«Супраціўленне Расеі ў Чачэніі ніколі не спынялася». Прадстаўнік батальёну імя Шэйха Мансура ў эфіры «Белсату»


Праз вайну Расеі з Украінай і праз тое, што ў баявыя дзеянні пасылаюць прадстаўнікоў так званых малых народаў, у РФ мацнеюць сепаратысцкія настроі.

У Чачэніі людзі нават не могуць адкрыта хаваць сваіх родных, якія загінулі на пуцінскай вайне. Пра гэта ў эфіры «Белсату» распавёў прадстаўнік батальёну імя Шэйха Мансура Анзор Масхадаў:

«Супраціўленне ніколі не спынялася з тых часоў, калі Расея ўварвалася на тэрыторыю нашай рэспублікі. І сёння, нават у такой сітуацыі, калі ўвесь народ знаходзіцца пад рэпрэсіямі, пад прыгнётам, людзі ўжо патрабуюць, яны хочуць, каб сёння каб чачэнцы патрыёты вызвалілі гэтую зямлю ад акупантаў і іх марыянетак».

Масхадаў адзначыў, што ён не заклікае да вайны з Расеяй і зычыць нават гэтай краіне толькі міру, але ў цяперашняй сітуацыі, калі з Украіны ў Чачэнію ідуць труны з целамі забітых, ён не выключае ваеннага супраціву ў змаганні за незалежнасць ад Расеі.

«Мы мусім любым дасяжным для нас чынам выйсці з гэтай сітуацыі», – падкрэсліў ён.

Прадстаўнік батальёну не адказаў, калі плануецца аперацыя па вызваленні Чачэніі. Таксама ён паведаміў, што зараз ідзе вялікая праца з насельніцтвам, каб атрымаць падтрымку як мага большай колькасці людзей.

«Украіна нам дапамагла, каб уся сусветная супольнасць расплюшчыла вочы на боль чачэнцаў, на тыя войны, дзве вайны, што ў нас праходзілі. І ўкраінцы, і чачэнцы паказваюць зараз, хто ёсць вораг. Мы хочам, каб Украіна прызнала генацыд чачэнскага народу з боку Расеі і незалежнасць нашай дзяржавы. Гэтае прызнанне нам неабходна. Вораг у нас адзін», – падкрэсліў Масхадаў.

Ён паведаміў, што для поўнамаштабнай вайны з Расеяй у чачэнцаў няма рэсурсаў:

«Мы ваявалі да той пары, пакуль у нас былі рэсурсы. Сёння ў нас няма тылу, няма рэсурсаў. Я не заклікаю да вайны. Мы адчулі на сабе, што такое вайна, дзве вайны. Мы ведаем, якое гэта гора. Але мы мусім вызваліцца ад гэтага рэжыму і ад рэжыму Кадырава».

Прадстаўнік батальёну імя Шэйха Мансура адзначыў, што пасля абвяшчэння аб падрыхтоўцы супраціву могуць узмацніцца рэпрэсіі, натуральна брыдкія метады ціску на мужчын праз пагрозы зняволення жанчын. Аднак ён перакананы, што адбудзецца тое, што мае адбыцца. Ён перакананы, што распад Расеі адбудзецца, бо ні чачэнцы, ні іншыя народы нічога супраць Украіны не маюць і тое, што іх прымушаюць там гінуць, дасць свае наступствы.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў