Як беларуская прапаганда прадстаўляецца «Белсатам» і што рабіць нашым чытачам, гледачам і экспертам


Беларуская прапаганда пачала практыку фэйкавых званкоў. І гэта сур’ёзна.

Супрацоўніца прапагандысцкага тэлеканалу «Беларусь-1» Марыя Пятрашка, рэпартаж якой паказалі ў перадачы «Галоўны эфір».
Фота: скрыншот з відэа «Беларусь-1»

Што адбылося?

У нядзелю, 18 лютага, на прапагандысцкім канале БТ Марыя Пятрашка паспрабавала пераканаць гледачоў у тым, што на тэлеканале «Белсат» нехта злівае запісы размоваў. У якасці прыкладу прадэманстравалі размову з прадстаўніцай кампаніі «Сумленныя людзі» Аленай Жываглод нібыта з журналісткай «Белсата». Спадарыня Пятрашка намякнула: у рэдакцыі ёсць крот, які злівае інфармацыю БТ, і крату гэтаму ўсё залічацца ў будучыні.

Што адбылося насамрэч?

Як высветлілася, Алена Жываглод сапраўды размаўляла з кімсьці. Вось толькі не з журналісткай «Белсата», а з фэйкавым акаўнтам, зробленым пад журналістку «Белсата». Прапагандысты стварылі клон акаўнту ў «Тэлеграме» нашай журналісткі, змяніўшы ў ніку ўсяго адную літару.

Чаму гэта сурʼёзна?

Стварыць фэйкавы акаўнт сапраўды не так складана. Дастаткова ведаць асобу, ейны сапраўдны акаўнт у сацсетках, падмяніць адную літару (ці лічбу), дадаць у профіль фота таго ж журналіста. Гатова! Хто хутка зразумее, калі табе раздаецца званок, што тэлефануе прапагандыст? Наўрад ці нашыя эксперты ведаюць усіх журналістаў па голасе. Выпытаць інфармацыю такім чынам не складана. Зусім нядаўна калегі з «Еўрарадыё» папярэджвалі, што хтосьці стварыў фэйкавы акаўнт рэдакцыі ў «Тэлеграме». Магчыма, дасведчаныя чытачы зразумеюць, што штосьці не так. Але калі з дзесяці чытачоў адзін не зразумее, гэта таксама трагедыя.

Калі ж прапаганда ўзялася за стварэнне фэйкавых акаўнтаў нашых журналістаў, нашых рэдакцыяў, варта быць пільнымі.

Як сябе аберагчы?

Усім нашым чытачам, гледачам і экспертам мы раім быць пільнымі. Калі штосьці выклікае ў вас сумнеў (імя журналіста, адсутнасць ранейшай з ім перапіскі), гэтую асобу варта ідэнтыфікаваць. Напішыце ў рэдакцыйны бот (сапраўдны, не фэйкавы), альбо рэдактару ці журналісту, якіх вы дакладна ведаеце, пытанне: гэта ваш журналіст? Цягам пары хвілінаў мы вам адкажам, хто з вамі спрабуе звязацца – наш журналіст ці прапагандыст з БТ? Перад тым, як тэлефанаваць, журналіст «Белсата» заўсёды вам напіша і прадставіцца.

Будзем пільнымі разам.

Каманда «Белсат» belsat.eu

Стужка навінаў