«Такім чынам прысудзілі іх да смерці». Што адбывалася на апошнім паседжанні ў «справе Аўтуховіча»


Гарадзенскі абласны суд агучыў 17 кастрычніка прысуды фігурантам «справы Аўтуховіча». Калі скласці выракі ў дачыненні ўсіх 12 падсудных, атрымаецца амаль 200 гадоў зняволення. Найбольшы тэрмін суддзя Максім Філатаў прысудзіў Мікалаю Аўтуховічу – 25 гадоў калоніі строгага рэжыму. Пра тое, якая атмасфера панавала ў зале суду падчас абвяшчэння прысудаў і як самі падсудныя ўспрынялі агучаныя выракі, блогу «Плыт» расказаў са спасылкай на сваякоў асуджаных блізкі сябар аднаго з фігурантаў справы.

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча». Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

Працэс над 12 абвінавачанымі ў «справе Аўтуховіча» доўжыўся 5 месяцаў і праходзіў на тэрыторыі гарадзенскай турмы №1 у фармальна «адкрытым» рэжыме, некалькі апошніх паседжанняў былі закрытыя. На абвяшчэнне прысудаў 17 кастрычніка ў судовую залу пусцілі сваякоў падсудных.

Выракі ў гэты дзень пачулі прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў Разановіч, іх сын Павел Разановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава.

Гундар і Аўтуховіч былі ў кайданках

«Па словах сваякоў, якія прысутнічалі на абвяшчэнні выракаў, ім адразу кінулася ў вочы, што Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Гундар былі ў кайданках, хоць у судовую залу іх заводзілі не закутымі. Гундар, калі ў залу заходзілі слухачы, крыкнуў, што гэткім чынам з іх проста здзекуюцца і хочуць прынізіць. Перад пачаткам паседжання, калі яшчэ не прыйшоў суддзя, палітвязень Уладзімір Гундар запеў песню з кінафільму «Беларускі вакзал», але замест фразы «дэсантны батальён» спяваў «ліцвінскі батальён».

Падчас абвяшчэння прысуду Гундару дазволілі не ўставаць, бо з рукамі, заведзенымі за спіну і ў кайданках, ён не змог бы стаяць на адной назе», – расказаў суразмоўца «Плыта».

Прысутныя ў той дзень у судовай зале распавялі яму, што падсудным мужчынам не дазволілі надзець кепкі і ўсіх прымусілі зняць нацельныя крыжыкі, а ў Галіны Дзербыш дасталі заколку з валасоў.

«Аўтуховіч выглядаў не вельмі добра»

«Сваякі расказвалі, што ўсе падсудныя былі вельмі спакойныя, трымаліся малайцамі. З пачуццём годнасці і высока паднятымі галовамі. Эмацыйна ўспрымала словы суддзі толькі Любоў Разановіч, асабліва калі агучвалі прысуд сыну, якому далі 19 гадоў. Яна шчыра і гучна абуралася, як можна выносіць такія прысуды людзям, вінаватасць якіх не даказаная. Усе астатнія проста спакойна слухалі», – распавёў блізкі сябар аднаго з асуджаных.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

«На судзе, як мне расказалі, усіх размясцілі так сама, як падчас ранейшых паседжанняў. Мікалай Аўтуховіч і Павел Разановіч знаходзіліся ў асобных «стаканах»-клетках. У адной агульнай – Уладзімір Гундар, Любоў Разановіч, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава, Павел Сава. У другой агульнай – астатнія.

Прысутным на паседжанні падалося, што Мікола Аўтуховіч выглядаў не вельмі добра. Магчыма, яму было блага. Ён стаяў з закутымі рукамі і не паварочваўся тварам да людзей, глядзеў ці на сцяну, ці ў падлогу.

Ці скончыў ён галадоўку, якую трымаў, ніхто не ведае», – пераказвае крыніца.

«Калі адбываць гэтыя гады, то гэта – смерць»

Як распавялі мужчыне сваякі асуджаных, адразу пасля таго, як былі агучаныя выракі, суддзя не даў сказаць падсудным ані слова. Запытаўся ў іх: «Все согласны с приговором?» І сам жа без усякай паўзы адказаў на пытанне: «Вижу, что все согласны». Пасля гэтага пакінуў судовую залу.

«Што гэта за прысуд такі? Спачатку я думаў, што гэта яны проста хочуць застрашыць нас, іх і тых, хто яшчэ на волі, але сёння мне прыйшла такая думка…

Ну так, не маглі яны прысудзіць гэтых людзей да расстрэлу. Але ж хіба 18, 20, 25 гадоў – гэта не смяротны прысуд для людзей, большасць якіх пажылога веку? Калі адбываць гэтыя гады, то гэта – смерць. Вось і ўсё.

Я лічу, яны вось такім чынам прысудзілі іх да смерці. Цяпер адна надзея на тое, што гэты прысуд ім не ўдасца выканаць да канца. Упэўнены ў гэтым!» – мяркуе суразмоўца блога.

Аўтуховіча прызналі палітвязнем

Раней праваабаронца Васіль Завадскі назваў прысуды ў «справе Аўтуховіча», агучаныя 17 кастрычніка, несправядлівымі і незаконнымі.

«Гэтыя прысуды ляжаць у плоскасці нагнятання страху ў краіне… Мы бачылі, што вязняў утрымлівалі ў нечалавечых умовах, ведаем пра катаванні людзей, яны абвяшчалі галадаванне. А гэта азначае пра жахлівы ціск, які аказваўся на вязняў, каб атрымаць неабходны вынік. Усё гэта сведчыць, што вырак не можа быць справядлівым і законным. Гэта проста расправа», – сказаў Васіль Завадскі.

Сваякі асуджаных чакаюць цяпер на спатканні, якія прадугледжаныя заканадаўствам па абвяшчэнні выракаў.

З 12 асуджаных чатыры зняволеныя да сёння афіцыйна не былі прызнаныя палітвязнямі, у тым ліку Мікалай Аўтуховіч. 18 кастрычніка праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Аўтуховіча, Паўла Саву, Віктара Снегура і Ірыну Гарачкіну палітычнымі зняволенымі, патрабуе перагляду вынесеных прысудаў і неадкладнага вызвалення асуджаных.   

Выракі ў «справе Аўтуховіча»

  • Мікалай Аўтуховіч – 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (адбываць пакаранне будзе першыя 5 гадоў у турме), штраф 1 000 базавых велічыняў, а таксама пазбаўленне звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Ірына Гарачкіна – 6 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 300 базавых велічыняў штрафу (9 600 рублёў).
  • Уладзімір Гундар – 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
  • Галіна Дзербыш – 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
  • Вольга Маёрава – 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
  • Ірына Мельхер – 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
  • Антон Мельхер – 2 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вызвалены ў зале суда, залічаны тэрмін утрымання пад вартай.
  • Сяргей Разановіч – 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).
  • Любоў Разановіч – 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).
  • Павел Разановіч – 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).
  • Павел Сава – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).
  • Віктар Снегур – 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Асуджаныя ужо правялі за кратамі 22 месяцы. Іх затрымлівалі ў снежні і студзені 2020 года як чальцоў «тэрарыстычнай групоўкі».

Абноўлена
Затрымалі Дарʼю Лосік, жонку палітзняволенага блогера Ігара Лосіка
2022.10.18 12:44

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў