Эксперты пра запрашэнне Святланы Ціханоўскай на саміт «Вялікай сямёркі»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская была запрошаная на міністэрскі саміт «Вялікай сямёркі». Прэс-служба кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі падвяла вынікі гэтай сустрэчы. «Белсат», у сваю чаргу, спытаў экспертаў аб тым, якое значэнне мела прысутнасць Ціханоўскай на гэтай падзеі.

Святлана Ціханоўская з міністаркай замежных спраў Канады Мелані Жалі, Энтані Блінкенам і міністаркай замежных справаў Нямеччыны Аналенай Бэрбак.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет / Telegram

«Гэта перамога Ціханоўскай»

На сустрэчы міністраў «Вялікай сямёркі», гэткага нефармальнага клубу найбуйнейшых дэмакратычных дзяржаваў свету, у які ўваходзяць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Францыя і Японія, Святлане Ціханоўскай удалося прыцягнуць увагу да Беларусі вядучых сусветных палітыкаў. Сярод іх Энтані Блінкен, Аналена Бэрбак, Дэвід Кэмеран, Стэфана Сэжурнэ, Мэлані Жалі, Жазэп Бурэль, Антоніо Таяні.

Абраная прэзідэнтка Беларусі размаўляла з прадстаўнікамі «Вялікай сямёркі» па пытаннях гуманітарнага крызісу ў нашай краіне і яе паўзучай акупацыі Расеяй. Беларуская лідарка заклікала ўдзельнікаў да пошуку шляхоў вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.

Ціханоўская таксама заклікала міністраў працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасці і медыяў, а таксама распавяла пра палітвязняў.

«Нашыя людзі паміраюць у турмах. Мы гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці – не толькі за вайну супраць Украіны, але і за рэпрэсіі супраць беларусаў. У гэтыя дні прымаецца важнае рашэнне аб дапамозе Украіне – і я спадзяюся, што яно будзе прынятае. Бо лёсы нашых краінаў узаемазвязаныя», – прыводзяцца словы Ціханоўскай у прэс-рэлізе, апублікаваным у тэлеграм-канале беларускай лідаркі.

Дарадца Святланы Ціханоўскай у дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, лічыць, што запрашэнне на міністэрскую сустрэчу «Вялікай сямёркі» – гэта вельмі важная падзея для Беларусі, бо гэта адбылося ўпершыню.

«Падчас такіх міністэрскіх сустрэчаў, падчас самітаў «Вялікай сямёркі» выпрацоўваецца палітыка, пазіцыя па вялікай колькасці сусветных праблемаў, таму сама прысутнасць там, магчымасць зноў вярнуць фокус на Беларусь, паказаць важнасць Беларусі ў нашым рэгіёне, важнасць дэмакратычнай Беларусі для бяспекі Еўропы, а таксама для перамогі Украіны – гэта сапраўды ўнікальная магчымасць. Гэта можна лічыць у дыпламатычным і палітычным сэнсе вялікай перамогай Ціханоўскай», – адзначае ў размове з Белсатам Дзяніс Кучынскі.

Якім будзе практычны вынік

Паводле меркавання палітычнага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Фрыдмана, запрашэнне Ціханоўскай на такую важную сустрэчу – гэта прызнанне. Гэта вельмі важна, што ёсць магчымасць узняць беларускае пытанне і нагадаць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.

«Гэта вялікая трагедыя беларусаў, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў Беларусі і асабліва беларускіх палітзняволеных, што палітычная рэчаіснасць сёння такая, што пра іх паступова забываюцца. Ёсць іншыя тэмы, якія маюць зусім іншую палітычную вагу для заходніх краінаў.

Таму магчымасць скарыстацца такім форумам, каб нагадаць пра сябе, узгадаць становішча ў Беларусі, сказаць, што Беларусь можа насамрэч быць іншай, што сістэма Лукашэнкі і той лёс, які напаткаў зараз Беларусь – гэта не назаўсёды. Адзначыць, што Беларуссю трэба займацца, клапаціцца пра яе, што ў дэмакратычную Беларусь трэба ўкладвацца – гэта ўсё выдатна, гэта ўсё інвестыцыі на будучыню, гэта тое, што зараз, безумоўна, патрэбна рабіць», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Святлана Ціханоўская з вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу Жазэпам Бурэлем.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

На думку супрацоўніка Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгора Ніжнікава, сустрэча лідараў «Вялікай сямёркі» са Святланай Ціханоўскай сведчыць пра тое, што Беларусь застаецца важным пытаннем для Еўропы, а супраца беларускага рэжыму і інтэграцыя з Расеяй – па-ранейшаму з’яўляюцца вялікім выклікам для еўрапейскай бяспекі.

Але ў той жа час Рыгор Ніжнікаў не чакаў бы, што будзе нейкі вырашальны вынік пасля гэтых сустрэчаў.

«Колькі такіх сустрэчаў ужо было, на самым высокім узроўні – і не раз і не два, – кажа суразмоўца Белсата, – і абмяркоўваліся тыя ж пытанні, але мы не бачым, каб быў рух па гэтых пытаннях – гэта галоўнае. Аднак усё ж такі той факт, што беларускае пытанне падымаецца, што беларускі бок чуецца, і, няхай і не напрамую, але гэтыя думкі, гэтыя ідэі могуць трапляць у палітыку краінаў «Вялікай сямёркі» ці ў прынцыпе ў палітыку Захаду – гэта ўсё ж такі мае важны патэнцыйны ўплыў. Асабліва калі мы дакладна не ведаем, як скончыцца вайна, як будзе выглядаць архітэктура бяспекі Еўропы праз пяць-дзесяць год».

Мае крытычнае стаўленне што да практычных вынікаў сустрэчы і Аляксандр Фрыдман.

«Так, тэма Беларусі будзе ўзгадана, Лукашэнку асудзяць, пакрытыкуюць, а што будзе далей? Ці гэта паўплывае на сітуацыю ў Беларусі? Хутчэй за ўсё не паўплывае, таму што ў Захаду, нават у самых уплывовых, самых актыўных і магутных заходніх краінаў, як Нямеччына, Францыя, Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія, рэальных магчымасцяў паўплываць на падзеі ў Беларусі, змяніць тое, што ў ёй адбываецца, на дадзены момант няма», – адзначае палітолаг.

У сваю чаргу Рыгор Ніжнікаў кажа, што ў краінаў «Вялікай сямёркі» ёсць шмат чаго, што яны маглі б прапанаваць Беларусі, бо ў іх ёсць вялікія эканамічныя, палітычныя і ваенныя інструменты, якія б маглі аказаць вялікі ўплыў на рэжым Лукашэнкі. Але, лічыць Ніжнікаў, пачынаючы з 2022 года нейкіх памкненняў з боку Захаду рабіць нешта істотнае ў адносінах да Беларусі не бачна.

«Усё ж такі Захад заняты вырашэннем сваіх пытанняў, іх больш цікавіць пытанне, што рабіць з Украінай. (Я б не сказаў, што зараз ёсць стратэгія, як дапамагчы Украіне.) І менавіта на гэтых пытаннях Захад і сканцэнтраваўся. Таму мы павінны ставіць пытанне зараз па-іншаму: што мы павінны прапанаваць, што мы павінны патрабаваць ад Захада, каб вырашаць нашыя беларускія пытанні. Таму што зараз Захад не мае ніякага памкнення, каб парушыць існуючы статус-кво», – лічыць Рыгор Ніжнікаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў