Дзве еўрапейскія авіякампаніі пачалі прадаваць квіткі ў Менск без гарантыі вылету


Дзве еўрапейскія авіякампаніі – нямецкая «Lufthansa» і польскі «Lot» – пачалі прадаваць авіябілеты на рэйсы ў Менск. Адпаведныя квіткі з’явіліся на сайтах кампаніяў.

Квіткі польскай авіякампаніі «Lot» у Менск. Скрыншот з сайту lot.com

Продаж квіткоў польскай авіякампаніі «Lot» у напрамку Варшава – Менск пачынаецца з 1 кастрычніка. Нямецкая авіякампанія «Lufthansa» пачынае палёты ў напрамку Франкфурт – Менск з 24 верасня.

Аднак, як тлумачаць самі авіякампаніі, ніякай гарантыі, што рэйсы рэальна адбудуцца, улічваючы забарону на авіяспалучэнні з Менскам, няма. Продаж квіткоў пачаты ў сувязі з пераходам на зімовы расклад, з разлікам на тое, што абмежаванні могуць быць знятыя.

У выпадку, калі абмежаванні не будуць знятыя, кампаніі абяцаюць вярнуць пасажырам грошы за квіткі.

Нагадаем, што забарона палётаў звязаная з інцыдэнтам прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску, на якім ляцеў блогер Раман Пратасевіч са сваёй дзяўчынай. У выніку гэтага перахопу самалёта Еўразвяз закрыў сваю паветраную прастору для беларускіх авіякампаніяў, а таксама ўвёў забарону на палёты ў Менск.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў