодыя адзначыў, што гэта ўжо не першы дзяржаўны пераварот, анансаваны грузінскімі спецслужбамі. У Грузіі, паводле яго, «да гэтага ставяцца з пэўным гумарам», бо ўлады называюць пераваротам любыя пратэставыя выступленні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сутыкненні паміж грузінскаю паліцыяй і дэманстрантамі на другі дзень пратэсту супраць законапраекту аб «замежных агентах». Тбілісі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: David Mdzinarishvili / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

«Відаць, у гэтым выпадку яны баяцца таго, што магчымая адмова Еўразвязу надаць Грузіі статус кандыдата ў чальцы Еўразвязу, і рашэнне чакаецца менавіта ў кастрычніку – снежні, прывядзе да пратэставых выступаў. І яны зрабілі гэткую прымітыўную захаду, што загадзя ахрысцілі магчымыя пратэсты спробаю дзяржаўнага перавароту», – сказаў палітолаг.

Паводле суразмоўцы, у Грузіі ёсць людзі, вельмі незадаволеныя ўладай і гатовыя да пратэстаў, і яны, хутчэй за ўсё, выйдуць на вуліцу ў выпадку адмовы ў кандыдацтве:

«Але гэта ніяк не азначае спробы дзяржперавароту».

У сваю чаргу Мчэдлішвілі мяркуе, што заява пра рыхтаванне перавароту можа быць звязаная з жаданнем перабіць інфармацыйны парадак дня, звязаны з санкцыямі ЗША ў дачыненні экс-пракурора Парцхаладзэ. Паводле яе, падобныя заявы ўладаў узнікаюць ледзь не кожны год, калі ўлады «маюць праблемы», але пасля забываюцца.

Што датычыць снежаньскага разгляду еўрапейскіх перспектываў Грузіі, то, заявіла суразмоўца, у выніку адмоўнага выніку Тбілісі рызыкуе ўжо «на два крокі» адстаць ад Кіева і Кішынэву. Улады ж Грузіі, на ейную думку, рыхтуюцца да двух сцэнароў: у адным яны вінавацяць Захад і празаходнюю супольнасць Грузіі ў адсутнасці кандыдацкага статусу і заяўляюць пра неабходнасць паляпшаць стасункі з Расеяй, а ў другім прыпісваюць атрыманне кандыдацтва сабе ў заслугу. Але нават калі кандыдацкі статус павялічыць падтрыманне «Грузінскай мары», народ Грузіі заслугоўвае таго, каб атрымаць яго, заключыла прадстаўніца апазіцыйнай партыі.

Макар Мыш belsat.eu