Чарговы «хапун», пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзіяў, новыя «экстрэмісты». Рэпрэсіі ў Беларусі 19 студзеня


Рэпрэсіўная машына рэжыму ў Беларусі не збаўляе тэмпаў – ледзь не штодня з’яўляецца інфармацыя пра новыя затрыманні і суды. Пра пераслед паводле палітычных матываў 19 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Зняволены
Здымак згенераваны нейрасеткай. Зняволены. Выява: Dall-E / Bing.com

Стала вядома, што Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі трох адвакатаў. Кваліфікацыйная камісія вынесла рашэнне аб магчымасці спынення ліцэнзіяў у дачыненні да адвакатаў Святланы Бірылавай і Антона Навіцкага. Такое рашэнне прынята праз нібыта «недастатковую кваліфікацыю адвакатаў».

Адвакат Аляксей Сакалоў пазбавіўся ліцэнзіі праз «здзяйсненне правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката».

Таксама ў рашэнні камісіі сказана аб немагчымасці выканання адвакатамі Наталляй Канода і Ігарам Рыжым сваіх прафесійных абавязкаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Адвакатка Святлана Бірылава абараняла палітзняволенага Паўла Мажэйку.

Аляксандр Цярэшчанка.
Фота: БелТА

Галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанку Аляксандра Цярэшчанку будуць судзіць за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Працэс пачнецца 29 студзеня. Аляксандру інкрымінуюць арт. 361-2 КК РБ («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). «Пакаяльнае відэа» мужчыны было паказанае ў адной з праграм Азаронка – там Аляксандр «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і рэпостах у Facebook на тэму выбараў і COVID.

У «Спіс экстрэмістаў» МУС дадаў яшчэ 37 чалавек – цяпер у ім 3723 прозвішчы. Сярод іншых, у спісе цяпер музыкі TOR BAND Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчык, дачка журналіста Змітра Лупача Святлана Лупач, маці дваіх дзяцей Жанна Волкава.

Каментар
Аляксандр Мілінкевіч аб прызнанні Вольнага ўніверсітэту «экстрэмісцкім фармаваннем»: Гэта непрыемна, але не трагічна
2024.01.19 18:34

Вольны Беларускі Ўніверсітэт прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 15 студзеня. Таксама спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» папоўніў праект «ЛУКАвица».

На ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс» адбыўся «хапун» – затрымалі адразу каля 10 супрацоўнікаў, нібыта за распаўсюд у інтэрнэце «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Hавiны
Каля 10 чалавек затрыманыя ў Шчучыне на мясцовым прадпрыемстве
2024.01.19 18:08

Суд Докшыцкага раёну за «экстрэмізм» у сацсетках пакараў 40 гадзінамі грамадскіх працаў работніка раённых электрасетак Сяргея Салянку. У мужчыны таксама канфіскавалі тэлефон. У судзе было ўстаноўлена, што Сяргей у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» «захоўваў інфармацыйную прадукцыю» «экстрэмісцкага» тэлеканалу «Белсат».

Адбылося чарговае папаўненне Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Беларусь 2.0», «БЕЛАРУСКІ ІНФАРМАЦЫЙНЫ», «Школа відэаблогера», «BY in MUC»;
  • Facebook старонкі «РОДНЫ КУТ», «Народный приговор»;
  • Старонка ва «У Кантакце» «ПОДСЛУШАНО ПИНСК»;
  • TikTok-старонкі «Беларусь якая ёсць», «free_zhlobin».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў