Дырэктар ЦРУ таемна наведаў Кіеў і расказаў Зяленскаму аб планах Расеі


Дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнз на мінулым тыдні таемна прыязджаў у Кіеў, каб сустрэцца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Ён праінфармаваў прэзідэнта Украіны і калегаў па разведцы аб ваенных планах Расеі на бліжэйшы час. Аб гэтым піша The Washington Post.

Ўільям Бэрнз. 
Фота: Jabin Botsford/The Washington Post

«Дырэктар Бэрнз наведаў Кіеў, дзе ён сустрэўся з калегамі з украінскай разведкі, а таксама з прэзідэнтам Зяленскім і пацвердзіў нашу пастаянную падтрымку Украіны ў яе абароне ад расейскай агрэсіі», – сказаў афіцыйны прадстаўнік ЗША.

Па дадзеных крыніц, Зяленскі і прадстаўнікі ўкраінскай разведкі абмяркоўвалі, як доўга Украіна можа разлічваць на працяг дапамогі з боку ЗША і Захаду пасля таго, як рэспубліканцы атрымалі большасць у Палаце прадстаўнікоў Кангрэса.

«Пасля сустрэчы Зяленскі выразна зразумеў, што падтрымка Кіева з боку Вашынгтона застаецца моцнай, а фінансаванне ў памеры $ 45 млрд, прынятае Кангрэсам у снежні 2022 года, будзе працягвацца, прынамсі, да ліпеня ці жніўня», – піша выданне.

Ўільям Бэрнз адзначыў «вастрыню моманту» на полі бою і прызнаў, што ў нейкі момант дапамога будзе цяжэй атрымаць, сказалі крыніцы выданню.

Год таму, у сярэдзіне студзеня 2022 года дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнз пры сустрэчы з Зяленскім распавёў яму аб планах Расеі па ўварванні. Па інфармацыі ЦРУ, тады расейскія вайскоўцы планавалі нанесці ўдары па Кіеве, высадзіцца ў Гастомэль, блакаваць сталіцу і зрушыць вышэйшае кіраўніцтва краіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў