Беларусь адмовілася абараняць перасяленцаў з Украіны і інфармаваць Польшчу і Чэхію пра ўзбраенні


Палата прадстаўнікоў прыпыніла дзеянне пагаднення з Кіевам аб абароне правоў перасяленцаў і іх блізкіх. Гэта зрабілі «ў адказ на несяброўскія дзеянні Украіны», піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 19 верасня 2023 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь / Telegram

Беларускі парламент ухваліў у першым чытанні законапраект «Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў». Гэты дакумент у Палату прадстаўнікоў унёс урад, узгадніўшы ініцыятыву з Лукашэнкам.

Паводле версіі ўладаў у Менску, гэта крок «у адказ на несяброўскія дзеянні Украіны ў дачыненні Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, законапраект «пасадзейнічае абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі» і пазбавіць краіну ад абавязкаў выконваць угоду.

Пагадненне, у прыватнасці, прадугледжвала ўзаемную дапамогу дзвюх дзяржаваў перасяленцам, замацоўвала правы асобаў, якія пастанавілі пераехаць з адной краіны ў іншую. Што праўда, дамова не датычыць уцекачоў.

Hавiны
ДПК Беларусі: Колькасць украінцаў, якія прыбываюць у нашую краіну, расце
2023.08.18 14:20

Акрамя таго, на пасяджэнні 19 верасня дэпутаты прыпынілі дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў дачыненні Польшчы і Чэхіі. Адпаведны законапраект разгледзелі ў першым чытанні. Гэта таксама растлумачылі «абаронаю нацыянальных інтарэсаў» і тым, што Варшава і Прага першыя пастанавілі не выконваць дамову ў дачыненні Беларусі.

Цяпер улады ў Менску не будуць даваць Польшчы і Чэхіі інфармацыі пра звычайнае ўзбраенне і тэхніку, акрамя таго, прадстаўнікі гэтых дзяржаваў не змогуць прыязджаць у Беларусь дзеля кантролю за тым, як нашая краіна выконвае абмежаванні, прадугледжаныя міжнароднай дамоваю.

Hавiны
Беларусь збіраецца прыпыніць з Польшчай і Чэхіяй дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах
2023.09.08 10:33

Трэці законапраект, які ўхвалілі ў першым чытанні, датычыць пагаднення з Іранам аб узаемным перадаванні асуджаных асобаў дзеля далейшага адбывання пакарання. Пры гэтым дзве дзяржавы будуць мець права пасля экстрадыцыі змякчыць вырак або наогул памілаваць грамадзяніна сваёй краіны. «Адбыванне пакарання ў дзяржаве іх грамадзянства будзе садзейнічаць больш эфектыўнаму дасягненню мэты выканання пакарання, а таксама далейшай іх рэсацыялізацыі», – мяркуюць дэпутаты.

Hавiны
«Мусяць паважаць суверэнітэт». Дэпутаты пагадзіліся на стварэнне ў Беларусі сумесных з Расеяй баявых цэнтраў
2023.06.28 21:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў