У Варшаве адкрылі мемарыял беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне


Мемарыял беларускім ваярам, загінулым ува Украіне
Мемарыял беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне, усталяваны побач з Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

19 траўня побач з Музеем Вольнай Беларусі адкрыўся часовы мемарыял у памяць беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Ён будзе адкрыты да канца траўня, пасля чаго беларуская дыяспара пачне працу над пастаянным месцам памяці загінулых добраахвотнікаў.

Інсталяцыя уяўляе сабой тры сцягі – беларускі, украінскі і штандар Палка Каліноўскага – перад якімі на металічнай падстаўцы ляжыць звычайная бетонная плітка, якімі выкладаюць ходнікі і ў Варшаве, і ў Менску і ў Кіеве. На ёй ляжыць атрыбутыка Палка – шлем і нашыўка.

«Ідэя была даўно: гэткі мемарыял мусіць быць, а іншае месца, чымся гэты музей, уявіць складана. Апошнія падзеі, калі загінулі нашыя хлопцы, падштурхнулі нас гэтую ідэю рэалізаваць. Можна сказаць, што гэтую інсталяцыю мы стварылі з падручных матэрыялаў», – распавядае Сяргей, аўтар канцэпцыі помніку.

Мемарыял беларускім ваярам, загінулым ува Украіне
Мемарыял беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне, усталяваны побач з Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

За сцягамі інсталяцыі ўсталяваныя светлавыя пражэктары трох колераў – белага, чырвонага і белага. Сяргей тлумачыць, што калі сцямнее, тры промні – белага, чырвонага і белага колераў – будуць бачныя сёння і заўтра з усіх канцоў Варшавы з 20-й да 23-й паводле мясцовага часу.

«Такім чынам мы будзем прыцягваць увагу да беларусаў, якія ваююць, і беларусаў увогуле – многія сёння захочуць загугліць і даведацца, што адбываецца ў цэнтры Варшавы, а беларусы змогуць прыйсці сюды і ўшанаваць памяць герояў», – дадае мужчына.

У дырэкцыі Музею «Белсату» кажуць, што пляцоўка ніякім чынам не ўдзельнічала ў арганізацыі мемарыялу, а толькі падтрымала задуму беларускай дыяспары, а таксама дапамагла звярнуцца са зваротам да ўладаў Варшавы з просьбай цягам свяціць пражэктарамі ў неба. «Пазней аказалася, што моц гэтых лампаў не настолькі вялікая, каб прасіць дазвол на гэта», – дадала дырэктарка Музею Наталля Задзяркоўская.

Мемарыял беларускім ваярам, загінулым ува Украіне
Павел Мар’еўскі з Асацыяцыі беларускіх ветэранаў у Польшчы, побач з мемарыялам беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне. 19 траўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Павел Мар’еўскі з Асацыяцыі беларускіх ветэранаў, які прысутнічае на адкрыцці, кажа, што камбатанцкая арганізацыя ўхваляе мемарыял і сама даўно хацела адкрыць падобны, але пакуль не мае сродкаў на гэта. У асацыяцыі ёсць, аднак, папярэдняя дамоўленасць з Музеем Вольнай Беларусі, што ў будучыні ў ягоным дворыку з’явіцца пастаянны мемарыял са стэндамі з інфармацыяй пра загінулых.

«Каб людзі маглі прыйсці і запаліць свечкі і знічы ў памяць тых, хто аддаў доўг і нашае Радзіме, і Украіне, – кажа Мар’еўскі. – Пакуль дазволу паставіць тут партрэты каліноўцаў няма. З аднаго боку, невядомыя яшчэ імёны і пазыўныя ўсіх загінулых, з іншага, не хочацца даваць магчымасць ГУБАЗіКУ тузаць сваякоў загінулых і запісваць з імі пакаяльныя відэа. Па гэтай жа прычыне хацеў бы папрасіць усіх блогераў і журналістаў не даваць інфармацыі пра загінулых каліноўцаў, пакуль Полк пра гэта не паведаміў афіцыйна, бо гэта таксама звязана з бяспекай сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі».

Мемарыял беларускім ваярам, загінулым ува Украіне
Кветкі і знічы пад часовым мемарыялам беларускім ваярам, загінулым ва Украіне, на дзядзінцу Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве. 19 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

А 20-й, калі ўключаюць лампы, эфекту не бачна праз дзённае святло: сёння сонца сядае толькі а палове на дзявятую. Да мемарыялу падыходзяць людзі з кветкамі. Некаторыя вырашаюць застацца і пачакаць на цемру. Сярод такіх людзей – Павел Латушка. Палітык на просьбу пагутарыць пагаджаецца не адразу, але ў выніку дае каментар як прыватная асоба і звычайны беларус.

«Як грамадзянін нашае краіны лічу важным ушанаваць памяць усіх беларускіх ваяроў, якія загінулі ўва Украіне, у тым ліку ў апошнія дні ў Бахмуце, каб сказаць ім і нам усім, што яны героі, – кажа Латушка. – Хочацца сказаць, што – тое, ува што яны верылі, пра што марылі – Беларусь будзе жыць. Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Адкрыццё мемарыялу беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне
Павел Латушка робіць запіс у памятнай кнізе ў Музею Вольнай Беларусі ў дзень адкрыцця мемарылу. 19 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Мемарыял будзе адкрыты да 31 траўня, яго можна наведваць з 10-й да 22-й штодня на вуліцы Фоксаль, 11 (Foksal 11). Таксама можна пакінуць допіс у памятнай кнізе, якая знаходзіцца ўнутры Музею. Адныя з першых словаў у ёй пакінуў амбасадар Літвы ў Польшчы Эдуардас Барысавас.

Мемарыял беларускім ваярам, якія загінулі ўва Украіне, усталяваны побач з Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве, Польшча. 19 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў