У Кітаі адбыўся моцны землятрус. Больш за 100 чалавек загінулі


У выніку землятрусу, які адбыўся ў кітайскіх правінцыях Гань-Су і Цінхай на паўночным захадзе краіны, загінула больш за сотню чалавек. Пра гэта паведамляюць агенцтва «Сінь-Хўа» і цэнтральныя тэлеканалы Кітаю.

Ратаўнікі разбіраюць завалы пасля землятрусу ў правінцыі Цінхай на паўночным захадзе Кітаю. 19 снежня 2023 года.
Фота: Zhang Hongxiang / Xinhua News Agency / Forum

Першыя штуршкі магнітудай 6,2 здарыліся 18 снежня а 23:59 паводле пекінскага часу. Геалагічная служба ЗША ацэньвае сілу землятрусу магнітудай 5,9. Эпіцэнтр быў у правінцыі Гань-Су – за 5 кіламетраў ад адміністрацыйнай мяжы з Цінхаем. Глыбіня эпіцэнтру – 10 кіламетраў.

Ужо вядома пра як мінімум 116 ахвяраў землятрусу, больш за 300 чалавек атрымалі раненні. Як паведамляюць афіцыйныя кітайскія медыі, у зоне бедства пашкоджаныя лініі электраперадачы, не працуе сістэма водазабеспячэння, транспартная інфраструктура. У правінцыі Гань-Су пашкоджаныя 4782 дамы. Улады накіроўваюць у пацярпелыя правінцыі намёты, коўдры і харчы.

Кітайскі лідар Сі Цзінь Пін заявіў пра неабходнасць «прыкласці ўсе намаганні для правядзення пошукава-выратавальных работаў, своечасовага лячэння параненых і мінімізацыі колькасці ахвяраў».

У верасні 2022 года больш за 60 чалавек загінулі ў выніку землятрусу магнітудай 6,6, які адбыўся ў паўднёва-заходняй кітайскай правінцыі Сычўань. Там жа ў траўні 2008 года здарыўся адзін з найбольш разбуральных землятрусаў у Кітаі. Яго ахвярамі зрабіліся тады каля 87 тысяч чалавек.

Аналітыка
Дрэнны прыклад заразлівы. Як Расея можа ўцягнуць свет у трэцюю сусветную
2023.12.19 07:02

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў