Нацыянальная пракуратура Польшчы праводзіць крымінальна-працэсуальныя дзеянні ў дачыненні Лукашэнкі


У Нацыянальнай пракуратуры Польшчы праводзяцца крымінальна-працэсуальныя дзеянні ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і службовых асобаў у ягоным падпарадкаванні, звязаных са ўчыненнем злачынстваў супраць нацыянальнай і палітычнай групаў і іншых асобаў, паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Пракуратура Польшчы.
Фота: East News

У развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых у лістападзе 2023 года, Упаўнаважаны па грамадзянскіх правах Польшчы Марцін Вёнцэк праінфармаваў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку пра ход разгляду заяваў беларусаў па фактах учыненых у дачыненні да іх злачынстваў.

У сваім лісце ў адрас НАУ Амбудсмен Польшчы адзначыў, што ў цяперашні час у аддзеле па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ў Любліне знаходзяцца на разглядзе справы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, захопу польскага паветранага судна, гандлю людзьмі, гвалту і пагрозаў у адносінах групаў і асобных асобаў.

Для расследавання ўказаных злачынстваў створаная сумесная следчая група, удзельнікамі якой, акрамя Польшчы, з’яўляюцца Літва і Нямеччына. Следства ажыццяўляецца на падставе рашэння намесніка Генеральнага пракурора Польшчы па пытаннях арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

«Працяг працы пракуратурай Польшчы па магчымым прыцягненні Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў у дачыненні да грамадзянаў Беларусі і іншых краінаў, мае важнае значэнне для дасягнення мэтаў непазбежнасці пакарання за здзейсненыя прадстаўнікамі рэжыму ў Беларусі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Па ўсіх вышэйпаказаных справах мы таксама давалі доказы і паказанні сведак», – кажа Павел Латушка.

НАУ мае намер працягваць ажыццяўляць усе магчымыя дзеянні для забеспячэння прававога пераследу Лукашэнкі і ў рамках дзейных пяці міжнародных механізмаў, сярод якіх можна вылучыць два асноўныя: перадача на разгляд сітуацыі Беларусі ў МУС па фактах учынення злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама за ваеннае злачынства па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі.

«Думаю, што ў Польшчу Лукашэнка можа прыехаць хіба што ў кайданках», – адзначыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка датычна перспектываў прававога пераследу.

Hавiны
«Тэст на дэмакратыю». Латушка запытаўся ў Еўразвязу, што перашкаджае прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці
2023.11.10 18:21

НАУ ажыццяўляе дзеянні, накіраваныя на максімальна глыбокае расследаванне фактаў злачынстваў, учыненых Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі і замежных дзяржаваў, у тым ліку праз падачу адпаведных матэрыялаў у Пракуратуру Польшчы, Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе і Генеральную пракуратуру Украіны.

Раней Латушка казаў, што дасць на разгляд чальцамі Еўрапейскага Звязу пяць магчымых напрамкаў выкарыстання міжнародных механізмаў для дасягнення мэты – надыходу адказнасці. Гэтыя механізмы наступныя:

  • Перадача «беларускай сітуацыі» ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (за злачынства супраць чалавецтва ў выглядзе дэ-факта дэпартацыі беларусаў, вымушаных бегчы з краіны).
  • Універсальная юрысдыкцыя (калі дзяржавы могуць расследаваць найбольш сурʼёзныя міжнародныя злачынствы, нават калі тыя здзейсненыя на тэрыторыі іншае краіны).
  • Перадача спрэчкі ў Міжнародны суд ААН.
  • Прыцягненне да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы.
  • Міжнародны трыбунал за ваенныя злачынствы.
Аб’ектыў
Што чакае беларускіх сілавікоў, што трапілі ў міжнародны вышук?
2023.10.21 21:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў