«Белавія» адкрывае просты рэйс у Мурманск


Першы палёт самалётам авіякампаніі «Белавія» з Менску ў Мурманск, найбуйнейшы горад свету за Палярным колам, запланаваны на 23 траўня, паведамляе прэс-служба авіяперавозчыка.

Міжнародны аэрапорт Мурманску.
Фота: tv21.ru

Кошт палёту ў адзін бок пачынаецца ад € 134, у абодва – € 244 (тарыф Light). Палёты будзе здзяйсняць самалёт «Эмбраэр 195».

Працягласць рэйсу з Менску ў запалярны горад складзе менш за тры гадзіны. Рэйсы будуць ажыццяўляцца ў аўторкі з вылетам з Менску ў 10:15 і прыбыццём у Мурманск а 13:00. Зваротныя рэйсы з міжнароднага аэрапорту Мурманску будуць выконвацца а 14:00 з прылётам у Менск у 16:40.

«Мы разлічваем, што гэты маршрут стане запатрабаваным у прадстаўнікоў бізнесу», – заявіў гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец.

Паводле яго, новы кірунак арыентаваны таксама на пасажыраў, якія падарожнічаюць транзітам праз Менск, і «на турыстаў, якія аддаюць перавагу нетрывіяльным маршрутам».

Міжнародны аэрапорт «Мурманск»размешчаны за 24 кіламетры ад цэнтру гораду. Дарога ў аэрапорт займае каля гадзіны, пастаянна ходзяць аўтобусы і маршрутныя таксі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў