Краіны ЕЗ увялі шэсць пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, неўзабаве будуць яшчэ два


Краны ЕЗ увялі супраць рэжыму Лукашэнкі шэсць пакетаў санкцыяў. Да гадавіны выбараў 9 жніўня 2020 года ў Бруселі рыхтуюць новыя абмежаванні, датычныя парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Таксама вядома, што Еўразвяз абмяркоўвае яшчэ адзін пакет санкцыяў, звязаны з хаўрусніцтвам афіцыйнага Менску ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Сцяг Еўразвязу і іншых краінаў.
Фота: ec.europa.eu

Яшчэ ў канцы гэтага студзеня Еўракамісія падрыхтавала чарговы пакет санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі, з таго часу вядуцца перамовы вакол гэтага пытання. У ЕЗ збіраюцца ўвесці сектаральныя санкцыі на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння, што выкарыстоўваюцца ў вайсковых мэтах, а таксама зброі, боепрыпасаў і тэхналогіяў авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці.

У інтэрвю Польскаму прэсаваму агенцтву сталы прадстаўнік Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садась распавёў, што сталыя прадстаўнікі краінаў – чальцоў ЕЗ ухвалілі праект пастановы наконт увядзення сектаральных і персанальных санкцыяў у дачыненні Беларусі. Істотны момант – там няма ніякіх выключэнняў, датычных калійных угнаенняў. Дыскусія пра гэта вялася даволі доўга, галоўным лабістам у выключэнні беларускага калію з санкцыйнага пакету выступала Партугалія.

«Упершыню за год удалося выйсці з тупіку з санкцыямі Беларусі. У пастанове няма выключэнняў, датычных угнаенняў, а гэта значыць, што яны працягваюць быць пад санкцыямі ЕЗ. Мы ўвялі сектаральныя санкцыі, у тым ліку на прадукцыю вайсковага прызначэння, зброю, боепрыпасы, прадметы падвойнага прызначэння, аэракасмічныя тэхналогіі і вырабы. Пад санкцыі трапілі і ўсе датычныя да вынясення прысуду Анджэю Пачобуту», – сказаў амбасадар Анджэй Садась.

Міністр у справах Еўразвязу Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк удакладніў, што працэдуры будуць завершаныя найбліжэйшымі днямі.

«Індывідуальныя санкцыі прадугледжваюць унясенне 39 асобаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку вінаватых у пераследзе і асуджэнні Анджэя Пачобута, у спіс замарожвання сродкаў і забароны на заезд у ЕЗ», – падкрэсліў міністр.

Тры першыя пакеты

Першыя санкцыі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў ЕЗ увёў у кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 года. Кожны з трох пакетаў датычыў абмежаванняў для фізічных асобаў і некаторых прадпрыемстваў.

Гэтыя тры пакеты закранулі 84 асобаў, сярод якіх – Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Іван Церцель, Іван Наскевіч, Андрэй Швед, а таксама некаторыя сілавікі, суддзі і чальцы выбарчых камісіяў. Таксама ў першыя тры пакеты санкцыяў трапілі ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз / Дана Астра», Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ – электрамеханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Пераход ад персанальных да сектаральных санкцыяў

Чацвёрты санкцыйны пакет ужо адрозніваўся ад сімвалічных першых трох пакетаў абмежаванняў. Падставай для санкцыяў стала прымусовая пасадка 23 траўня ў Менску самалёта «Ryanair». Тады сілавікі арыштавалі Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу.

Пасадка самалёта «Ryanair»
Пасадка самалёта «Ryanair», на якім быў журналіст Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Менск, Беларусь. 23 траўня 2021 года.
Фота: AFP

Чацвёрты пакет санкцыяў ЕЗ агучыў у чэрвені 2021 года. Абмежаванні сталі больш адчувальнымі для рэжыму Лукашэнкі. Пад забарону трапілі экспарт і перадача абсталявання, тэхналогіяў або праграмнага забеспячэння, прызначанага для выкарыстання ў інтарэсах лукашэнкаўскіх уладаў пры маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах, тавары падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання, а таксама тавары, што выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў. Таксама ЕЗ забараніў імпарт з Беларусі нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў. Знік доступ да фінансавых рынкаў ЕЗ. Таксама пад санкцыі трапілі фізічныя і юрыдычныя асобы.

Hавiны
Новае пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску: дыспечарам кіраваў супрацоўнік КДБ
2022.10.26 12:36

У пяты пакет санкцыяў ЕЗ, агучаны 2 снежня 2021 года, трапілі яшчэ 17 фізічных і 11 юрыдычных асобаў. Перадусім гэта былі асобы, адказныя за спробу арганізацыі міграцыйнага крызісу. Абмежаванні закранулі прадстаўнікоў памежных войскаў, працаўнікоў МЗС і судовай сістэмы, дзяржаўнага авіяперавозніка «Белавія», прадпрыемствы турыстычнага сектару і гатэлі, а таксама ААТ «Горадня Азот», вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта».

У выніку прыняцця пятага пакету абмежаванняў у чорным спісе ЕЗ апынуліся 183 асобы і 26 арганізацыяў з Беларусі.

Наступны пакеты санкцыяў і абмежаванняў ЕЗ прымаў ужо ва ўмовах поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Лукашэнкаўскі рэжым выступіў на баку агрэсара.

У сакавіку 2022 года Еўразвяз абвясціў новыя санкцыі супраць фінансавага сектару Беларусі. Вясной «Белаграпрамбанк», «Банк Дабрабыт» і «Банк Развіцця» разам з даччынымі кампаніямі былі адключаныя ад спецыялізаваных паслугаў фінансавай камунікацыі (SWIFT). Тады ж зʼявілася забарона на траплянне банкнотаў еўраў у Беларусь. Зʼявілася забарона на аперацыі з Нацыянальным банкам Беларусі і фінансаваннем гандлю і інвестыцыяў. ЕЗ таксама забараніў прыём дэпазітаў, большых за 100 тыс. еўраў, для грамадзянаў або рэзідэнтаў Беларусі.

Фота: Белсат

2 чэрвеня мінулага года краіны Еўразвязу ўвялі шосты пакет санкцыяў супраць Расеі, у які трапілі і прадпрыемствы ды фізічныя асобы Беларусі. У чорны спіс ЕЗ дадаў «Беларуськалій», «Беларускую калійную кампанію», «Інтэр Табака», «Нафтан», гарадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман», «Белмытсэрвіс», «Белкамунмаш», «Белтэлерадыёкампанію». Таксама абмежаванні закранулі Івана Галаватага (гендырэктара «Беларуськалію»), Ігара Карпенку (старшыню ЦВК), Дзмітрыя і Віталя Алексіных (сыноў праўладнага алігарха Аляксея Алексіна), Багалюба Карыча, некаторых чыноўнікаў і прапагандыстаў, сярод якіх Ігар Тур, Людміла Гладкая і Грыгорый Азаронак. Таксама быў адключаны ад SWIFT «Белінвестбанк».

Акрамя ЕЗ, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўводзілі і іншыя краіны Захаду, сярод якіх – Вялікая Брытанія, Канада, ЗША, асобныя краіны Еўропы.

У дачыненні Расеі краіны Захаду ўвялі нашмат больш санкцыяў і абмежаванняў. З моманту ўварвання ва Украіну ЕЗ увёў адзінаццаць пакетаў санкцыяў, што закранулі вызначальныя галіны эканомікі, у тым ліку і пастаўкі энергарэсурсаў. Забаронены імпарт у РФ шэрагу тавараў. Замарожаныя актывы ў краінах Захаду на мільярды еўраў, што належаць шэрагу чыноўнікаў, вайскоўцаў і прапагандыстаў. Адзінаццаты пакет санкцыяў прадугледжвае ўзмацненне кантролю за выкананнем абмежаванняў.

Гэтым лютым ЕЗ працягнуў да 28 лютага наступнага года санкцыі ў дачыненні 243 беларускіх чыноўнікаў і 32 юрыдычных асобаў.

Еўрапарламент. Брусель, Бельгія. Фота Белсат

Спробы рэжыму абысці санкцыі

За час дзеі санкцыяў лукашэнкаўскія чыноўнікі прыдумвалі схемы дзеля іх абыходу. Раней «Белсату» журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Ксенія Вязнікоўцава распавядала, што ўлады ствараюць шэраг фірмаў-пракладак, якія вывозяць у краіны ЕЗ прадукцыю падсанкцыйных прадпрыемстваў. Яшчэ адною схемаю стала фальшаванне і пазнака прадукцыі як прывезеных з-за мяжы тавараў. Такім чынам прадукцыю дрэваапрацоўвання прадаюць у ЕЗ пад выглядам казахскай або кіргізскай. Паводле суразмоўцы «Белсату», пастаўкі беларускага ўгнаення і драўніны ў абыход санкцыяў ЕЗ – гэта кантрабанда. Гэтыя схемы даволі простыя і амаль заўсёды аднолькавыя.

Каментар
Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі
2023.03.12 10:52

У Еўразвязе ведаюць пра спробы абысці санкцыі, менавіта дзеля гэтага міністры юстыцыі дзяржаваў Еўразвязу 9 чэрвеня зацвердзілі захады, што прадугледжваюць крымінальную адказнасць за спрыянне асобам, якія трапілі трапілі пад санкцыі, у абыходзе забароны на паездкі, гандаль забароненымі таварамі або ў правядзенні аперацыяў з дзяржавамі ці арганізацыямі, што застаюцца пад санкцыямі, піша «Financial Times».

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

ЕЗ мае намер агучыць новы пакет санкцыяў да гадавіны выбараў 2020 года ў Беларусі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў краіне. Такім чынам, новы пакет санкцыяў супраць лукашэнкаўскіх уладаў ЕЗ увядзе амаль праз год пасля папярэдняга. Акрамя таго, у Бруселі абмяркоўваюць і яшчэ адзін пакет абмежаванняў, звязаны з хаўрусніцтвам Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў