Суд за белую стужку, затрыманні ў Дзяржынску і Горадні. Хроніка пераследу 20 ліпеня


Сілавікі працягваюць затрыманні грамадзянаў Беларусі ў многіх гарадах краіны за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу за 20 ліпеня.

Амапаўцы ў Дзяржынску схапілі мастака Сяргея Кулешу. Праваабаронцы адзначаюць, што прычыны затрымання і месцазнаходжанне мастака невядомыя.

У Горадні сілавікі схапілі Кірыла Курылу. Пра гэта стала вядома з «пакаяльнага» відэа. Мужчына распавядае, што ў 2020 годзе прымаў удзел у акцыях пратэсту і нібыта заклікаў да гвалту над сілавікамі.

Пісьменніка і фатографа, былога працаўніка СТВ Дзмітрыя Баяровіча і яго жонку Валерыю Баяровіч асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі». Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх»). Прысуд агучыла суддзя Юлія Інчына.

Дзмітрый Баяровіч працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцыяў.

Дзмітрый Баяровіч і Валерыя Баяровіч. 
Фота: Вясна / Telegram

У Гомлі пачалі судзіць прадпрымальніка Юрыя Ташкінава, які аказваў дапамогу Украіне. Мужчыну абвінавачваюць у распальванні варожасці і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання паводле ч.1 арт. 130 і арт. 361-2 КК. Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, справу разглядае суддзя Яўген Піскуноў.

Гамяльчук у сацсетках выказваўся супраць вайны. Раней праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі пра тое, што прадпрымальнік пераводзіў грошы на дапамогу Украіне праз фонд BYSOL.

Палітвязня Уладзіміра Гундара ў бабруйскай калоніі №2 ужо 3 разы змяшчалі ў ШІЗА. Першы раз на 4 содняў, потым на 3 содні. Апошнім разам ён правёў у штрафным ізалятары 6 содняў.

Уладзіміра Гундара асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах. Мужчына мае інваліднасць праз адсутнасць адной нагі.

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Падтрымаць Уладзіміра можна па адрасе:

ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, 16 атрад, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар

Працаўніка МНС Дзмітрыя Рудака з гарадскога пасёлка Падсвілле, што ў Глыбоцкім раёне, асудзілі 13 чэрвеня па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Яму прысудзілі 15 содняў арышту. «Віцебская Вясна» паведамляе, што мужчыну таксама звольнілі з працы. Выратавальніка асудзілі за тое, што ён на асабістай старонцы ў «Аднакласніках» захоўваў публікацыю з «экстрэмісцкага» інтэрнэт-рэсурсу з лагатыпам «N».

Працаўнік МНС Аляксей Паляк (на фота справа)
Фота: Веснік Глыбоччыны

Таксама ў Глыбокім звольнілі інспектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксея Паляка.

У судзе Дзяржынскага раёна за ўдзел у акцыі пратэсту ў Фаніпалі 14 жніўня 2020 года Ладарыю Кузняцову асудзілі да году «хатняй хіміі». Суддзя Таццяна Федчук прызнала дзяўчыну вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак«).

Ладарыя Кузняцова.
Фота: Вясна / Telegram

Паводле абвінавачвання, Ладарыя «ў мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэсных настрояў у грамадстве, яго правакавання, пры руху дэманстравала стужачку белага колеру». https://t.me/viasna96/20539

Hавiны
Праваабарончы цэнтр «Вясна» – лаўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 года
2023.07.20 23:25

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў