Дзяўчына з Пермскага краю адправілася ў пешы паход да Менску, каб выказацца супраць вайны


Пешы паход 29-гадовай расейкі з роднага паселішча ў Пермскім краі да Менску на адлегласць 2500 км мае заняць 450 гадзінаў. Па дарозе дзяўчына будзе гаварыць з расейцамі і беларусамі аб вайне ва Украіне і збіраць грошы на дапамогу палітвязням у Расеі і Беларусі. Яе гісторыю расказвае выданне «7х7».

Дзеля бяспекі дзяўчына не раскрывае свайго імя, адрасу і маршруту паходу, а таксама не публікуе фатаграфіі. Просіць называць яе Нанака.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: proturizm.club

Сваю першую антываенную акцыю Нанака правяла ў Даравальную нядзелю – 6 сакавіка. Яна спецыяльна прыехала ў адзін з буйных гарадоў Пермскага краю і стала каля адміністрацыі з плакатам, на якім была цытата з Бібліі, звязаная з забойствам Авэля: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі».

У красавіку Нанака распісала антываеннымі лозунгамі помнік гістарычнай персоне – самае прыкметнае месца ў родным пасёлку. І калі шок ад падзей ва Украіне адступіў, дзяўчына вырашыла ісці ў антываенны пешы паход.

«Гэта была першая думка: я мушу ісці. Але спачатку не верыла ў свае магчымасці, чаплялася за сваякоў. Цяпер я перастала гэта рабіць, таму іду. У першую чаргу, за будучыню сваіх малодшых брата, сястры і пляменніцы. Хачу, каб у іх перад вачыма быў прыклад, што нават у такой краіне ёсць нейкі прасвет», – расказвае дзяўчына.

Нанака называе сябе фанаткай беларусаў: «Яны – ідэальная версія таго, якім павінен быць славянскі чалавек. Я параўноўвала іх пратэсты і пратэсты расейцаў, кантраст ашаламляльны». Яна перажывае, што беларускія палітвязні «пад мячом ходзяць», бо ў Беларусі няма мараторыя на смяротнае пакаранне. Менавіта таму фінальны пункт паходу Нанакі – Менск.

«Я не імкнуся да нечага глабальнага. Проста думаю, што трэба пагаварыць з людзьмі, каб яны крыху сталі смялейшыя. Дома ў пасёлку я не магу ні з кім паразмаўляць, а за 2500 км у любым выпадку сустрэну больш людзей, чым ведаю асабіста. Калі зразумею, што перада мной чалавек, зацікаўлены ў тэме, буду паказваць QR-код са спасылкамі на дошкі ахвяраванняў для палітвязняў. Бо калі б палітвязні не сядзелі ў турме, усяго гэтага не адбывалася б. Людзі павінныя гэта зразумець», – дзяліцца Нанака.

Большасць блізкіх людзей Нанакі ведаюць аб яе планах. Бацькі падтрымалі дзяўчыну, хаця самі займаюць праваенную пазіцыю, не сталі ўтрымліваць яе дома ці адгаворваць ад паходу.

Дзяўчына стараецца не прагназаваць, якім менавіта будзе яе паход, колькі часу ён зойме і што яе чакае. Яна трымае ў галаве толькі фінальны пункт, да якога хоча прыйсці – гэта фатаграфія з плакатам «Здорово, мир» у цэнтры Беларусі.

Артыкулы
«Мы ёсць». Тры гісторыі беларускіх дваровых партызанаў, што працягваюцца і цяпер
2022.07.19 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў