Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас выступу перад французскімі вайскоўцамі ў пятніцу 19 студзеня заклікаў абаронную прамысловасць краіны нарошчваць вытворчасць, каб Еўропа магла павялічыць пастаўкі зброі ва Украіну.
«Мы павінны ўзмацніць распачатую трансфармацыю, каб хутчэй рэагаваць на патрэбы Украіны ў вайне супраць Расеі. Мы не можам дазволіць Расеі думаць, што яна пераможа. <…>. Мы больш ніколі не павінны задавольвацца тэрмінамі вытворчасці, якія расцягваюцца на некалькі гадоў», – заявіў Макрон.
Паводле прэзідэнта Францыі, «перамога Расеі будзе азначаць канец еўрапейскай бяспекі».
Ад абаронных прадпрыемстваў чакаецца павелічэнне хуткасці і аб’ёмаў вытворчасці, а таксама ўкараненне інавацыяў.
Еўразвяз абяцаў Кіеву паставіць мільён снарадаў да пачатку 2024 года, аднак пакуль што, па дадзеных Еўрапарламенту, пастаўлена толькі 300 тысяч.
Летась Францыя прыняла ваенны бюджэт на 2024-2030 гады ў памеры 413 мільярдаў еўраў. Упершыню за апошнія дзесяцігоддзі краіна закладае такую суму на ваенныя расходы, раней бюджэты былі значна меншыя.
У чацвер 18 студзеня Макрон пагутарыў па тэлефоне з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Рыхтуецца візіт французскага лідара ў Кіеў. Таксама Зяленскі і Макрон дамовіліся паскорыць падрыхтоўку да падпісання дзвюхбаковай дамовы аб бяспецы.
Францыя прадставіла Украіне самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Цэзар» і стварыла фонд у памеры 200 мільёнаў еўраў, каб Украіна магла набываць абсталяванне наўпрост у французскіх вытворцаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu