Пагрозы на адрас «А1», новая справа на палітвязня і ўцёкі з «хіміі». Галоўнае за 19 снежня


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 19 снежня.

Аляксандр Лукашэнка загадаў правесці ацэнку дзеянняў «А1», «разабрацца», што адбываецца ў кампаніі, і «прыняць самыя жорсткія меры». Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі. Паводле чыноўніка, кампанія «злівала не той кантэнт і не туды». Пра што канкрэтна ідзе гаворка пры гэтым не ўдакладняецца. Таксама сёння стала вядома, што Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) плануе правесці праверку «А1» у красавіку 2022 года.

Палітвязень Аляксей Ліпень, якога пакаралі пяццю гадамі «хіміі», уцёк з папраўчай установы і паспяхова перайшоў мяжу з Літвой. Як сцвярджаюць ягоныя знаёмыя, цяпер Аляксей знаходзіцца на літоўскай памежнай заставе.

Супраць палітвязня Мікіты Емяльянава распачалі новую крымінальную справу паводле ч.2 арт.411 «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» Крымінальнага кодэксу. Анархісту, які адбывае пакаранне ў турме №4, пагражае новы тэрмін – да двух гадоў зняволення.

Польская памежная ахова паведаміла пра новыя спробы гвалтоўнага прарыву мяжы з боку Беларусі: каля вёскі Чарэмша каля 20 мігрантаў кідалі камяні ў вайскоўцаў. Але агулам колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы за апошні час істотна знізілася. Тым часам Ірак дамовіўся з Літвой аб перавозцы мігрантаў з літоўска-беларускай мяжы ў Вільню.

Паводле літоўскіх уладаў, аб’ём тытунёвай кантрабанды, якую мытня канфіскуе на чыгунцы, сёлета падвоіўся. Сёлета былі канфіскаваныя 16,9 мільёнаў цыгарэтаў. Большая частка кантрабанды, паводле інфармацыі літоўскіх чыноўнікаў, паступае з Беларусі.

Гісторыі
Мазыраніна, які быў сімвалам футбольнай каманды «Славія», асудзілі да трох гадоў калоніі
2021.12.19 16:27

РР belsat.eu

Стужка навінаў