Беларускаму рэжысёру пагражае экстрадыцыя з Сербіі ў Менск. Запыт на арышт напісаў пракурор пад санкцыямі


Рэжысёра Андрэя Гнёта затрымалі ў Сербіі на запыт Інтэрполу яшчэ ў кастрычніку летась, і суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць яго ў Беларусь. 19 лютага скаргу на гэтую пастанову разгледзеў апеляцыйны суд, рашэнне яшчэ не вядомае. Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр сказала «Белсату», што цяперашнія ўлады ў Менску пераследуюць рэжысёра з палітычных прычынаў.

Рэжысёр Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

Запыт у Інтэрпол на затрыманне Андрэя Гнёта напісаў пракурор Савецкага раёну Менску Антон Загароўскі – ён ужо 13 гадоў пад санкцыямі ЕЗ. У чорны спіс службоўца залучылі за ўдзел у рэпрэсіях пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе, адзначыла ў размове з «Белсатам» дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Яна адзначыла, што Офіс абранай прэзідэнткі ведае пра справу рэжысёра амаль з самага моманту яго затрымання ў Сербіі:

«Мы ніяк не можам паўплываць на суд, але можна накіраваць характарыстыкі, хадайніцтвы, лісты падтрымання. Офіс Святланы Ціханоўскай гэта зрабіў. Таксама «BELPOL» разглядзеў гэтую справу і зрабіў выснову, што гэта сапраўды палітычна матываваны кейс. Праз адвакатаў гэта было перададзенае ў суд».

Суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць Гнёта, сёння апеляцыйны суд разгледзеў скаргу на гэтае рашэнне. Вынікі будуць агучаныя бліжэйшымі днямі.

Hавiны
Літва хоча абмежаваць дзеянні Беларусі і Расеі ў Інтэрполе
2023.11.30 13:14

«З нашага боку мы зладзілі акцыю дыпламатычнай увагі да гэтага і звярнуліся да ўсіх амбасадараў краінаў ЕЗ у Бялградзе. Стварылася нефармальная група з васьмі амбасадараў, якія назіралі за гэтым кейсам. Яны сустракаліся з адвакатамі, разбіраліся, што ўвогуле адбываецца, вялі перамовы з дзяржаўнымі органамі, напрыклад, міністэрствам юстыцыі Сербіі наконт таго, што гэта палітычная справа, што экстрадыцыі быць не мусіць», – паведаміла Рыхтэр.

Даведка
Пракурор Антон Загароўскі быў на баку абвінавачвання ў справе былога кандыдата на прэзідэнты Андрэя Саннікава ў 2011 годзе і запатрабаваў для палітыка 7 гадоў калоніі нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» каля Дому ўрада. Тады ж Загароўскі ўдзельнічаў у судзе над актывістам Васілём Парфянковым – чальцом штабу іншага кандыдата, Уладзіміра Някляева, і запатрабаваў для яго 6 гадоў калоніі нібыта за «удзел у масавых беспарадках». У 2022 годзе Парфянкоў загінуў, абараняючы Украіну ў вайне з Расеяй.

Цяперашнія ўлады ў Менску абвінавачваюць Андрэя Гнёта ў нейкім эканамічным злачынстве, але насамрэч проста выкарыстоўваюць Інтэрпол у рэпрэсіўных мэтах. Адвакат беларуса пісаў запыт у арганізацыю пра выняцце ягонага файла з увагі на палітычны пераслед.

«Натуральна, раней мы рабілі звароты ў Інтэрпол, каб давесці пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта вельмі закрытая структура, з ёй вельмі складана зарганізаваць нейкія сустрэчы. Мы спрабуем праз нацыянальныя бюро Інтэрполу ў розных краінах камунікаваць, каб даносіць інфармацыю пра Беларусь», – падкрэсліла суразмоўца «Белсату».

Яна канстатавала, што ігнараванне ўсіх запытаў на вышук ад Беларусі будзе мець наступствы: у Менску таксама перастануць затрымліваць падазраваных з базы Інтэрполу. Нашая краіна можа зрабіцца «крымінальнай гаванню», папярэдзіла Рыхтэр.

Hавiны
У Польшчы затрымалі беларуса, якога шукалі праз Інтэрпол на запыт Беларусі
2024.01.15 18:13

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Акрамя таго, паводле неафіцыйных звестак выдання «DW Беларусь», ён сузаснавальнік «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў