Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» і шматдзетную маці Алену Лазарчык асудзілі да 8 гадоў калоніі


Магілеўскі абласны суд 19 верасня прысудзіў актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» Алене Лазарчык 8 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Павел Клімаў, таму падрабязнасці суда невядомыя, паведамляюць праваабаронцы.

Алена Лазарчык.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Абвінавацілі 48-гадовую жанчыну адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 368 за абразу Аляксандра Лукашэнкі;
  • арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»);
  • арт. 130 («Распальванне варожасці ці варажнечы»);
  • арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык была затрымана 30 снежня 2021 года. 7 студзеня 2022 года жанчыну перавялі ў СІЗА.

22 ліпеня КДБ унёс актывістку ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Праваабаронцы прызналі яе палітычна зняволенай.

Раней актывістку затрымлівалі і ў верасні 2020 года. З-за гэтага яе малодшага сына Арцёма забралі ў прытулак проста са школы. Гэта ўзбурыла абурэнне грамадскасці і каля сцен прытулку Фрунзенскага раёну сабралася вельмі шмат людзей, якія патрабавалі вярнуць дзіця маці.

Арцёма тады вярнулі маці толькі пасля дзвюх начэй у прытулку. Таксама ў Алены ёсць старэйшы сын і дачка.

Аналітыка
Тлумачым, што рабіць, каб дзіця не трапіла ў прытулак пасля затрымання бацькоў
2022.08.26 13:15

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў