Пратэсты супраць Ізраілю – за тэрарызм, за гуманізм ці за «сваю каманду»? Разважае Цыганкоў


Вайну Ізраілю з тэрарыстамі «Хамасу» абмяркоўвае ці не палова свету. Па Еўропе ідуць акцыі салідарнасці з Ізраілем і акцыі супраць дзеянняў Ізраілю, а ў Злучаных Штатах праціўнікі вайны нават уварваліся ў Капітолій. Ці ёсць у гэтых пратэстах антысемітызм і падтрыманне тэрарызму, разважае вядоўца «Двубою» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

На прапалестынскую акцыю прыйшлі прыхільнікі Ізраілю
Здымак мае ілюстрацыйны характар. На прапалестынскую акцыю прыйшлі прыхільнікі Ізраілю. Вашынгтон, ЗША. 26 сакавіка 2017 года.
Фота: Ted Eytan / Wikimedia, CC BY-SA 2.0 DEED

У Еўропе і ЗША бывала так, што ў адным горадзе паралельна ішлі дзве акцыі: адна – са сцягамі Ізраілю і супраць тэрарызму, другая – з плакатамі «Свабоду Палестыне» і палестынскімі сцягамі. Брытанскі «Financial Times» піша, што вайна Ізраілю з «Хамасам» пусціла па Еўропе хвалю антысемітызму, а габрэі ў Еўропе цяпер баяцца, што стануць аб’ектамі гневу мусульманаў.

Тым часам нямецкі «Bild» крытыкуе журналістаў і палітыкаў за тое, што павяліся на прапаганду «Хамасу» і паверылі, быццам «Ізраіль забіў сотні чалавек авіяўдарам па шпіталі ў Газе», хоць Ізраіль прыводзіць фота-, аўдыя- і відэадоказы таго, што па паркінгу лякарні прыляцела ракета тэрарыстаў з Газы, і гэтыя доказы як мінімум даюць падставы сумнявацца ў версіі тэрарыстаў.

Фота
Боль і зруйнаваныя жыцці. Хроніка ў фотаздымках падзей у Ізраілі і сектары Газа
2023.10.12 19:49

Дакладна тое, што тэрарысты атакавалі мірных жыхароў Ізраілю, забілі сотні чалавек і захапілі ў закладнікі не менш за сотню, а ад удараў Ізраілю ў адказ па сектару Газа і ад яго блакады цярпяць не толькі тэрарысты, але і мірныя жыхары.

Хто на Захадзе ходзіць на мітынгі за Ізраіль і за Палестыну

Арабска-ізраільскаму канфлікту – больш за сотню гадоў, і за гэты час яго не залагодзілі, заўважае Віталь Цыганкоў. Былі розныя ступені замірэння і дамоваў, але потым канфлікт ізноў разгараўся. Натуральна, што за гэтыя гады людзі ў Еўропе і ЗША выпрацавалі сваё стаўленне.

«Я не прыхільнік таго, каб лічыць, што калі людзі выступаюць супраць Ізраілю, то гэта антысеміты, – расказвае Цыганкоў. – Гэта людзі, якія выступаюць са сваім разуменнем сацыяльнай справядлівасці: пераважна людзі левых поглядаў, для якіх Ізраіль – эксплуататар, а палестынцы прыгнечаныя».

У такой схеме не так важна, што менавіта адбылося, працягвае суразмоўца. Кажа, шмат чытаў пра ўспрыманне арабска-ізраільскага канфлікту студэнтамі і выкладчыкамі амерыканскіх універсітэтаў, дык там у праціўнікаў Ізраілю відаць падыход: «Ізраіль – прадстаўнік тых самых белых людзей, якія ўва ўсім вінаватыя, і яны будуць вінаватыя, што б ні рабілі».

Ды большасць людзей, якія не актыўныя палітычна ды ідэалагічна, рэагуе на навіны. Грамадскае меркаванне, мяркуючы з першай статыстыкі, у Еўропе пераважна на баку Ізраілю: большасць еўрапейцаў абураная беспрэцэдэнтным нападам тэрарыстаў, а сярод еўрапейскіх палітыкаў упершыню за шмат гадоў настолькі адназначна праізраільская пазіцыя.

Супраць Ізраілю пратэстуюць пераважна асобы арабскага паходжання і мусульмане, якіх у Еўропе нямала. Яны, на думку Цыганкова, кіруюцца «племяннымі» матывамі: «Ёсць нашыя і вашыя, і што б ні рабілі нашыя, мы супраць вашых». Нават «Хамас» з гледзішча шмат каго на гэтых мітынгах робіць усё слушна, але не таму, што многім пасуе ідэалогія тэрарыстаў, а праз нацыянальныя і рэлігійныя матывы.

А што сярод беларусаў?

Каля амбасады Ізраілю на наступны дзень пасля атакі «Хамасу» з’явілася некалькі кветак. Прапаганда рэжыму Аляксандра Лукашэнкі выступае фактычна на баку тэрарыстаў. А за каго беларусы? Цыганкоў прапануе падзяляць палітычна актыўную частку беларусаў (з якой многія выехалі за мяжу) і астатняе грамадства.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў падчас праграмы «Двубой» у варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзень 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Актыўная частка беларусаў – у значнай ступені праізраільская, адзначае Віталь, што паводле еўрапейскіх мерак нязвыкла: звычайна людзі, якія цікавяцца правамі чалавека, у такіх канфліктах агулам прапалестынскія.

У беларускім жа выпадку актыўная частка грамадства кіруецца больш геапалітычнымі рэчамі: хто за Захад і супраць Расеі, тыя часцей за Ізраіль, бо лічаць Ізраіль часткаю заходняй, дэмакратычнай і «нашай» цывілізацыі. Ізраіль бачыцца часткаю той цывілізацыі, у якую беларусаў не хоча пускаць Аляксандр Лукашэнка, якая змагаецца з цывілізацыяй аўтарытарных краінаў, у якую ўваходзяць Расея, Кітай, Іран ды іншыя.

Двубой
Беларусь на баку мацнейшага? Ізраіль і Палестына: наша вайна
2023.10.18 18:10

У нядаўнім «Двубоі» браў удзел Сяргей Марцалеў – былы палітык, актывіст левацэнтрысцкіх сілаў, які выказваўся супраць дзеянняў Ізраілю і на падтрыманне змагання палестынцаў. Цыганкоў кажа, што сярод палітычна актыўных беларусаў такая пазіцыя ў відавочнай меншасці.

Што да менш актыўнай часткі беларускага грамадства, суразмоўца можа выказваць толькі здагадкі: сацыялогіі на тэму арабска-ізраільскага канфлікту не бачыў. Здагадка такая: больш беларусаў будуць за Ізраіль або нейтральныя:

«Часам у такіх далёкіх канфліктах беларусы зыходзяць не з таго, хто мае рацыю, а хто бліжэй. Мы бачым гэта са стаўлення да расейска-ўкраінскай вайны. Расея ж проста напала, ніякага няма пытання, хто першы пачаў і хто мае рацыю. Безумоўна, Украіна абараняецца, Расея – агрэсар. А значная частка беларусаў падтрымлівае дзеянні Расеі, 30–40 %, бо Расея ім бліжэйшая ў духоўным ці палітычным сэнсе».

Хтосьці любіць Ізраіль, бо там сябры і знаёмыя, хтосьці з палітычных прычынаў. Цыганкоў дадае яшчэ такі аспект: узровень антысемітызму ў Беларусі істотна зменшыўся пасля распаду Савецкага Саюзу. Ксенафобія ёсць, але яна скіраваная супраць арабаў, мусульманаў, каўказцаў, цыганоў… Габрэі ў спісе «нелюбімых беларусамі» далёкія ад першых месцаў.

Ці пяройдзе ад «за адных супраць другіх» да «давайце падумаем, як залагодзіць канфлікт»?

За спробы развязаць арабска-ізраільскі канфлікт ужо двойчы давалі Нобэлеўскія прэміі міру: у 1978-м – прэзідэнту Егіпту і прэм’еру Ізраілю за заключэнне мірнай дамовы пасля «вайны Суднага дня», у 1994-м – лідару Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі, прэм’еру і міністру замежных справаў Ізраілю за гэтак званыя пагадненні Осла, паводле якіх палестынцы прызналі права Ізраілю на існаванне ды атрымалі аўтаноміі ў сектары Газа і на Заходнім беразе ракі Іярдан.

Цяпер гаворкі пра вырашэнне канфлікту не вядзецца, канстатуе Цыганкоў. Была атака, на якую Ізраіль будзе адказваць. Далейшая сітуацыя будзе залежыць ад таго, як Ізраіль будзе адказваць. Можа трапіць у пастку: за празмерна жорсткія дзеянні ў Газе можа нарвацца на новы гвалтоўны адказ і далучэнне да вайны новых гульцоў.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Пакуль ініцыятары атакі дамагліся замарожвання перамоваў Ізраілю з Саудаўскай Аравіяй. А могуць, расказвае Цыганкоў, атрымаць яшчэ большае падтрыманне тэрарыстаў «Хізбулы» з Лівану і ад Ірану, што спрыяе гэтым тэрарыстам, а тое і арабскіх краінаў, якія як мінімум не могуць цяпер падтрымліваць Ізраіль, гледзячы на свой электарат.

«Практыка не дае падставаў для аптымістычнага прагнозу, – кажа Цыганкоў, згадаўшы папярэднія замірэнні і аднаўленні канфлікту. – Ізраіль у свой час, калі выйшаў з Газы, даў ім самастойнасць і суверэнітэт – і яны выбралі „Хамас“, які пачаў чарговую інтыфаду і тэрарыстычныя дзеянні.

Напэўна, Ізраіль мае намер пакончыць з „Хамасам“, але ж застанецца насельніцтва Газы. Можа, хтосьці хацеў бы, каб яны ўсе кудысьці зніклі, але гэта немагчыма, гэтага не дапусціць сусветная супольнасць, каб Ізраіль вельмі радыкальна знішчаў Газу як тэрыторыю з людзьмі і дамамі. Гэта справядліва адхіліць ад яго сімпатыі заходніх краінаў».

Тупік, які шмат каго задавальняе

Адна рэч – калі страляюць з канкрэтнага дому і трэба па тым доме адказваць, працягвае Цыганкоў. Але другая – каб перасталі страляць з усіх дамоў. Дык што, сцерці ўсе дамы з твару Зямлі?

А калі Ізраіль спыніцца? Адказ на атаку тэрарыстаў ужо ёсць, за тысячу ахвяраў з палестынскага боку ёсць, шмат разбурэнняў ёсць. На думку Цыганкова, Ізраіль можа хоць сёння заявіць, што «мы шкадуем людзей, далей не ідзём, а „Хамас“ разбілі». На такое амаль усе скажуць: «Правільна, малайчыны, давайце фіксаваць палітычнымі сродкамі, што рабіць з гэтай аўтаноміяй».

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Ды Газа раней была пад пад кантролем Егіпту, потым пад кантролем Ізраілю, потым атрымала самастойнасць і трапіла пад кантроль «Хамасу» (які літаральна перарэзаў там сваіх апанентаў), а канфлікт працягваўся. Можа, перадаць кіраванне сектарам Газа назад да менш радыкальнай Палестынскай аўтаноміі, якою кіруе «Фатх»? Можа, будуць нават большыя змены? Цыганкоў сумняецца, што нейкія змены ў кіраванні сектарам Газа прывядуць да чагосьці лепшага.

На ўсю гэтую сітуацыю, заўважае Цыганкоў, з задавальненнем глядзіць Расея. Доказаў канспіралагічных тэорыяў таго, што Расея і спрыяла нападу на Ізраіль, няма, але несумнеўна: у Крамлі радуюцца сітуацыі, якая склалася. Мабыць, моўчкі задаволены Кітай.

«На вялікай геапалітычнай дошцы ідзе выпрабаванне вялікага Захаду на трываласць», – рэзюмуе Цыганкоў.

Мала таго, што ў Захаду няма згоды на ізраільскую тэму, дык і праізраільская пазіцыя палітыкаў Еўропы ды Штатаў – гэта адказ на напад тэрарыстаў, а калі такая пазіцыя захаваецца на доўгі час, нягледзячы на дзеянні Ізраілю, то адверне ад Захаду мусульманскі свет, а гэта паўтара мільярда чалавек.

Аналітыка
Ці прынясе вайна з «Хамасам» тэракты і закалоты ў Еўропу? І прычым тут Расея
2023.10.19 08:00

Гутарыў Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў