Памерла журналістка «Ганцавіцкага часу»: ейнае здароўе пагоршылася пасля выклікаў у міліцыю


17 верасня пайшла з жыцця журналістка незалежнага інтэрнэт-выдання «Ганцавіцкі час» Святлана Малышка. У лістападзе ёй споўнілася б 45 гадоў.

Святлана Малышка.
Фота: «Ганцавіцкі час»

Святлана пачала працаваць у газеце «Ганцавіцкі час» з 20003 года. За гэты час напісала больш за 1300 артыкулаў.

Як адзначаюць калегі, праца Святланы часам выклікала «незадавальненне і пэўны ціск», бо сярод тэмаў, на якія яна звяртала ўвагу, былі сацыяльныя пытанні, што «бударажылі асобных людзей».

Такі розгалас выклікаў адзін з нядаўніх артыкулаў на сайце «Центр Ганцевичей к «Дожинкам» облысел».

«Аб’ектыўныя факты выклікалі незадавальненне мясцовай улады. Да Святланы прыйшла міліцыя і выклікала на размову. Шчыра кажучы, прыкра назіраць, як на любую крытычную заўвагу ад людзей ідзе такая рэакцыя. І людзі ў пагонах, быццам па камандзе «фас», бягуць выконваць распараджэнні. Наўрад ці па сваёй ініцыятыве прыйшла міліцыя да Святланы Малышкі, бо акрамя праўды ў артыкуле ніводнага слова не было. І ніякіх законных падставаў выклікаць на размову таксама не было. Гэта факт», – піша выданне.

Былі ў Святланы непрыемныя размовы са старшынём райвыканкаму, які давёў журналістку да слёзаў. Таксама ў адной з дзяржаўных газетаў надрукавалі адказ на ейны артыкул, словы з якога жанчына прыняла блізка да сэрца.

«Ці сказаліся гэтыя выклікі на здароўі Святланы Малышкі? Адназначна. Хоць яна старалася трымаць усе перажыванні ў сабе, але апошнім часам хаваць нервознасць праз навалы размоваў не магла», – пішуць калегі журналісткі.

Увесь стрэс, што перажыла Святлана Малышка пасля цкавання за артыкулы, прывёў да пагаршэння здароўя: журналістка трапіла ў шпіталь, але дактары не здолелі ўратаваць ейнага жыцця.

У жанчыны засталіся двое няпоўнагадовых дзяцей.

Рэдакцыя «Белсату» выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам і калегам Святланы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў