У Малдове забаранілі прарасейскую партыю «Шор»


Канстытуцыйны суд (КС) Малдовы 19 чэрвеня прыйшоў да высновы, што прарасейская партыя парушыла прынцыпы, прапісаныя ў Канстытуцыі краіны. Пра гэта паведамляе малдаўскае выданне NewsMaker.

Кіраўнік партыі «Шор»
Ілан Шор.
Фота: Ilan Shor / Facebook

Суддзі прыйшлі да высновы, што партыя «Шор» парушыла чацвёрты пункт 41 артыкула Канстытуцыі, які абвяшчае: «партыі і іншыя грамадска-палітычныя арганізацыі, мэты або дзейнасць якіх накіраваны супраць палітычнага плюралізму, прынцыпаў прававой дзяржавы, суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Малдова, з’яўляюцца неканстытуцыйнымі».

Рашэнне КС канчатковае і абскарджанню не падлягае. Яно набывае моц з дня яго вынясення. Цяпер партыя «Шор» лічыцца расфармаванай. Пры гэтым дэпутаты ад яе прадоўжаць свой мандат, аднак у якасці незалежных народных абраннікаў без права на далучэнне да іншых фракцыяў.

«Спісы кандыдатаў у парламент і мясцовыя органы, зацверджаныя раней, прызнаюцца несапраўднымі з моманту вынясення рашэння. Калі ёсць вакантны мандат, то ён застаецца такім да канца адзінаццатага склікання парламента», – заявілі ў КС.

«Шор» будзе скардзіцца ў ЕСПЧ

Кіраўнік ліквідаванай партыі беглы алігарх Ілан Шор назваў рашэнне Канстытуцыйнага суду «свавольствам». Ён запэўніў, што ягоная каманда апратэстуе гэтае рашэнне ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека (ЕСПЧ).

«Мы запатрабуем прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтым незаконным працэсе, які абмежаваў фундаментальныя правы. Ніхто з выканаўцаў гэтага беззаконня не ўцячэ ад адказнасці», – напісаў Шор на сваёй старонцы Facebook 19 чэрвеня.

Таксама ён паабяцаў знайсці «юрыдычныя формы, каб прадоўжыць праекты для народу».

У сваю чаргу прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла ў Facebook, што грамадства чакала гэтага рашэння КС, бо «малдаване шануюць і хочуць жыць у дэмакратычнай, прававой дзяржаве, дзе злачынныя арганізацыі не абараняюць, а пазбаўляюць магчымасці захапіць краіну».

«Палітычная партыя, створаная на карупцыі і дзеля карупцыі, небяспечная для канстытуцыйнага ладу і бяспекі дзяржавы. Цяпер дзяржаўныя органы павінны прааналізаваць высновы КС і зрабіць далейшыя крокі для захавання і эфектыўнага выканання гэтага рашэння», – напісала Санду.

Паводле яе, «Малдова павінна стаць дзяржавай, якая карае карупцыянераў і не дазваляе ім выкарыстоўваць дзяржаўныя і грамадскія грошы ў асабістых мэтах».

Hавiны
Журналісты знайшлі планы Расеі для падпарадкавання Малдовы. Некаторыя ўжо праваленыя
2023.03.15 13:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў