Палітзняволены Уладзімір Гундар зноў абвесціў галадоўку


Палітзняволенага Уладзіміра Гундара, які праходзіць абвінавачаным па «справе Аўтуховіча», зноў змясцілі ў карцар. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на жонку палітвязня Алену Гундар.

Уладзімір Гундар на судзе са сваёй адвакаткай. Берасце, Беларусь. 2021 года. Фота МК / Белсат

Паведамляецца, што Уладзімір Гундар адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі «нізкага сацыяльнага статусу» і за гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 соднямі ў карцары. У адказ на гэта 62-гадовы мужчына абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання – ён будзе піць толькі воду. Акрамя гэтага палітвязень захварэў, магчыма, на каронавірус, таму яму патрэбныя лекі.

Уладзімір Гундар – актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго затрымалі 30 снежня 2020 года па «справе Аўтуховіча» – нібыта за падрыхтоўку тэракту. У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязня ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Гісторыі
Чалавека без нагі, без мыліцаў, з рукамі ў кайданках прымусілі ісці з камеры. Гісторыя Уладзіміра Гундара
2021.12.17 10:25

У траўні 2021 года яго ўжо абвінавацілі паводле арт. 366 («Гвалт у дачыненні да службовай асобы») і прыгаварылі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. У межах «справы Аўтуховіча» Гундару інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК («Стварэнне злачыннай арганізацыі») і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Сваю віну палітвязень не прызнае.

Вядома, што ўвесь час у зняволенні на Уладзіміра ціснулі: яго змяшчалі ў карцар, забралі ўсе лісты, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісці без мыліц. Падчас працэсу па «справе Аўтуховіча» ён распавёў пра збіванне падчас затрымання. На адным з чэрвеньскіх пасяджэнняў Уладзіміра змясцілі ў клетку ў адных майтках, а рукі прышпілілі кайданкамі да кратаў у расцяжцы.

У канцы чэрвеня палітвязень ужо абвяшчаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на ягоныя патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. Пасля 11 дзён галадоўкі ён пачаў пакрысе прымаць ежу.

Гісторыі
Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу
2022.07.08 08:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў