Уплывовае амерыканскае выданне «The Washington Post» заклікала адміністрацыю Байдэна ды іншых саюзнікаў прыпыніць вылучэнне сродкаў МВФ для Беларусі, бо гэта будзе паслабляць санкцыі.
У артыкуле сказана, што Злучаныя Штаты ды іх саюзнікі слушна ўвялі санкцыі, што тлумяць крыніцы стабільнасці Лукашэнкі, уключаючы нафтаперапрацоўку і калійную прамысловасць. «Прэзідэнт Байдэн і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан нядаўна асабіста сустрэліся са спадарыняю Ціханоўскай на знак падтрымання. Але гэта яшчэ не ўсё».
23 жніўня МВФ павінен размеркаваць рэзервовыя актывы для забеспячэння эканамічнай падушкі для краінаў, абцяжараных наступствамі каронавіруса або даўгавых запазычанасцяў. Гэтая самая буйная выплата ў гісторыі МВФ – 650 мільярдаў долараў – размяркоўвацца паводле памеру кожнай эканомікі.
Далей сказана, што некаторыя аўтарытарныя ўрады, у тым ліку і Беларусь, могуць атрымаць гэтыя выплаты, бо большасць краінаў усё яшчэ прызнаюць урад Лукашэнкі.
«Адміністрацыя Байдэна павінна мабілізаваць еўрапейскіх ды іншых саюзнікаў – усіх чальцоў МВФ – з патрабаваннем прыпыніць вылучэнне сродкаў. Калі выплаціць іх цяпер, гэта паслабіць уплыў санкцыяў», – сказана ў артыкуле.
Выданне заклікала адміністрацыю Джо Байдэна не выплочваць $ 1 млрд з рэзервовых актываў МВФ рэжыму ў Беларусі, назваўшы Лукашэнку «нелегітымным дэспатам, чый народ прагаласаваў за ягоную адстаўку».
Таксама ў артыкуле згаданыя словы Лукашэнкі пасля пытання пра ўвядзенне заходніх санкцыяў: «Вы можаце задушыцца сваймі санкцыямі».
«Адзіны адказ – падтрымліваць ціск. Усім тым, хто хоча, каб у Беларусі перамагла дэмакратыя, варта прытармазіць гэтую памылковую выплату – і як мага хутчэй», – лічыць выданне.
АД, belsat.eu