ISW: Калі напад Расеі з тэрыторыі Беларусі і будзе, то, верагодна, у канцы 2023 года


Наступ з Беларусі ва Украіну можа здарыцца не раней за восень 2023 года, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Адзначаецца, што толькі да гэтага часу расейцы змогуць сабраць дастатковыя сілы для наступу, паспеўшы правесці вясновы прызыў 2023 года і навучыць салдат да восеньска-зімовай кампаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тактычныя вучэнні ў Варонежскай вобласці.
Фота: mod.mil.rus / Facebook

Аналітыкі ISW адзначаюць, што ў разгорнутых на тэрыторыі Беларусі расейскіх сілаў няма неабходных структураў камандавання. Напад узімку ці ўвесну 2023 года выглядае менш верагодным, чым атака ў канцы года. Да таго часу Расея і Беларусь, паводле звестак украінскай разведкі, правядуць буйныя супольныя вучэнні на беларускай тэрыторыі: «Захад-2023» і «Саюзны шчыт – 2023».

Таксама расейскае кіраўніцтва працягвае праводзіць сустрэчы з Лукашэнкам і ягоным асяроддзем, на якіх, магчыма, абмяркоўваюцца сцэнары хуткай наступальнай аперацыі і ўдзелу ў ёй Беларусі. Але Лукашэнка да гэтага часу спрабуе балансаваць паміж спрыяннем Крамлю і захаваннем адноснай незалежнасці, адзначаюць у ISW.

Нагадаем, 19 студзеня міністры абароны Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін абмеркавалі па тэлефоне двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва, а кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і са сваім беларускім калегам Сяргеем Алейнікам.

Пасля апошняй сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб супрацы дзеля «гарантавання біялагічнай бяспекі». Як лічаць у ISW, дакумент можа быць часткаю расейскай інфармацыйнай аперацыі з ілжывым абвінавачаннем Украіны ў распрацоўванні хімічнай і біяхімічнай зброі ў біялабараторыях, што нібыта фінансуецца ЗША.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў