Гандлёвая сетка ў арэнду. «Санта» паглынае «Віталюр»


Амаль усе крамы гандлёвай сеткі «Віталюр» хутка пяройдуць пад кіраванне яшчэ аднаго беларускага рытэйлера – «Санта Рытэйл». Расказваем, што адбываецца.

Крама сеткі «Віталюр». Крыніца: yandex.by

Пра намер заключыць угоду пра перадачу крамаў «Віталюр» у арэнду холдынгу «Санта» заявілі ў канцы 2022 года. Цяпер адбываецца працэс замены асартыменту адной гандлёвай сеткі на асартымент другой. Пра гэта расказала прэсавая сакратарка «Санта» Алена Бабкіна.

«Кампанія «Санта Рытэйл» працягвае прапрацоўваць угоду для афармлення пераводу ў арэнду гандлёвых абʼектаў «Віталюр». Цяпер пачынаецца пераход асобных крамаў пад аперацыйнае кіраванне «Санта Рытэйлу». У сувязі з гэтым гандлёвыя пункты па чарзе закрываюцца на інвентарызацыю. У парадку гатовасці крамы будуць адкрывацца з поўнаю загрузкай асартыментам, – цытуе Алену Бабкіну агенцтва «Минск-Новости».

Прадстаўніца «Санта Рытэйлу» таксама падкрэсліла, што кампанія намагаецца максімальна хутка «запусціць гандлёвыя пункты», а персанал крамаў застанецца ранейшым.

Паводле «Belretail», крамы «Віталюр» з новым асартыментам пачнуць аднаўляць працу ў канцы студзеня. Пакуль жа яны па чарзе часова зачыняюцца і адчыняцца ўжо з поўным асартыментам «Санты». Некаторыя крамы яшчэ працуюць, распрадаючы пакупнікам рэшткі тавараў.

Угода для пагашэння даўгоў

Яшчэ ў канцы снежня падчас сустрэчы з дастаўцамі гендырэктар «Віталюру» Аляксандр Калеснікаў так патлумачыў сэнс арэнднай дамовы: «Паміж «Віталюрам» і Санта Рытэйлам» дасягнутае пагадненне аб заключэнні ўгоды, што прадугледжвае перадачу ў арэнду ўсіх гандлёвых абʼектаў сеткі «Віталюр». Мэта і ўмова ўгоды – поўнае пагашэнне дэбіторскай запазычанасці перад дастаўцамі».

Паводле «СБ. Беларусь сегодня», на тую снежаньскую сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі больш як 100 асноўных дастаўцаў «Віталюру» і прадстаўнікі кіраўніцтва сеткі. На сустрэчы прысутнічалі галоўны акцыянер «Віталюру» Аляксандр Яцук і гендырэктар «Санта Рытэйлу» Аляксандра Чуйко. Тады абазначылі тэрмін, да якога ўсе крамы пяройдуць у арэнду – канец студзеня 2023 года.

Адкрыццё крамы «Віталюр» у Менску.
Фота: TUT.BY

Калеснікаў называў таксама дэталі ўгоды, звязаныя з пагашэннем доўгу «Віталюру» перад дастаўцамі: будзе складзены графік пагашэння актуальнай і пратэрмінаванай запазычанасці; рух сродкаў і закрыццё даўгоў перад дастаўцамі будзе адбывацца пад кантролем кампаніі «Санта Рытэйл». Паведаміў ён і пра дамоўленасць з банкамі пра рэфінансаванне ўсіх актуальных крэдытных лініяў і пра «гарантыю не адбіраць крэдытных рэсурсаў на ўвесь 2023 год».

Дзеля хутчэйшага пакрыцця доўгу ў межах угоды збіраліся прадаць абсталяванне гандлёвых аб’ектаў і рэшткі тавару, што павінна было даць суму, роўную двум трацінам доўгу.

Кіраўніцтва «Віталюру» таксама даведалася, што кампанія сутыкнулася з непрапарцыйным спісаннем сродкаў для пакрыцця даўгоў, незалежна ад іх тэрміну. Спісанне адбывалася ў адказ на патрабаванні ад дастаўцаў выплаціць даўгі. У выніку такой актыўнасці нармальны рух сродкаў па рахунку быў немагчымы, нават для актуальных плацяжоў у бюджэт.

Была адзначана яшчэ адна важная дэталь: удзельнікі ўгоды спрабавалі перайсці да працэдуры ўступкі даўгоў, але з 1 студзеня, паводле пастановы ўраду, любыя такія аперацыі забароненыя.

Чаму арэнда, а не продаж ці банкруцтва

«Нельга ў Беларусі ўзяць і проста так абанкруціць гандлёвую сетку з амаль сотняў крамаў без наступстваў для ўсяго гандлёвага сектару і дастаўцаў, – патлумачыў сітуацыю «Белсату» на ўмовах ананімнасці эксперт у сферы рытэйлу. – Я не схільны да канспіралагічнай версіі, што нехта высокапастаўлены некага папрасіў умяшацца ў сітуацыю, каб людзі не сказалі, маўляў, вось да чаго прывяла палітыка кіраўніцтва краіны. Хоць такая версія і існуе. Мяркую, удзельнікамі ўгоды рухаюць прагматычныя бізнес-інтарэсы: уласнікі «Віталюру» атрымліваюць магчымасць пазбавіцца даўгоў і захаваць хаця б частку свайго бізнесу, а «Санта» атрымлівае за адзін момант аператыўную прастору, падрослую амаль на траціну паводле колькасці гандлёвых пунктаў без асабліва маштабных капіталаўкладанняў».

Эксперт таксама прызнаў, што за ўгодаю праглядваюцца і некаторыя стратэгічныя мэты: не дапусціць рэзкай змены сітуацыі ў раздробным гандлі Беларусі і захаваць значны кавалак рынку ад перахопу замежнікамі. Таксама эксперт патлумачыў, чаму абралі даволі складаную схему з арэндаю замест беспасярэдняга продажу бізнесу:

«Продаж – гэта зусім іншыя памеры выдаткаў. Купіць 84 крамы нашмат даражэй, чымся ўзяць іх у арэнду і дапамагчы пагасіць даўгі. Імаверна, і для «Санты» сітуацыя цяпер не найлепшая. Інакш бы холдынг з лёгкасцю паўтарыў гісторыю 2019 года, калі набыў 73 крамы гандлёвай сеткі «Рублёўскі». І можна дапусціць, што ўмову арэнды паставілі цяперашнія ўласнікі «Віталюру», а «Санта» была вымушаная пагадзіцца з нейкіх прычынаў, каб выйграць час».

Кажучы пра чыннікі, што прывялі «Віталюр» да патавай сітуацыі, суразмоўца назваў занадта інтэнсіўнае развіццё гандлёвай сеткі за кошт крэдытных рэсурсаў і ўплыў санкцыяў, уведзеных супраць Беларусі за падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне:

«Кампаніі ўдалося «выруліць» у 2019 і 2020 гадах, хоць і спрацавалі са стратамі. А 2021-м увогуле скончылі з аптымістычным прыбыткам. Колькасць гандлёвых абʼектаў дайшла да 94, колькасць работнікаў перавысіла 5000 чалавек. Але тут здарыўся 2022-і, парушыліся ланцужкі даставак і ўзніклі перашкоды ў плацяжах, асабліва за мяжу, праз вайну і санкцыі. А потым яшчэ і адміністрацыйнае рэгуляванне цэнаў дабіла. Упала маржынальнасць аперацыйнага бізнесу, якая і так невысокая, панізілася хуткасць абарачальнасці грашовых сродкаў. Позвы крэдытораў і дастаўцаў прывялі да тэхнічных праблемаў з рахункам. І вось вынік».

Як вынікае са звестак кампаніі «Віталюр», за 2019–2020 гады яна зрабіла значныя інвестыцыі ў нерухомасць, былі пабудаваныя крамы і вытворчасць для перапрацоўвання рыбы і морапрадуктаў. Для гэтага браліся крэдыты. Паводле справаздачы, 2021 год кампанія скончыла з крэдытамі на Br 158 млн і даўгамі перад падрадчыкамі і дастаўцамі на Br 130 млн. Суды з крэдыторамі наклаліся на і без таго няпростую сітуацыю 2022 года. Для прыцягнення сродкаў кампанія зрабіла эмісію такенаў на $ 2 381 700 і € 550 800 пад 5 % гадавых.

Перспектывы

Кампанія «Віталюр» – прыватнае сямейнае прадпрыемства, якім валодае сямʼя Яцукоў. Галаве сямʼі Аляксандру Яцуку належаць 70 % акцыяў кампаніі, жонцы Алене ды сынам Віталю і Юрыю – яшчэ па 10 %. Назва кампаніі складзеная з першых літараў імёнаў заснавальнікаў.

Аляксандр Машэнскі. Фота – probusiness.by

Кампанія «Санта» належыць Аляксандру Машэнскаму. У складзе холдынгу, апроч «Санта Рытэйл», – больш за 40 кампаніяў, касцяк бізнесу складаюць вытворчасці рыбы і морапрадуктаў, малочнай прадукцыі, дыстрыбуцыя, лагістычныя паслугі, рэстаранна-гатэльны бізнес, будаўнічы бізнес, сельскагаспадарчая вытворчасць. Машэнскага лічаць чалавекам, прыбліжаным да Аляксандра Лукашэнкі.

Калі скончыцца перадача крамаў асноўнай гандлёвай сеткі «Санце», то ў Яцукоў пад кантролем застануцца бізнесы імпарту садавіны і гародніны, рыбы і морапрадуктаў ды імпарту алкаголю з дзесяццю ўласнымі крамамі «Нявінны».

Пасля прыняцця ў арэнду крамаў «Віталюр» у гандлёвую сетку «Санта Рытэйл» у ёй будзе больш за 300 крамаў, яна ўвойдзе ў тройку лідараў, у якой на другой пазіцыі застаецца «Дабраном» з 855 крамамі, а першую пазіцыю займае «Еўраопт» з 1000 крамаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў