За «неабгрунтаванае» павышэнне цаны на сыр – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем


У Магілёве асудзілі дырэктара крамы, якога абвінавацілі ў парушэнні забароны на рост цэнаў. За «неабгрунтаванае, наўмыснае і з карыслівых меркаванняў» павышэнне цэнаў на сыр кіраўніку гандлёвага аб’екту прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год, піша «Office Life».

Малочная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У Беларусі вынеслі першы прысуд за парушэнне забароны павышаць цэны. На лаве апынуўся 46-гадовы жыхар Магілёва, дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён неабгрунтавана, «наўмысна і з карыслівых меркаванняў» павысіў цану на сыр, чым «падрываў аўтарытэт органаў улады».

Паводле матэрыялаў справы, дырэктар крамы павысіў цану на сыр на 26 капеек за кілаграм. Гэта заўважылі мясцовыя чыноўнікі. На судзе абаронца кіраўніка крамы распавёў, што сыру за новую цану не паспелі нават прадаць. Нягледзячы на гэта, прадпрымальніка затрымалі, ягоную маёмасць арыштавалі.

У выніку мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 424 («Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пры фармаванні раздробных цэнаў»). Магілёўцу прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год. Дырэктара ТДА таксама пазбавілі права займаць пэўныя пасады.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў