Расейцы абстралялі цэнтр Чарнігава. Ёсць забітыя


19 жніўня каля 11:30 мясцовага часу па цэнтры Чарнігава быў здзейснены ракетны ўдар, паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай АВА Вячаслаў Чавус.

Наступствы ракетнага абстрэлу Чарнігава, Украіна. 19 жніўня 2023 года.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

«Імаверна, балістычная ракета. Заставайцеся ва ўкрыццях», – зазначыў Чавус.

У выніку абстрэлу ёсць параненыя і забітыя сярод цывільнага насельніцтва.

Станам на 13:00 мясцовага часу вядома пра 42 пацярпелых у выніку ракетнай атакі на Чарнігаў. Загінулі 5 асобаў. Траўмаваныя 37, сярод іх – 11 дзяцей, паведамляе МУС Украіны.

У цэнтры Чарнігава праводзіцца эвакуацыя людзей з установаў публічнага харчавання, паведамляе «Суспільне». На месцы ракетнай атакі працуюць ратавальнікі, медыкі, паліцыя. Цэнтр гораду часткова перакрыты.

Паветраныя сілы Украіны папярэджваюць пра пагрозу атак беспілотнікаў у Чарнігаўскай вобласці.

Інтэрнэт-выданне Gazeta.ua піша, што журналістка Аляксандра Дэнісэнка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафону паведаміла, што ў драматычным тэатры, на які і прыйшоўся ракетны ўдар, праходзіла выстава вытворцаў дронаў.

Мужчына сядзіць ля загінулага ў выніку ракетнага абстрэлу Чарнігава, Украіна. 19 жніўня 2023 года.
Фота: Ігор Клименко | МВС / Telegram

«Была выстава вытворцаў дронаў. І менавіта сюды быў прылёт», – сказала журналістка.

Анонс выставы можна знайсці ў тэлеграм-канале «Victory drones».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў