Цягам апошняга году ў беларускім інфармацыйным полі з’явілася шмат новых і амбітных праектаў. Адным з тых, што развіваюцца найбольш актыўна, стаў «Malanka Media» – YouTube-канал каманды платформы Zubr.in. Belsat.eu даведаўся, хто і як робіць гэты праект.
На YouTube-канале, як і ў пошукавіку, пра «Malanka» інфармацыі мінімум: праект створаны для незалежнага асвятлення важных падзеяў у Беларусі з дапамогай штодзённай падборкі навін, штотыднёвых жывых эфіраў і эксклюзіўных інтэрв’ю. У канала каля 93 тысяч падпісчыкаў, колькасць праглядаў відэа вагаецца прыкладна ад 10 да 100 тысяч. Тэмы – надзённыя, сярод гасцей – Латушка, Халезін, Курэйчык, Стрыжак, Сныціна і іншыя. Дзве галоўныя асобы праекту –дырэктарка спецыяльных праграм Кацярына Пытлева, яна ж аўтарка і вядоўца праграмы «Што добрага?», і галоўная рэдактарка Кацярына Ерусалімская – аўтарка і вядоўца навін.
Першы выпуск «Malanka» прайшоў 4 жніўня 2020 года. У жывым эфіры гаворка ішла пра тое, што адбываецца на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання.
– Сігнал рэстрыміўся, гэтым карысталіся ўжо больш папулярныя каналы тыпу «Страны для жизни» або штабу Бабарыка. Нашай задачай было ў жывым часе паказаць, як у людзей крадуць галасы і як паводзяць сябе ўлады, – успамінае першыя крокі заснавальнік «Malanka» Павел Марыніч.
Пасля падзяў 9 жніўня 2020 года і 18,5 гадзін у анлайне эфіры на канале сталі выходзіць кожны дзень уключна да 15 жніўня. Ужо ўвосень пасля сыходу з праекта «Нехта» да «Malanka» далучылася Кацярына Ерусалімская. У кастрычніку на канале пачынаюць выходзіць выпускі навінаў, якія яна вядзе.
– Для мяне гэта зусім новы досвед: канал запускаюць тры чалавекі, а ўжо трэба выходзіць у прамы эфір, чытаць навіны. І рабіць гэта аператыўна, коратка і ярка, таму што не ва ўсіх ёсць час сачыць за падзеямі на працягу дня.
«Разынкай нашых выпускаў становіцца ацэнка і стаўленне да таго, што адбываецца, тролінг. Ад класічнага тэлебачання многія стаміліся, людзі ўсё часцей ідуць на YouTube за новай і часта персанальнай падачай навін, якую мы і вырашылі ім даць – распавядае Ерусалімская.
Персанальны падыход да навін падзяляе Павел Марыніч, але падкрэслівае: першачарговая задача праекту – стварыць пляцоўку для зносін з прадстаўнікамі ўсіх новых ініцыятыў, якія сфарміраваліся падчас перадвыбарнай кампаніі 2020-га і падзей пасля выбараў. Менавіта таму тут прытрымліваюцца прынцыпу двух меркаванняў, запрашаючы ў эфіры і прадстаўнікоў штабу Ціханоўскай, і НАУ. На заўвагу, што гэта не зусім класічны журналісцкі падыход да асвятлення падзеяў з усіх магчымых бакоў, заснавальнік «Malanka» адказвае:
– Беларусы зрабілі выбар, і мы робім кантэнт для іх. Калі ў краіне знішчаюць свабоду прэсы, мы абавязаныя рэагаваць і быць новай крыніцай інфармацыі, месцам, дзе абраныя народам лідары будуць мець зносіны са сваімі выбарнікамі, нягледзячы на ўсе хітрыкі прапаганды. Мы не раз запрашалі Азаронка.
Давайце шчыра: гэты фрык – гэта ж мара для прамога эфіру. Безумоўна, мы б хацелі бачыць у сваіх эфірах і трэці бок, але там ёсць выразная забарона на дыскусію з незалежнымі медыямі. Калі мы не можам гаварыць з прадстаўнікамі ўлады ў эфіры, мы гаворым пра іх працу па выніках маніторынгу пляцоўкі Zubr.in, па сродках інфармацыі з расследавальных крыніц грамадзянскіх ініцыятыў, ацэньваем праз асабісты досвед.
Нядаўна на «Malanka» з’явіліся рэгіянальныя навіны, створаны канал «Malanka Live», у планах трэці – «Malanka Next» для дзяцей і іх бацькоў з выключна беларускамоўным кантэнтам. Са словаў Марыніча можна зрабіць выснову, што гэта як шлях да пашырэння мэтавай аўдыторыі праекту, так і місія праекту.
– Наша каманда – зборышча суцэльных крымінальнікаў у разуменні рэжыму Лукашэнкі [смяецца]. Так выйшла, што ў нашай камандзе аказалася шмат маладых бацькоў, якія не толькі матываваныя ствараць навінавы кантэнт, але і выдатна разумеюць праблемы выхавання дзяцей у Беларусі.
Лукашэнка спрабуе перапісаць нашую гісторыю пад калгасны свет у галаве, а мы хочам гаварыць пра беларускую культуру і гісторыю на зразумелай дзецям мове. Мы – нацыя са сваімі сімваламі.
Ідэю развіцця канала, разлічанага на выхаванне беларускамоўных дзяцей, актыўна падтрымлівае Кацярына Пытлева. Пакуль яна працуе ў студыі, па офісе «Malanka» бегаюць яе дзеці.
– Калі мы пачалі вучыць літары, вельмі не хапала такой навучалкі. На «Malanka» мы ўжо працуем у гэтым кірунку ў калабарацыі з мастакамі і дызайнерамі. А яшчэ ў мяне засталася велізарная колькасць кантактаў прафесіяналаў па дзіцячым кантэнце з часоў працы на Белтэлерадыёкампаніі – казачнікі, пастаноўшчыкі спектакляў, ілюстратары, аўтары праграм, – распавядае Пытлева і дадае, што планы на дзіцячую праграму ў яе былі яшчэ ў Беларусі. Праўда, стварэнню перашкодзіла цяжарнасць.
Пытлева распавяла, што першыя рэакцыі на яе праграму «Што добрага?» былі рознымі: хтосьці дзякаваў, хтосьці крытыкаваў за «ружовыя соплі» ў неадпаведны момант.
– А часта людзі пішуць, што парады з праграмы спрацавалі. Напрыклад, так было з КТГС (Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання). Разумею, што не ва ўсіх хапае часу, каб сачыць за тым, што адбываецца на сайтах і каналах ініцыятываў, якія з’явіліся за гэты час. Таму і лічу важным казаць не толькі аб тым, што людзі перамогуць, але і аб тым, што трэба зрабіць для перамогі. Я заўсёды любіла натхняльную журналістыку [усміхаецца].
Што тычыцца працы «Malanka» ў Беларусі, Павел Марыніч характарызуе яе як шыкоўную.
– Людзі самі дасылаюць інфармацыю і відэа, актыўна карыстаюцца нашымі чат-ботамі. І зноў жа: выпуск навін рэгіёнаў – гэта патрэба нашых гледачоў, якія прасілі аб такім праекце. Многія аўтары кантэнту – гэта рэгіянальныя актывісты платформы Zubr.in, якія ўжо прайшлі верыфікацыю, – падкрэслівае заснавальнік «Malanka».
Паводле Марыніча, у іх ёсць свае «залатыя народныя карэспандэнты», інфармацыя ад якіх не правяраецца. Матывацыя для такой супрацы – хуткі водгук з боку журналістаў і карыстальніцкае відэа ў эфіры.
– Спадзяюся, што Zubr.in чакае рэбрэндынг пасля кампаніі па маніторынгу рэферэндуму, а ў «Malanka» нарэшце з’явіцца свой сайт. Хочацца пашырыць функцыянал сайта, каб ён у тым ліку стаў хабам для журналістаў-фрылансераў, куды яны маглі б за ганарар загружаць свае артыкулы і фота- відэаматэрыялы для выкарыстання ў іншых выданнях і праектах. Гэта важны элемент падтрымкі рэгіянальных журналістаў, якія праз рэпрэсіі засталіся без працы, –падкрэслівае стваральнік «Malanka».
На пытанне, ці будзе рэбрэндынг лагатыпу праекта, які выклікае асацыяцыю з лагатыпам мэсэнджара Telegram, Марыніч адказвае: яшчэ не час. Зараз асноўная задача каманды нарасціць маладую аўдыторыю ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў і прыцягнуць увагу да праекта жаночай аўдыторыі.
– У нас вельмі вялікія надзеі на праграмы культурнай тэматыкі. Людзі ў 2020-м годзе выбралі свой шлях. Пратэст – гэта яго агульны настрой, які адлюстроўваецца ў мастацтве. Калі не будзе пляцоўкі, дзе рэпрэсаваныя дзеячы культуры і музыкі змогуць выказацца, то іх творчае жыццё страціць сэнс, – мяркуе Павел Марыніч.
Цяпер у «Malanka» працуе 20 чалавек. Кожная «штатная адзінка» зʼяўляецца толькі пры гарантыі фінансавання пад яе на бліжэйшыя паўгода. Які месячны бюджэт праекта, яго заснавальніку сказаць складана.
– Пасля заканчэння фінансавага года ў нас пройдзе аўдыт, яго вынікі мы размесцім у адкрытым доступе. За якія сродкі існуе праект? Zubr.in вырас з IT-асяроддзя, таму і наша фінансаванне часткова ідзе з гэтай сферы. Уся наша апаратура была сабраная па крупінках дзякуючы, у тым ліку, маім знаёмым, сябрам і калегам. Усяго ў спісе ахвярадаўцаў прыкладна 120 кампаній і фізічных асобаў. З іх каля 20 вельмі буйных кампаній. Ніводная з іх не знаходзіцца ў Беларусі. Адзначу таксама дапамогу дыяспар, якія падтрымалі на старце. Што тычыцца падтрымкі міжнародных фондаў і структур, мы да гэтага часу звяртаемся да іх. Праекту ўжо аказвалася з іх боку кароткатэрміновая і мэтавая падтрымка, але гэта не пакрывае нашы патрэбы, – кажа Павел Марыніч.
Стваральнік «Malanka» падкрэслівае, што не меў ілюзій наконт татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці і медыяў пасля масавых пратэстаў. Ён мяркуе, што праект з’явіўся ў патрэбны час і цяпер з «набранай мускулатурай» гатовы да супрацьстаяння з вар’яцтвам з боку рэжыму.
– У камандзе не ведаюць слова «адпачынак» і прама кажуць, што немагчыма адпачываць, калі ў краіне бязмежжа. Мне імпануе гэты настрой, хоць я і разумею, што людзі выгараюць. Гэты момант рана ці позна надыходзіць. Але нават у студзені 2021 года мне складана было чакаць, што праект так разрасцецца. Цяпер у мяне ўсё больш надзей, што мы пойдзем па шляху «Громадського тэлебачання» ва Украіне. Шкада толькі, што ў сутках усяго толькі 24 гадзіны.
Саша Альтэр, Аліса Ганчар /МВ, belsat.eu