Беларуска Вольга Шпарага атрымала прэмію Вальтэра за талерантнасць, міжнароднае разуменне і павагу адрозненняў. Цырымонія адбылася ў Потсдамскім універсітэце. Прэміяй узнагароджваюць з 2017 года, і ўпершыню яе атрымала прадстаўніца Беларусі.
У паведамленні Потсдамскага ўніверсітэту адзначаецца, што філосафка Вольга Шпарага – «адзін з найважнейшых публічных галасоў беларускага апазіцыйнага руху»:
«У якасці паліталагіні яна пашырае нашыя веды пра грамадзянскую супольнасць і развіццё еўрапейскай ідэнтычнасці на постсавецкай прасторы. У якасці актывісткі яна з вялікаю мужнасцю намагаецца мірнай змены ўлады ў сваёй краіне».
У Facebook Шпарага напісала, што прысвяціла сваю прамову на цырымоніі сітуацыі ў Беларусі і беларускім жанчынам:
«Спадзяюся, усё гэта ў падтрымку нашай бачнасці, як мінімум у нямецкамоўнай прасторы. І ў падтрымку ўсіх нас, пра што я і казала ў прамове».
Грашовы складнік прэміі – € 5 тысячаў.
Вольга Шпарага – аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі». Твор атрымаў у 2021 годзе прэмію імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
Шпарага – сузаснавальніца фемгрупы Каардынацыйнай рады і акадэмічная дырэктарка Офісу адукацыі для новай Беларусі.
Сцяпан Кубік belsat.eu