«Магчыма, гэта пачатак эскалацыі». Спыталі экспертаў, ці вернецца пасол Украіны ў Менск


19 красавіка пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім быў адкліканы для кансультацый у Кіеў. Нагодай для такога кроку стаў прыезд кіраўніка «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніса Пушыліна ў Менск і сустрэча яго з Аляксандрам Лукашэнкам. Як трэба ўспрымаць гэты крок афіцыйных уладаў Украіны і якіх наступстваў чакаць ад яго Беларусі? Аб гэтым мы спыталі ўкраінскага і беларускіх экспертаў.

Міністэрства замежных спраў Украіны асудзіла сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным і назвала яе «чарговым абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, скіраваным на падтрыманне дзяржавы-агрэсара Расейскай Федэрацыі».

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Дзянісам Пушыліным у Менску 18 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Яўген Магда: украінскі пасол вернецца ў Беларусь

На думку ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, рэакцыя Кіева ўкладаецца ў межы стандартнай практыкі, бо адкліканне пасла для кансультацый як адказ на несяброўскія дзеянні іншай дзяржавы – пашыраная з’ява ў міжнародных адносінах. Але, як лічыць палітолаг, Украіна не разарве дыпламатычных адносін поўнасцю, «бо праз Беларусь працягваецца абмен палоннымі, там знаходзяцца дзясяткі грамадзянаў Украіны, якія маюць права на консульскую дапамогу, праз Беларусь украінцы вяртаюцца дадому, і наяўнасць пасла – гэта могчымасць дапамагаць».

Але ў той жа час палітолаг задае іншае пытанне: «Калі кансультацыі пройдуць і Ігар Кізім вырашыць вярнуцца, ці пусціць яго назад рэжым Лукашэнкі? Я думаю, гэта пытанне, якое таксама трэба ўлічваць у гэтым выпадку».

Гаворачы пра тое, як можа развівацца сітуацыя ва ўзаемаадносінах Кіева і Менска далей, Яўген Магда падкрэсліў, што ўсё залежыць ад таго, якімі будуць наступныя крокі.

«Лукашэнка ўсім нам паказвае, што ён гатовы шукаць дно далей, – кажа палітолаг. – Але разрыў дыпламатычных адносінаў на самой справе не моцна выгадны Лукашэнку, таму што тады міф пра яго ўсемагутнасць ці пра ўменне манеўраваць, які прасоўваюць яго піяршчыкі, будзе цалкам зруйнаваны».

З другога боку, адзначае палітолаг, Украіна таксама не зацікаўлена ў разрыве дыпламатычных адносінаў, бо гэта можа павялічыць шанцы на ўдзел Беларусі ў беспасярэднім уварванні ва Украіну.

На думку Яўгена Магды, украінская ўлада ў цяперашняй сітуацыі павінна дзейнічаць больш актыўна. «Раз мы паказальна змяншаем узровень адносін з Беларуссю афіцыйнай, – адзначае палітолаг, – то нам трэба актывізаваць дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта мне здаецца найбольш лагічным». На думку суразмоўцы, паказальным у гэтым плане было б правядзенне форуму дэмакратычнай Беларусі, на які можна было б запрасіць усіх прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. «Такі падыход быў бы правільны, – падсумоўвае Яўген Магда, – бо Украіна павінна падтрымліваць дэмакратычную Беларусь як гарантыю бяспечнай Еўропы. Мы пераканаліся, да чаго прыводзіць дыктатура. Але вызначаць, хто менавіта павінны змяніць Лукашэнку, так жа як і калі гэта адбудзецца, павінны самі беларусы, без нас».

Павел Усаў: дыпламатычныя адносіны замарозяцца

Беларускі палітолаг Павел Усаў лічыць, што адкліканне ўкраінскага пасла з Беларусі абсалютна лагічны крок Кіева. Сустрэча Дзяніса Пушыліна з Аляксандрам Лукашэнкам, на яго думку, «па-сутнасці з’яўляецца прызнаннем з боку Лукашэнкі і Беларусі таго, што акупаваныя тэрыторыі [ЛДНР] з’яўляюцца часткай Расеі і што гэтыя тэрыторыі маюць прававы статус як частка Расейскай Федэрацыі, а значыць, і часткі Саюзнай дзяржавы».

Таму палітолаг гаворыць, што «адкліканне амбасадара Украіны з Беларусі азначае, што дыпламатычныя адносіны, якія і так былі даволі кепскія, фактычна зводзяцца да нуля і будуць, хутчэй за ўсё, замарожаныя«. Становіцца ўсё больш відавочна, адзначае Усаў, што Беларусь губляе апошнія атрыбуты дзяржаўнасці і самастойнасці і па ўзроўню збліжаецца да статусу тых жа ДНР, ЛНР, калі ключавыя пытанні і лёсавызначальныя рашэнні для Беларусі ўжо прымаюцца ў Крамлі.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Фота: Котько Наталья / Facebook

На думку Паўла Усава, хутчэй за ўсё, пасол ужо не вернецца ў Беларусь. Хаця пры гэтым ён падкрэслівае, што «Украіна да апошняга трымала свайго амбасадара ў Беларусі, намагаючыся нейкім чынам захоўваць каналы, магчыма, нефармальных кантактаў, перамоваў і спадзеючыся мінімалізаваць магчымы ўдзел Беларусі ў вайне». І гэта нават нягледзячы на агрэсію з боку нашай краіны, а таксама на тое, што «так званы пасол Беларусі ў Кіеве з’ехаў адтуль партызанскімі шляхамі з велізарным скандалам».

На пытанне ці чакаць эскалацыі ў адносінах паміж дзвюма дзяржавамі, Павел Усаў выказаў меркаванне, што ў палітычным плане яна ўжо даўно дасягнула высокага ўзроўню, «і гэта была толькі добрая воля Украіны, што яна не адклікала свайго амбасадара». Пасля агрэсіі наўрад ці можна чакаць нейкіх нармальных адносінаў. Што тычыцца верагоднай эскалацыі ў вайсковым плане, то, пакуль доўжыцца вайна, адзначае палітолаг, пагроза ўдзелу Беларусі ў адкрытай вайне супраць Украіны будзе заставацца. Асабліва з улікам размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Таму, на думку Паўла Усава, ступень эскалацыі ніяк не прывязана да наяўнасці ці адсутнасці амбасадара Украіны ў Беларусі.

Пры гэтым палітолаг лічыць, што фармальна ўсё ж такі не дойдзе да разарвання дыпламатычных адносінаў паміж Менскам і Кіевам. Бо на сённяшні дзень нават з Расеяй у Украіны дыпламатычныя адносіны афіцыйна не разарваныя.

Валер Карбалевіч: магчымы крок да эскалацыі

Палітолаг Валер Карбалевіч гаворыць аб тым, што пакуль цяжка адназначна ацаніць дзеянні Кіева. «Магчыма, гэта сапраўды пачатак эскалацыі». Бо да гэтай пары, кажа палітолаг, афіцыйны Кіеў прытрымліваўся тактыкі, што не трэба правакаваць і раздражняць Лукашэнку. Бо калі ён раззлуецца, то можа заслаць беларускія войскі ва Украіну ваяваць.

А зараз атрымліваецца, што сам Менск «перайшоў пэўны рубікон». Гэта, канечне, не вайна, адзначае Валер Карбалевіч, але прызнанне часткі ўкраінскай тэрыторыі фактычна расейскай. І гэта можа прывесці да таго, што тактыка Кіева зменіцца. Адкліканне амбасадара і з’яўляецца пэўным крокам у гэтым кірунку.

Палітолаг гаворыць пра тое, што за гэтым крокам могуць быць і наступныя. Напрыклад, раней праходзіла інфармацыя, што афіцыйны Кіеў лабіруе рашэнне, каб не ўключаць Беларусь у новыя пакеты санкцый, каб не злаваць Лукашэнку. І сапраўды, кажа Карбалевіч, у тры апошнія пакеты Беларусь не трапляла. Цяпер можа атрымацца наадварот: Кіеў будзе лабіраваць якраз увядзенне санкцый. Таксама, на думку нашага суразмоўцы, можа памяняцца стаўленне афіцыйнага Кіева да офіса Святланы Ціханоўскай – і яны раптам прызнаюць яго як афіцыйнага прадстаўніка беларускага грамадства і правядуць сустрэчы з Ціханоўскай на высокім узроўні.

«Гэта будзе ў пэўным сэнсе люстэркавы адказ афіцыйнага Менску. Маўляў, вы тут прынялі нашага галоўнага сепаратыста. Ну вось, мы таксама прынялі вашага галоўнага палітычнага апанента. Так што сапраўды сітуацыя можа развівацца ў канфліктны бок паміж Менскам і Кіевам», – рэзюмуе Валер Карбалевіч.

Абноўлена
Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай «ДНР»
2023.04.18 12:32

Здымак вокладкі: Фота: finland.mfa.gov.ua

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў