Праз моцны вецер з парывамі да 27 м/с пацярпелі 33 населеныя пункты ў 7 раёнах Гарадзенскай і Менскай вобласцяў, паведамляе МНС.
Паводле аператыўных звестак ведамства, моцным ветрам паваліла 121 дрэва. Паваленыя дрэвы пашкодзілі 16 аўтамабіляў. У аграгарадку Бабровічы Валожынскага раёну элементам часткова сарванага металічнага даху майстэрні пашкодзіла 5 трактароў і пагрузчык.
У Ляхавіцкім раёне на Берасцейшчыне і Мастоўскім раёне на Гарадзеншчыне праз падзенне дрэваў на чыгуначныя пуці затрымаліся на паўгадзіны тры пасажырскія цягнікі.
МНС паведамляе, што пацярпелых няма. Ратаўнікі і рабочыя іншых арганізацыяў вядуць аднаўленчыя працы.
Удакладняецца, што, паводле «Белэнерга», цягам мінулых сутак парушалася электразабеспячэнне ў 979 населеных пунктах, 34 з іх на раніцу 20 лютага заставаліся без электрычнасці.
Як папярэджвае Белгідрамет, удзень 20 лютага месцамі па краіне захаваецца заходні і паўднёва-заходні вецер з парывамі да 15-18 м/с.
ЗК belsat.eu