Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі працуюць. Разбіраем паспяховы кейс


Выключэнне Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу практычна цалкам пакінула дзяржаўнае тэлебачанне без міжнароднага спорту. Разбіраем, што цяпер нельга паглядзець на «Беларусь 5».

Ілюстрацыйны здымак. Заўзятары «Дынама» Менск падчас матчу з ЦСКА Масква.
Фота: Dmitry Golubovich / Russian Look / Forum

Замест чэмпіянатаў свету Кубкі і чэмпіянаты Расеі

На старонцы тэлеканалу напісана: «У эфіры каналу «Беларусь 5» жывыя трансляцыі спартовых падзеяў у Беларусі і свеце. На канале можна глядзець онлайн матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў, Лігі Еўропы, Англійскай прэмʼер-лігі і іншыя папулярныя турніры. «Беларусь 5» паказвае жывыя трансляцыі гульняў «Дынама» (Менск) у чэмпіянаце КХЛ, выступы беларускіх клубаў у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў, трансляцыі з буйных тэнісных турніраў і іншыя спаборніцтвы, што будуць цікавыя аматарам спорту».

Але на канале даўно няма топ-падзеяў. Пасля шостага пакету санкцыяў Еўразвязу «Беларусь 5» пазбавілася Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, этапаў Кубка свету і Еўропы, трансляцыі футбольных ліг.

Параўнаем, што паказваў тэлеканал «Беларусь 5» 21 студзеня 2017 года (да санкцыяў) і што паказвае 21 студзеня 2024 года (праз паўтара года пасля іх).

Гэтак, да санкцыяў можна было ўбачыць некалькі гонак з этапаў Кубка свету з удзелам беларускіх спартоўцаў, матчы чэмпіянату свету па гандболе і фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Цяпер жа застаўся толькі міні-футбол. На змену этапам Кубка свету па біятлоне прыйшлі этапы Кубка Расеі, дзе паміж сабою спаборнічаюць расейскія і беларускія спартоўцы, якія пасля дыскваліфікацыі на міжнароднай арэне могуць выступаць толькі на тэрыторыі сваіх краінаў. А таксама расейскія спаборніцтвы па хакеі і баскетболе, у якіх удзельнічаюць беларускія клубы.

Будзем слухаць наш гімн і глядзець на нашыя сцягі!

У канцы мінулага года канал «Беларусь 5» адзначыў сваё дзесяцігоддзе. На яго сайце напісана, што гэта першы беларускі нацыянальны спартовы дзяржаўны тэлеканал, які забяспечвае асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне спартовага жыцця Рэспублікі Беларусь.

Пасля ўвядзення санкцыяў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант заявіў: «Мы страцілі частку спартовых трансляцыяў на «Беларусь 5». На Захадзе не жадаюць, каб жыхары Беларусі глядзелі еўрапейскі футбол? Яны будуць глядзець айчынны і расейскі футбол, будуць слухаць нашыя гімны і глядзець на нашыя сцягі. Будуць бліжэйшымі да сваёй краіны і нашых саюзнікаў».

Агляд
Нягледзячы на санкцыі ды ізаляцыю, беларускія футбалісты едуць у Расею
2024.01.19 15:28

Праз год тон крыху змяніўся. «Усё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. І калі ўжо мы перажылі часы ковіду, калі ўвесь сусветны спорт быў на паўзе і многія спартовыя каналы нічога не паказвалі, акрамя нашага беларускага чэмпіянату. Тэлеканал «Беларусь 5» у той час жыў за кошт нашага футболу. Калі мы перажылі тыя часы, ніякія санкцыі нам не страшныя. Цяпер мы паказваем той кантэнт, які ў дастатковай ступені замяняе нам недаступны. І гэта ніяк не адбіваецца на рэйтынгах каналу. Для нас гэта больш родныя каманды, цікавейшыя. Пераключыўшыся на новыя рынкі, мы па-ранейшаму паказваем спорт. Цяпер крыху губляем у рэйтынгу, але неўзабаве гэтая сітуацыя нармалізуецца», – сказаў галоўны дырэктар «Беларусь 5» Павел Булацкі.

Спартовы заўзятар у Беларусі на ўмовах ананімнасці расказаў нам, што цяпер вельмі рэдка ўключае «Беларусь 5». «Фактычна там няма чаго цяпер глядзець, хіба што КХЛ і некаторыя гандбольныя матчы, ну яшчэ чэмпіянат Беларусі па футболе, астатняе можна знайсці ў інтэрнэце – там колькі заўгодна любога футболу, там я нават глядзеў апошнія гульні футбольнай зборнай Беларусі», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Ілюстрацыйны здымак. Заўзятары «Дынама» Менск падчас матчу з ЦСКА Масква.
Фота: Dmitry Golubovich / Russian Look / Forum

Спартовы журналіст, які застаўся працаваць у Беларусі, на ўмовах ананімнасці расказаў, што для калег са спартовага каналу Белтэлерадыёкампаніі ўвядзенне санкцыяў было ўдарам.

«Раней глядзіш сацсеткі працаўнікоў «Беларусь 5» і дзіву даешся ад іх службовых камандзіровак: Токіа, Парыж, Паклюка, Загрэб. А цяпер неяк менш пачалі выкладваць фота, Санкт-Пецярбург ужо за шчасце. Няма камандзіровак, калі камандзіровачныя выплачваліся ў валюце. Хоць зусім нядаўна вялікая група журналістаў дзяржаўных СМІ ездзіла з футбольнай зборнай у Швейцарыю. У цэлым страціць магчымасць паказваць усе топавыя падзеі – у нармальных умовах гэта была б трагедыя, але тут мы ўсе ўсё разумеем», – сказаў журналіст.

Што не паказалі на «Беларусь 5» у студзені 2024 года?

Пералічым галоўныя падзеі, якія можна было глядзець на канале да санкцыяў, а цяпер нельга.

  • Хакей. Моладзевы чэмпіянат свету;
  • Футбол. Англійская прэмʼер-ліга;
  • Тэніс. Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе («Australian Open»);
  • Гандбол. Чэмпіянат свету сярод мужчынаў.

Адзначым цікавы факт: нягледзячы на развязаную Расеяй вайну супраць Украіны, расейскі канал «Матч ТВ» па-ранейшаму паказвае еўрапейскія футбольныя чэмпіянаты і паядынкі еўракубкаў.

Без фінансавання з бюджэту канал «Беларусь 5» не мог бы існаваць

Былы працаўнік спартовай рэдакцыі іншага дзяржаўнага тэлеканалу лічыць, што сёння канал «Беларусь 5» не патрэбны нікому.

«Адсутнасць нармальных міжнародных спаборніцтваў у сетцы трансляцыі робіць «Беларусь 5» фактычна не патрэбным нікому. Глядзець Кубак Расеі па біятлоне або чэмпіянат Беларусі па канькабежным спорце, паверце, нецікава не толькі шараговаму гледачу – гэта нецікава і каментатарам, якія павінны працаваць на трансляцыях і дадаваць гэтым заштатным спаборніцтвам нейкіх эмоцыяў. З самых топавых трансляцыяў на фоне ўсяго іншага застаюцца КХЛ і хакейны чэмпіянат Беларусі, але такія турніры цікавыя толькі вузкаму колу людзей, як і футбольны чэмпіянат Беларусі, што пачнуць паказваць з вясны.

Ілюстрацыйны здымак. Хлопчык падтрымлівае гульцоў хакейнага клубу ЦСКА Масква.
Фота: Yelena Rusko / TASS / Forum

Сваёй функцыі зацікавіць дзяцей спортам, каб бацькі павялі іх у секцыі, з такім наборам трансляцыяў канал таксама не выканае. Большасць заўзятараў проста будзе глядзець пірацкія трансляцыі ў інтэрнэце, а пра кнопку «Беларусь 5» на пульце забудуць назаўсёды», – лічыць адмыслоўца.

Старэйшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі ўпэўнены, што без фінансавання з боку дзяржавы канал «Беларусь 5» не змог бы існаваць.

«Гэты канал без бюджэтнага фінансавання не можа існаваць, бо ў Беларусі схлопнуўся рынак рэкламы. Але пасля таго як ён згубіў магчымасць весці трансляцыю з рэйтынгавых матчаў, яго магчымасці зарабляць грошы бадай што памножыліся на нуль», – патлумачыў «Белсату» Паўлюк Быкоўскі.

Нагадаем, што ў 2023 годзе Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія (Белтэлерадыёкампанія) атрымала з бюджэту краіны 120,5 млн рублёў.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў