«Дадатковы падатак і мабілізацыя прыхільнікаў». Улады абвесцілі, што сабралі на суботніку 14,5 млн рублёў


У Беларусі адбыўся традыцыйны суботнік. Улады адсправаздачыліся, што было сабрана 14,5 млн рублёў, а «натхнёна» і «з энтузіязмам» задарма адпрацавалі 2,4 млн беларусаў. Палітолаг Андрэй Казакевіч у каментары «Белсату» адзначыў, што сапраўдная мэта такіх суботнікаў – сабраць грошы і мабілізаваць прыхільнікаў улады.

Суботнік работнікаў Берасцейскай абласной клінічнай больніцы. 20 красавіка 2024 года.
Фота: bokb_by / Telegram

«Сутнасць суботнікаў у беларускай мадэлі – атрымаць дадатковыя фінансы, дадатковыя працоўныя гадзіны, якія дзяржава можа выкарыстоўваць на тыя мэты, на якія ім патрэбна. Фактычна дадатковы падатак», – сказаў «Белсату» доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык заявіў, што сёлета суботнік прынёс на 400 тысячаў рублёў больш, чымся летась. Паводле яго, агулам сабралі 14,5 млн рублёў, а задарма адпрацавалі 2,4 млн беларусаў.

Гэтым разам грошы пойдуць на «патрыятызм»: на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям – ахвярам вайны» у Жлобінскім раёне, на стварэнне на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі, на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, размешчаных у вобласцях і Менску.

Hавiны
Віцэ-прэм’ер расказаў, колькі беларусаў прымусілі працаваць задарма на суботніку
2024.04.20 13:40

«Улада пазбаўленая сапраўднай дэмакратычнай легітымнасці і, калі яна інвестуе гэтыя сродкі ў тую ці іншую сферу, асабліва ідэалагічную, яна гэта робіць не сыходзячы з меркаванняў усяго насельніцтва, а выключна са сваіх мэтаў і каштоўнасцяў», – падкрэсліў Казакевіч.

Ён заўважыў, што 2020 год выявіў адсутнасць каштоўнаснага падмурка ў цяперашніх уладаў, цяпер гэтую глебу спрабуюць намацаць:

«Інвестыцыя ў так званы патрыятызм, у дзяржаўную ідэалогію – спроба калі не выбудаваць каштоўнасны кансэнсус для ўсяго грамадства, то хаця б мабілізаваць прыхільнікаў улады і, можа, пашырыць гэтыя каштоўнасці за кошт тых людзей, якія з’яўляюцца нявызначанымі, не маюць дакладных перакананняў».

Цяперашнія суботнікі ў Беларусі нагадваюць позні савецкі час, калі бальшыня людзей не верыла ў дзяржаўную ідэалогію, упэўнены палітолаг.

«Аднак паўтарэнне галоўных наратываў, падкрэсліванне палітычных прыярытэтаў дазваляла ўладам трымаць пэўную частку насельніцтва ў арбіце свайго ўплыву», – падсумаваў Андрэй Казакевіч.

Аб’ектыў
66 суботнікаў: колькасць народных прыбіранняў у Беларусі б’е рэкорды
2024.04.13 21:39

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў