«Адсоткаў дзесяць проста любяць ваяваць». Былы добраахвотнік – пра матывацыю тых, хто самастойна ідзе на фронт


Вайна ва Украіне паставіла тысячы беларусаў перад выбарам: як вызначыць сваю пазіцыю ў гэтай вайне? Сотні пайшлі ваяваць добраахвотнікамі, сотні сталі валанцёрамі і робяць усё магчымае, каб дапамагаць войску і бежанцам. Не ўсе вытрымліваюць фізічныя і маральныя нагрузкі. Не ўсе гатовы прыняць новую рэальнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

Былы баец Яўген (імя змененае з меркаванняў бяспекі) гаворыць, што, як і многія яго суайчыннікі, знаходзіўся ў Польшчы, калі пачалася вайна ва Украіне. Праз два месяцы пайшоў ваяваць добраахвотнікам. У войску стаў мінамётчыкам. Ён адказаў на пытанні карэспандэнткі «Белсату».

– Кожны ахвотны мог паехаць ваяваць ва Украіну?

– Далёка не кожны. Была ўмова наяўнасці першапачатковай вайсковай падрыхтоўкі. У мяне яна была. Я і так трэнаваўся, але, акрамя таго, я служыў у войску і двойчы быў на зборах.

– Вы папрасіліся менавіта ў полк Каліноўскага?

– Не. Я туды першапачаткова не хацеў. Я хацеў ваяваць у шэрагах ЗСУ. Але беларусаў на той час туды ўжо не бралі. Загад Зяленскага нават выйшаў з гэтай нагоды. Мне сказалі: «Хочаце добраахвотнікам? Тады звяртайцеся праз Беларускі дом. Там усё зробяць». І дапамаглі, бо не так проста было патрапіць ва Украіну. Чаму не хацеў у полк Каліноўскага? Чуў водгукі некаторых хлопцаў аб тым, што там не ўсё іх задавальняе. Пагаворвалі аб дзесяціне, якую спаганялі з усіх, і яшчэ былі некаторыя негатыўныя моманты.

Не падабаліся некаторыя асобы, якія былі ў штабе ў кіраўніцтве. Разумееце? Армія павінна быць пабудавана на вайсковай дысцыпліне і на чале любога палка павінны быць ваенныя спецыялісты, а не футбольныя фанаты ці ўвогуле нехта выпадковы. Але ўвогуле хлопцы, якія ваююць на перадавой, сумленныя і сапраўдныя патрыёты.

– Але магла ж мець месца і дэзынфармацыя з мэтай скампраметаваць кіраўніцтва палка. Бо часта, калі, калі ідзе збор сродкаў, амуніцыі, то могуць знайсціся такія, якія скажуць, што мае месца так званае нямэтавае выкарыстанне ці злоўжыванне. Вы такое дапускаеце?

– Падазрэнні ў нас былі не толькі ў плане нейкай там неахайнасці. Былі падазрэнні, што і агентура працуе. Такое было пасля Краматорска, калі хлопцы загінулі. Але, вядома, як жа без гэтага: вайна і тут вось войска і тыя ж беларусы. Канешне, такое магчыма. Але мы не звярталіся наконт сваіх падазрэнняў нікуды. Былі і іншыя нюансы, але казаць бессэнсоўна зараз пра іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках па інжынернай справе. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

– Можа камусьці на руку сеяць падазрэнні, раздуваць скандал?

– Магчыма, але хутчэй за ўсё трэба адразу было гучна заяўляць яшчэ тады пра ўсё. Трэба было вырашаць тыя пытанні. А так яны назапашваліся і я не выключаю, што можа выліцца ўсё ў скандал.

– Дык гэта стала прычынай вашага сыходу з войска?

– Толькі часткова. Проста, калі я ехаў ваяваць, дык думаў, што вось вельмі хутка перамога. Трэба толькі папрацаваць і ўсё. Такая была ўпэўненасць у хуткай перамозе яшчэ і ад таго, што ўвесь свет пачаў дапамагаць Украіне. Я так разумеў і не адзін я, што ў сярэдзіне лета наступіць пералом. Тэрыторыю Украіны ачысцяць ад расейскіх войскаў і вызваляць Беларусь. Бо ўсім відавочна, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Гэта была асноўная матывацыя і асноўная мэта. А потым праз тры месяцы я паглядзеў і зразумеў, што вайна прымае зацяжны характар. Пачынаецца пінг понг з гэтымі наступамі то ў адным месцы, то ў іншым. То атака, то контратака. І, акрамя таго, пасля размоваў з украінцамі паступова стала раставаць надзея. Стварылася ўражанне, што ўвогуле, акрамя саміх беларусаў, нікому асабліва і не трэба вызваляць нашу краіну. Гэта маё меркаванне, але здаецца, што не толькі маё. Так і Зяленскі ж заявіў, што галоўнае вызваліць свае тэрыторыі, а ваяваць з Беларуссю ніхто не збіраецца. І ўкраінскія камандзіры ў прыватных размовах казалі, што ніхто нам ніякую зброю не выдасць для гэтага. Ды і шмат у каго са Штабу ўжо ёсць украінскае грамадзянства. Яны збіраюцца жыць ва Украіне. У некаторых тамака кватэры. Украіна нашмат багацей, чым Беларусь. Надзеі раставалі з кожным днём.

– Вы лічыце, што не ўсе ішлі ваяваць з надзеяй, што ў выпадку перамогі Украіны, Беларусь таксама стане свабоднай?

– Не ўсе, вядома. Патрыятызм рухае ў асноўным так званымі палітычнымі з Літвы і Польшчы. Гэта тыя, хто вымушаны былі ўцякаць з краіны, каб не сесці ў турму. Іх тамака на шчасце большасць. Але значная частка ёсць і тых, якія пайшлі ваяваць з-за добрага заробку. 2 000 долараў дзе яшчэ можна зарабляць? Але ёсць і працэнтаў можа 10, дакладна не больш, якія проста любяць ваяваць. Вось уявіце сабе, што ёсць і такія. Ім проста падабаецца гэты занятак. А многія замежнікі пайшлі, таму што такім чынам па спрошчанай працэдуры і значна хутчэй можна атрымаць ВНЖ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Ці не занадта высокі кошт для набыцця ВНЖ?

– Спачатку не ўсе гэта разумеюць. Я бачыў мексіканцаў, якія ў адзін дзень страцілі чатырох сваіх таварышаў. Іх гэта моцна ўразіла тады. Вельмі шмат хто з іх казаў, што не можа больш ваяваць. Яны шукалі ва Украіне лепшай долі. Сказалі, што ўжо не хочуць заставацца. Ведаю, што шмат хто з іх выехаў потым у Польшчу.

– Што б вы параілі тым, хто знаходзіцца па-за межамі радзімы? Можа, вучыцца вайсковай справе, напрыклад, асвойваць складаную тэхніку?

– А хто ім дасць? Складаную вайсковую тэхніку беларусам асвойваць не дадуць. Украінцам дадуць, а беларусам – не. Спецыялісты, безумоўна, патрэбны, каб кіраваць складанай тэхнікай. Але беларусам яе не давераць. Беларусь жа краіна-суагрэсар. Беларусы, калі паедуць ваяваць ва Украіну, то будуць ваяваць толькі ў пяхоце. А пяхота гэта перш за ўсё цяжкая фізічная праца. Беларусы на вайне гэта пяхота і разведка. Канешне, трэба нам усім асвойваць неабходныя правілы, каб выжываць у ваенных умовах. Вельмі шмат у інтэрнэце ёсць для трэнаванняў і наогул усялякіх парад. Натаўскі інструктар казаў мне, што 2-3 месяцы дастаткова, каб падрыхтаваць чалавека. Так і мірным таксама трэба было б пачытаць, як дзейнічаць у выпадку абстрэлаў. Я зараз уладкаваўся на працу, але імкнуся форму не губляць. І сачу за тым, што адбываецца ва Украіне. Увесь свет сочыць. Вельмі спадзяюся, што настане хутка пералом.

– Але, калі настане пералом, ці вернецеся на вайну? Усё ж у вас ёсць досвед.

– Так, досвед ёсць. Але ваяваць менавіта на тэрыторыі Украіны больш не буду. Я вырашыў для сябе, што зусім іншая справа абараняць сваю зямлю, свой дом і свой народ. І я буду гэта рабіць, як толькі спатрэбіцца.

Гісторыі
«Вайсковы білет ЗСУ нічога не значыць». Украінскі банк адмовіўся абслугоўваць байца палка Каліноўскага
2023.04.11 16:05

Любой Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў