МЗС Літвы прапанавала ўзгадняць спісы на адпачынак у санаторыі «Беларусь» у Друскінінкаі з Офісам Ціханоўскай


Міністэрства замежных справаў Літвы рэкамендуе друскінінкайскаму санаторыю «Беларусь» узгадняць прыезд адпачывальнікаў з Офісам Святланы Ціханоўскай. У залежнасці ад гэтага будзе вызначацца, каму выдаваць візу для прыезду ў Літву, паведамляе «BNS».

Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі. Друскінінкай, Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

«Прапаноўваем санаторыю «Беларусь» звярнуцца ў Офіс Святланы Ціханоўскай і падаць спісы грамадзянаў Беларусі, якія жадаюць прыехаць у санаторый, і ўзгадніць іх прыбыццё», – гаворыцца ў паведамленні літоўскага МЗС.

Пасля ўхвалення і рэкамендацыі з Офісу Ціханоўскай літоўскае МЗС гатовае дадаткова разгледзець пытанне аб выдачы візаў.

Санаторый «Беларусь» 17 кастрычніка паведаміў службе занятасці, што плануе бліжэйшым часам скараціць каля 60 працаўнікоў установы, што складае чвэрць усіх работнікаў. Са словаў кіраўніка і галоўнага лекара «Беларусі» Іллі Епіфанава, санаторый быў вымушаны скараціць персанал, паколькі МЗС спыніўла выдачу візаў беларускім грамадзянам, у тым ліку няпоўнагадовым, з пачаткам вайны з Украінаю.

Паводле Епіфанава, цяпер санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краінаў Еўразвязу.

Планавае скарачэнне працаўнікоў санаторыю «Беларусь» – ужо другое сёлета: у чэрвені санаторый абвясціў аб звальненні 51 медсястры, выхавальніка і фізіятэрапеўта.

Нагадаем, да ліпеня 2021 года санаторый заставаўся ў распараджэнні Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Упраўлення справамі прэзідэнта, у дачыненні якога ў 2020 годзе былі ўведзеныя санкцыі ЕЗ. Пазней функцыі ўпраўлення санаторыю былі перададзеныя Рэспубліканскаму цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва.

Hавiны
У Юрмале праз санкцыі зачыніўся санаторый «Belorusija». Ён належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта РБ
2022.04.21 10:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў