У сталічным метрапалітэне неўзабаве будуць указальнікі на расейскай мове. Цяпер іх усталёўваюць на прыпынках, а пазней яны зʼявяцца ў вагонах, распавёў старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў, перадае «Минск-Новости».
«Цяпер праводзім гэтую працу на прыпыначных пунктах. Адначасова яе не зрабіць, праз вялікі аб’ём. Пытанне адпрацоўваем сістэмна. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам мы яго ўрэгулюем», – заявіў Уладзімір Кухараў.
Верагодна, расейская мова заменіць лацінку, супраць якой раней выступалі ўлады Беларусі. Так, прыбраць лацінку ў найменні вуліцаў і тапаграфічных аб’ектаў плануюць да канца года. Такое даручэнне ўраду даў Аляксандр Лукашэнка, паведамляў кіраўнік ягонай адміністрацыі Ігар Сергеенка. Ён тлумачыў гэта тым, што выкарыстанне лацінкі навязвае «заходнія ліберальныя каштоўнасці і культурныя традыцыі».
У назвах вуліц і тапаграфічных аб’ектаў будуць выкарыстоўвацца толькі дзяржаўныя мовы – беларуская і расейская.
Спрэчкі вакол беларускай лацінкі на табліцах і ў транспарце разгарэліся ў канцы мінулага года з падачы праўладных актывістаў, у тым ліку з боку «інфаспецназаўкі» Вольгі Бондаравай. На пачатку гэтага года ўжо беларускія чыноўнікі выступілі супраць выкарыстання беларускай лацінкі ў транслітарацыі на паказальніках вуліцаў і ў грамадскім транспарце ў Беларусі. Той жа кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка тлумачыў адмову ад лацінкі нібыта неабходнасцю спыніць прасоўванне «чужых пісьмовых традыцыяў і культурных каштоўнасцяў».
Падвойны варыянт напісання з лацінкай з’явіўся на вуліцах Менску ў 2014 годзе, спецыяльна да чэмпіянату свету па хакеі, калі ў краіну прыязджала шмат замежнікаў.
Алена Рувіна belsat.eu