Дар'я Лосік: У дзень вызвалення Ігара я паеду забяру яго і больш ніколі не адпушчу


Сёння, 20 траўня, блогеру, кансультанту радыё «Свабода» і палітвязню Ігару Лосіку спаўняецца 30 гадоў. Якія навіны ад яго з-за кратаў, і як сёння выглядае жыццё сям’і палітвязня, мы паразмаўлялі з жонкай Ігара Дар’яй Лосік.

Дар’я Лосік. Менск, 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат
Даведка

Ігара затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу ўдома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тыс. чалавек. Ігара абвінавацілі спачатку ў рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а потым у рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках. За час знаходжання за кратамі – спачатку на Акрэсціна, пасля ў следчай турме Жодзіна і СІЗА Гомля – Ігар двойчы абвяшчаў галадаванне, першае цягнулася 42 дні. Другое галадаванне Лосік абвяшчаў, калі яму выставілі новы артыкул абвінавачвання. Тады ён на вачах у следчага пашкодзіў сабе руку на запясці каля венаў, а пасля абвесціў сухое галадаванне, якое пратрымаў 4 дні.

14 снежня 2021 года ў будынку СІЗА № 3 у Гомлі суддзя Мікалай Доля вынес Ігару прысуд: 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер палітвязень утрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3, куды яго перавялі з Жодзіна больш за год таму, у чаканні апеляцыі. Яе разгледзяць у Вярхоўным Судзе 31 траўня.

З моманту затрымання Дар’я бачыла мужа толькі двойчы. Падчас другога спаткання Ігар змог пабачыцца са сваёй дачкой Паўлінкай, якой 3,5 года.

– Асаблівых навінаў ад Ігара няма, толькі скардзіўся, што даўно ўжо лісты даходзяць толькі ад сваякоў. Ад іншых людзей лістоў не перадаюць, хоць я ведаю, што яму пішуць і дастаткова шмат. Але да дня нараджэння людзі вырашылі актывізавацца па-іншаму: адпраўляюць Ігару пасылкі і пералічваюць грошы на атаварванне. Калі лісты не даходзяць, то грошы на рахунак і пасылкі дакладна дойдуць, – кажа ў гутарцы з «Белсатам» Дар’я.

– Падчас следства Ігару ў жодзінскім СІЗА стваралі нечалавечыя ўмовы: пазбаўлялі лістоў, падсадзілі сукамерніка з педыкулёзам, трымалі ў карцары, дзе нельга было зрабіць нават пару крокаў. Якія ўмовы ў яго цяпер?

– У гомельскім СІЗА ўмовы нашмат лепшыя, чым у Жодзіне. За два гады горш за Жодзіна не было нічога. Сукамернікі цяпер таксама лепшыя. З Ігарам сядзяць людзі паводле розных артыкулаў, але ніякай агрэсіі з іх боку няма. Адміністрацыя СІЗА дастаткова адэкватная. Часам, праўда, робяць дробныя гадасці. Напрыклад, Ігар даўно просіць звадзіць яго на склад, каб ён мог пакінуць рэчы, якія яму непатрэбныя, і ўзяць тыя, што ён возьме з сабой «на этап». Была ў нас замінка з медыкаментамі: ён напісаў заяву, каб я магла яму перадаць лекі, і тыдні два гэтую заяву проста не разглядалі. І канешне, гісторыя з мясцовым псіхолагам, які даваў Ігару рэкамендацыі, як правільна рэзаць вены, каб давесці распачатае да канца. Але ў Жодзіне было нашмат горш: супрацоўнікі адміністрацыі ўсяляк стараліся яго падчапіць, зачапіць, вывесці з сябе.

Пасля вынясення прысуду Ігар быў шакаваны: ён нічога не зрабіў, а атрымаў такі вялікі тэрмін, якога не атрымліваюць нават маньякі і забойцы, то бок людзі, якія сапраўды гэтага заслугоўваюць. Ігар казаў, што ў матэрыялах справы пра яго наогул практычна нічога не было, толькі некалькі разоў узгадавалася яго прозвішча.

Ігар Лосік спыніў галадоўку
Ігар Лосік. Фота з Facebook

– Ігар застаецца ў СІЗА 23 месяцы. Ці змяніўся ён за час зняволення?

– Наша першае спатканне з Ігарам адбылося 27 траўня мінулага года. Я баялася, што Ігар моцна змяніўся, але якім ён быў да арышту, такім і застаўся – цудоўным, добрым, шчодрым, выдатным татам і мужам. Ён, як і раней, гатовы зрабіць для мяне ўсё і нават больш. Ён усё такі ж рамантык, усё так жа прыгожа прамаўляе.

Былі моманты, калі яму было вельмі цяжка, яго проста так пазбавілі сям’і, свабоды, усяго, што ў яго было. З іншага боку, ён разумее, што прысуд рэжым вынес не яму, а сабе.

– А як вы змяніліся за гэты час?

– Я сапраўды змянілася. І вельмі моцна. Да моманту, калі забралі Ігара, я выдатна ведала, што ў мяне ёсць муж, на якога я магу спадзявацца, калі нешта не так, ён вырашыць усе мае праблемы, дапаможа ўва ўсім. Цяпер я не засталася адна – ёсць мае бацькі, бацькі Ігара, якія мне вельмі дапамагаюць. Але большасць важных рашэнняў, зваротаў мне трэба рабіць самой. У мяне няма ніякага страху, я кажу напрамкі тое, што ёсць. Я стала больш смелай, рашучай, і, добра гэта ці кепска, я стала нашмат больш жорсткай, чым была раней. Але так цяпер прыходзіцца.

Паўліна Лосік.
Фота: Белсат

– Як вам удаецца падтрымліваць сваю сувязь з Ігарам, вашыя стасункі?

– Мы з Ігарам разам 13 гадоў. Нашым самым вялікім страхам было застацца адно без аднаго. Мы навучыліся адно аднаго разумець, цяпер проста на адлегласці. Ён піша мне лісты, настолькі глыбокія і тонкія, што магу зразумець толькі я. Гэта вельмі кранае. Адзін ліст можа разабраць мяне па частках.

Ігар заўсёды быў рамантыкам, ім і застаецца, яму падабаецца радаваць мяне чымсьці нечаканым, прыгожым. 17 букетаў кветак, якія ён мне даслаў з-за кратаў, якраз пра гэта. Адзін з іх быў падпісаны «Маёй любімай дачушцы», ён да гэтай пары стаіць, бо састаўлены з сухіх кветачак.

У нас ёсць узаемасувязь – ён мой чалавек, і я не ведаю і не разумею, як можа быць па-іншаму.

– Ці не адчувае Ігар віны перад вамі?

– Гэта пытанне, за якое я на яго ўвесь час сваруся. У некаторых лістах ён пісаў мне: прабач мяне за тое, што я тут. Я адказвала яму, што ён піша глупствы, і калі ён яшчэ раз такое напіша, я проста перастану адказваць на такія лісты. Так склалася сітуацыя, і ты ў ёй абсалютна невінаваты. Я застаюся тут і буду рабіць усё ад мяне залежнае, каб ты зноўку быў побач.

Чалавек можа прасіць прабачэння, калі сапраўды ёсць даказаны факт злачынства. А Ігару няма за што прасіць прабачэння. Не ён сам пайшоў і сеў за краты.

Паўліна Лосік.
Фота: Белсат

– Як вы падтрымліваеце сувязь паміж Ігарам і Паўлінкай?

– Нягледзячы на тое што Паўліне было 1,5 года, калі Ігара забралі, адсутнасць таты яна адчула практычна адразу. Яна памятала, дзе кубак Ігара, дзе яго рэчы, як яны выглядаюць. Цяпер ёй амаль 3,5 года, і яна ўсё роўна памятае ўсе яго рэчы.

Я раблю фотаздымкі, распавядаю пра тату кожны дзень. Паўліна разумее, што тата ёсць у яе жыцці, няхай і не побач зараз. Ігар часта малюе ёй герояў яе любімых мультфільмаў, дасылае для яе налепкі, якія яму ў лістах дасылаюць людзі.

– Вашае жыццё кардынальна змянілася пасля затрымання Ігара. Раскажыце, якое яно цяпер.

– Ігар у СІЗА, а значыць, гэта перадачы два разы на тыдзень, 9-гадзінныя паездкі па 900 кіламетраў па маршруце Баранавічы – Гомель – Баранавічы. Я прыязджаю ў Гомель, а 5-й ранку займаю чаргу ў СІЗА, каб перадаць перадачу. Стамляешся ад дарогі, але гэта можна перажыць, нічога страшнага.

Які сэнс сябе накручваць і шкадаваць? Можна сесці, паплакаць, але сітуацыя ад гэтага не зменіцца. Гэта трэба рабіць – я гэта раблю. У мяне не стаіць выбар, а можа, мне сёння не паехаць, адпачыць. Калі яму патрэбныя свежыя прадукты, сродкі гігіены, значыць, я набываю і вязу, нягледзячы на надвор’е, адлегласці і астатняе. Трэба рабіць яго жыццё там, за кратамі, наколькі гэта магчыма, камфортным. Калі Ігар атрымлівае ад мяне перадачу, то разумее, што я была ў СІЗА, што я побач. Ён хоча, каб я прыязджала два разы на тыдзень. Значыць, я буду прыязджаць два разы на тыдзень. Калі б ён захацеў, каб я прыязджала тры разы, я б ездзіла. Таму што кахаю.

– Як гэта – перажыць дзве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, а пасля пачуць такі вырак. Што самае складанае, і што дапамагае трымацца?

– Самае складанае – гэта, калі былі галадоўкі і спроба суіцыду, разумець, што калі ён перагне палку, яго можа не стаць. Гэта было самае страшнае.

Дапамагае трымацца разуменне, што калі не я, то хто? Я пісала яму: Ігар, ты маё жыццё, не будзе цябе – не будзе мяне. Пэўна, гэта і матывуе рухацца далей нягледзячы ні на што. Проста таму што кахаю.

Я нікуды з Беларусі не з’еду. Расчарую тых, хто, можа, гэтага хацеў бы. Могуць пайсці паплакаць. Калі мяне захочуць пасадзіць – не пытанне. Але калі я буду ў СІЗА, я нікому не зайздрошчу. Я не Ігар, я не такая спакойная. Я змагу і з СІЗА заяўляць і пра сябе, і пра Ігара. І гэта будзе нашмат грамчэй, чым калі я раблю гэта на свабодзе.

Мне не страшна заставацца ў Беларусі. Пакуль Ігар за кратамі, я адсюль не з’еду. Ведаю, што мяне праслухоўваюць спецслужбы, сочаць за мной – але мне ўсё роўна. Могуць хоць пад дзвярамі стаяць.

Мяне падтрымлівае вельмі шмат людзей. Кожны дзень мне прыходзяць асабістыя паведамленні са словамі падтрымання. Са многімі людзьмі мы камунікуем ужо пастаянна. Гэта ўжо сябры, з якімі я не бачылася, але з якімі часта перапісваюся. Увесь час пытаюць, ці патрэбна штосьці мне ці Ігару, ці ёсць нейкія праблемы, чым можна дапамагчы? Гэта вельмі важна. Ёсць вельмі шмат добрых людзей, якія, здаецца, незаўважныя збоку, але чыя дапамога вельмі адчуваецца.

Наталля, маці Ігара Лосіка.
Фота: Белсат

– Як бацькі Ігара перажываюць усю гэтую гісторыю?

– Ім, безумоўна, складана. Родны, любімы старэйшы сын за кратамі. Вядома, яны хацелі б бачыць яго побач з сабой. Але бацькі Ігара і мае бацькі – вялізныя малайцы, яны стараюцца ўсімі сіламі падтрымліваць нас абаіх. Проста промні любві ад мяне, бо без іх мне было б вельмі цяжка.

– Ці падтрымліваеце вы сувязь з жонкамі іншых палітвязняў? Напрыклад, з Марынай Адамовіч? Ігара судзілі разам з яе мужам Міколам Статкевічам.

– Так, з Марынай Адамовіч я камунікую, мы падтрымліваем адна адну. Марына, на жаль, у такой сітуацыі не першы раз, яна вельмі дапамагае практычнымі парадамі.

Артыкулы
«Мы не спынімся». Святлана Ціханоўская, Марына Адамовіч і Дар’я Лосік пра гомельскі прысуд
2021.12.14 15:06

– Ігару спаўняецца 30 гадоў. Падрыхтавалі для яго на свята штосьці асаблівае?

– У СІЗА вельмі абмежаваны спіс таго, што можна перадаць, таму прыдумаць штосьці асаблівае вельмі складана. У любым выпадку гэта будзе святочная перадача з самым смачным, самым любімым. Будуць, вядома, каржы для торта – каб Ігар мог зрабіць там торт. Будзе больш смачнага, каб ён мог з сукамернікамі адзначыць свой дзень нараджэння, яго любімыя шакаладныя цукеркі, печыва. Імправізаваць складана, але можна.

У якасці асаблівага падарунка Ігар папрасіў укласці ў перадачу два новыя мае фотаздымкі.

– Пасля абвяшчэння выраку вы звярнуліся да Лукашэнкі з патрабаваннем сустрэчы. Калі б сапраўды ў вас была магчымасць з ім сустрэцца, што б вы яму сказалі?

– Гаворка дакладна не ішла б пра любоў, не было б расповедаў ад мяне як жонкі палітвязня, якая любіць, бо ён не зразумее, што гэта такое, бессэнсоўна яму пра гэта казаць. Тут былі б чыстыя факты, якія ён так любіць, але сам ніколі не прыводзіць. Без эмоцыяў, на роўных. Я прывяла б яму факты пра ліпавую справу, аб тым, што суд, які адбыўся, – гэта гульня, дурны серыял, але ніяк не суд. Прымусіла б яго выклікаць да нас людзей, якія вялі справу майго мужа, каб пачытаць услых дакументы, прадстаўленыя ў судзе. Ігар прачытаў усё ад пачатку да канца, там нічога на яго няма. Няхай бы растлумачылі, за што яму далі такі тэрмін.

Дар’я Лосік паказвае фота мужа.
Фота: Белсат

– Як вы ўяўляеце дзень, калі Ігар выйдзе на волю?

– Я рэаліст, пакуль сваймі вачыма не ўбачу – не паверу. Але часам усё ж уяўляю сабе, як гэта будзе. Я проста паеду забяру яго і больш ніколі не адпушчу. Ігар пісаў мне, што калі мы сустрэнемся, ён больш не адпусціць мяне ад сябе нават на метр. І дапісаў: я не жартую. На пэўны час мы ўтрох проста збяжым ад усіх навінаў, усяго, што адбываецца навокал, і будзем насалоджвацца адно адным. Гуляць з дачкой у парку, хадзіць у кавярні, жыць тое жыццё, якога так не стае зараз.

СП belsat.eu

Стужка навінаў