Акi – малады сабака, яму няма яшчэ і года. Яго, траўмаванага, усяго ў крыві, падабралі на дарозе мінамётчыкі палка Каліноўскага, вяртаючыся з баявога задання пад Бахмутам сёлета ўвесну.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Я паехала да іх, забрала сабаку і адвезла на абследаванне, гэта значыць, мы яго абследавалі, высветлілася, што ў яго пералом хрыбетніка. Гэта значыць, у яго зламаны хрыбетнік у грудным аддзеле і зламаны хвост, хвост зламаны абсалютна безнадзейна, гэта значыць, хвастом ён не будзе рухаць ніколі, і гэта 100 %», – апавядае камандзірка медроты палка Кастуся Каліноўскага Анастасія з пазыўным Север.
З кожным днём шчанюку рабілася ўсё горш і горш. Акі адмаўляўся нават піць ваду. Але байцы палка Каліноўскага хацелі, што б там ні было, пазмагацца за жыццё сабакі. І Акі павезлі на аперацыю ў горад Дняпро. Нягледзячы на сур’ёзную траўму (пералом хрыбетніка з соступам), хрыбетны мозг сабакі ацалеў. Гэта азначае, што ў Акі дзякуючы маладому ўзросту ёсць шанец аднавіць рухальныя функцыі.
Асаблівасці не перашкаджаюць Акі быць актыўным і жыццялюбным сабакам, адзначае Анастасія. Са спецыяльным вазком шчанюк бегае так хутка, як быццам ніякіх праблемаў у яго няма. За гэта каліноўцы любасна завуць яго Мотагонкай.
«А мы яшчэ жартуем, што цяпер гэта самаходная ўстаноўка, і яе трэба ставіць на ўлік і на баланс часткі. Для эвакуацыі блох, відаць, я не ведаю, каго мы будзем эвакуяваць на гэтай самаходнай устаноўцы, але мы прыдумаем…» – кажа Анастасія.
Анастасія, камандзір медроты палка Каліноўскага, зрабілася апякункай Акі. Пры неабходнасці на дапамогу прыходзіць ейны сабака на мянушку Шэры, якога дзяўчына таксама забрала з зоны баявых дзеянняў. Шэры як старэйшы брат кантралюе хуткасць перасоўвання Акі. І дае знаць, калі нешта здарылася.
«Мае жартуюць, што гэта сабака майго сабакі. Шэры ім апякуецца заўсёды і сочыць, вось проста заўсёды апякуецца і сочыць. І некалькі разоў, калі ў Акі нешта здаралася, ён мяне абуджаў уначы, проста штурхаў такі:
«Ты чаго? Глядзі! Там у дзіцяці праблемы, у дзіцяці праблемы, ідзі хутка рабі што-небудзь! Чаму ты спіш?» – успамінае Анастасія.
Аднак пакінуць у сябе шчанюка з асаблівасцямі каліноўцы не могуць – яму небяспечна заставацца з байцамі на перадавой. Таму надумалі шукаць для Акі дом у людзей, якія змогуць гарантаваць яму належныя ўмовы і дагляд.
«Калі цябе няма цэлы дзень, то гэта можа быць ужо праблемай, а калі ты можаш надаць пяць хвілін на яго раз на тры-чатыры гадзіны, ён будзе шчаслівы, ён будзе самым шчаслівым сабакам на свеце. А калі яшчэ ёсць які-небудзь двор, куды ён можа ганяць на сваіх колах, то ён будзе наогул самым шчаслівым сабакам на свеце», – тлумачыць Анастасія.
Акі непераборлівы ў ежы. Ужо цяпер у шчанюка назіраецца прагрэс у ачуньванні.
Руслан Ігнатовіч, Юлія Макаранка, Дзмітрый Дзяркач belsat.eu
Кантакты, каб узяць Акі да сябе:
TELEGRAM: @neiserika
SIGNAL: +380987279646